Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гедмін моцна расчараваны, як беларуская ўлада ставіцца да Курапатаў


Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэф Гедмін на заканчэньне свайго візыту ў Менск сёньня наведаў мэмарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты і ўсклаў кветкі да крыжа “Пакутнікам Беларусі”.


Экскурсію па народным мэмарыяле правяла Мая Кляшторная, якая адбыла амаль 18 гадоў у ГУЛАГу. Яна распавяла пра свайго рэпрэсаванага бацьку — паэта Тодара Кляшторнага. Спадарыня Кляшторная перакананая, што бацька ляжыць у Курапацкім лесе, хаця дакумэнтальнага пасьведчаньня аб месцы ягонага пахаваньня няма. Тодара Кляшторнага расстралялі 30 кастрычніка 1937 году, калі Маі Тодараўне было тры месяцы.

“Выжыўшы, я ніколі ня думала, што вярнуся ў Беларусь і яшчэ займуся аховай гэтага месца”.

Спадарыня Кляшторная — навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу. Яна правяла Джэфа Гедміна ад крыжа “Пакутнікам Беларусі”, дзе ён усклаў кветкі, да лавы Клінтана, супраць якой невядомымі было ўчынена як найменей 12 актаў вандалізму, і крыжоў на магілах.

“Калі было дасьледаваньне, то было бачна, што прывозілі партыямі. І тут нават не было ніякай сыстэмы. Па гэтых раскопах бачна, што некаторыя людзі нават да суду не даходзілі, да турмы. А іх везьлі адразу сюды. Таму нават запасныя чаравікі з сабой нехта меў, нейкія іншыя рэчы. Яны нават ня думалі, што яны ня тое што на суд недзе патрапяць, а тым больш у магілу. Курапацкі лес хавае праўду пра беларускую культуру. Бо тут усіх слаёў культура пакоіцца. І пісьменьнікаў, і міністраў, і простых сялянаў. Сялянская культура наогул зьнішчана. І ўкрыжаванае гэта месца нездарма. І вось якраз па гэтым месцы, дзе скрозь яміны, прайшоў газаправод. Але ўсё яшчэ працягваецца разбурэньне магілаў”.

Мая Кляшторная апавяла таксама пра змаганьне грамадзкасьці супраць будаўніцтва кальцавой дарогі праз курапацкі мэмарыял.

Наведаўшы Курапацкі лес, Джэф Гедмін падзяліўся сваімі ўражаньнямі:
тое, што вы мне расказалі пра ўладу Лукашэнкі і як яна ставіцца да гэтага месца — гэта проста займае дух, займае мову. ...

“Цяжка ўсё гэта ахапіць розумам, мяне гэта вельмі кранула і ўсхвалявала. Застаецца відавочным, але глыбокім фактам тое, што немагчыма зразумець, дзе гэтая краіна і гэтае грамадзтва знаходзяцца сёньня, калі не зразумееш гісторыю. Магчыма, гэта выглядае відавочным, калі спрабуеш пра гэта казаць, але гэта ўсё сапраўды вельмі глыбока. Мая Тодараўна была тут з намі як гід, і пачуць пра яе асабісты досьвед — пра тое, як яе бацька быў забіты ў той год, як яна нарадзілася, ці пра тое, колькі часу яны з маці правялі ў ГУЛАГу — гэта мяне ўразіла, агаломшыла. І я б мог толькі дадаць, што можна даведацца нешта пра ўладу паводле таго, як яна ставіцца да сваёй гісторыі. І тое, што вы мне сёньня расказалі пра ўладу Лукашэнкі і як яна ставіцца да гэтага месца — гэта проста займае дух, займае мову. Я моцна расчараваны, проста няма словаў...”



Цягам свайго візыту ў Менск Джэф Гедмін узяў удзел ва ўрачыстай імпрэзе да 55-годзьдзя беларускай “Свабоды”. Да падзеі быў прымеркаваны выхад 15-й кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды” — “Адзін дзень палітвязьня”. Таксама ён сустрэўся з моладзевымі актывістамі, удзельнікамі галадоўкі салідарнасьці са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, з амбасадарамі краін Эўразьвязу.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа — Радыё Свабода Джэф Гедмін упершыню прыехаў у Беларусь. Ён хацеў сустрэцца з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, але ў прэзыдэнцкай адміністрацыі паведамілі, што графік сустрэч спадара Лукашэнкі ўжо расьпісаны да верасьня. Спадар Гедмін паабяцаў зноў прыехаць у Беларусь у верасьні.








Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG