Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу пра вандалізм у Курапатах прыпынілі


Прыпынена расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце зьнішчэньня невядомымі шасьці памятных крыжоў у Курапатах, паведаміў БелаПАН супрацоўнік Бараўлянскага аддзела Менскага РУУС, які не пажадаў назвацца.


Паводле яго слоў, расьсьледаваньне прыпынена прыкладна тыдзень таму ў сувязі з тым, што не былі ўстаноўлены асобы, якія павіны быць прыцягнуты да адказнасьці ў якасьці абвінавачваных. Разам з тым, як адзначыў супрацоўнік міліцыі, справа будзе адноўлена ў выпадку выяўленьня асобаў, якія маюць дачыненьне да злачынства.

Справа распачата 20 красавіка па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).

У Курапатах невядомыя зламалі шэсьць мэмарыяльных крыжоў, устаноўленых прадстаўнікамі грамадзкасьці па межах урочышча. Чатыры крыжы зьнішчаны на ўсходняй ускраіне Курапат, два — на паўночнай, якая прымыкае да аўтадарогі Заслаўле— Калодзішчы. Зламаныя крыжы былі выяўлены актывістамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі — БНФ раніцай 17 красавіка. Выкліканыя на месца злачынства супрацоўнікі міліцыі правялі неабходныя сьледчыя дзеяньні, у тым ліку фотаздымкі, абмеры і апытаньні актывістаў КХП-БНФ.

Як раней паведамляў БелаПАН, 30 мая Мінскім РУУС амніставаны двое непаўналетніх менчан, абвінавачаных у зьнішчэньні памятных крыжоў у Курапатах і затрыманых на месцы злачынства 1 лістапада 2008 года грамадзкімі актывістамі Аляксандрам Макавым і Алегам Сьвірыдавым. 4 красавіка Мінскае РУУС распачало яшчэ адну крымінальную справу па факце апаганеньня 2—3 красавіка двух пахаваньняў у Курапатах. Цяпер гэта справа знаходзіцца на разглядзе ва УУС Мінскага аблвыканкама і прадоўжана да 4 ліпеня.

10 красавіка старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прапанаваў Міністэрству ўнутраных спраў арганізаваць пастаяннае пешае патруляваньне Курапатаў сіламі ваеннаслужачых воінскай часткі 3310 — другой асобнай спэцыяльнай брыгады міліцыі, што дыслякуецца ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна. Аднак УУС Мінскага аблвыканкама дало на гэту прапанову адмоўны адказ, матывуючы сваё рашэньне шэрагам аб'ектыўных прычын.

На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці міжнароднага значэньня "Месца знішчэньня ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты" , паводле розных ацэнак, пахавана ад 30 да 200 тысяч ахвяр сталінізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG