Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрэра-Вальднэр чакае выкананьня ўсіх пажаданьняў


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў гатоўнасьць адказаць на “нязручныя пытаньні” падчас сустрэчы з камісарам Эўразьвязу па замежных сувязях і палітыцы суседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр.


А.Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што спадарыня Вальднэр “не пашкадуе, што прыехала ў Беларусь”, і выказаўся за “абсалютна чэсную і шчырую размову”.

“Ёсьць палітыкі, якія лічаць што Лукашэнка вядзе нейкую гульню з Эўропай, што ён такі-сякі і ён нічога не зьбіраецца мяняць у краіне і ў стасунках з Эўропай. За ўсе гады прэзыдэнцтва я ніколі не дазволіў сабе паводзіцца нячэсна. Можа, я не падобны да дыплямата ў белай сарочцы, але лічу, што палітыка павінна мець шчыры характар. Нават калі табе сёньня нязручна, то лепш сказаць праўду, бо праз пэўны час усё роўна выявіцца хлусьня, і з сытуацыі будзе выходзіць вельмі складана”, — адзначыў А.Лукашэнка. — “Чаго мы хочам ад Эўропы? Мы хочам, каб вы разумелі, што Беларусь — ня толькі геаграфічны цэнтар гэтага кантынэнту, што тут жывуць вельмі прыстойныя, чэсныя, працавітыя людзі, што тут існуе сувэрэнная незалежная дзяржава. Гэта вялікая каштоўнасьць любога народу, і рабіць замах на сувэрэнітэт і незалежнасьць, як бы гэта некаму ні хацелася, мы дазволіць ня можам. Мы хацелі б нармальных стасункаў з эўрапейскім кантынэнтам”.

Паводле А.Лукашэнкі, Беларусь ня можа без супрацоўнцітва з Эўропай “далей разьвіваць эканоміку”. Апроч таго, “фінансавыя рэсурсы, крэдытаваньне, фінансаваньне — таксама для нас найважнейшы фактар”, перадае Інтэрфакс.

Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што гэта першы візыт эўракамісара ў Беларусь. На гэта А.Лукашэнка сказаў: “Дай Бог, не апошні”.

Паводле спадарыні Вальднэр, гэты візыт сымбалізуе наяўнасьць патэнцыялу, якія існуе ў стасунках ЭЗ зь Беларусьсю.

“Мы знаходзімся на скрыжаваньні дарог у Эўропе. Наша ўзаемадзеяньне павінна ісьці вуліцаю з двухбаковым рухам. Калі такі рух будзе з вашага боку, то патэнцыял, які існуе ў нашых стасунках, будзе рэалізаваны. Краіны-сябры ЭЗ раней зьвярнуліся да Беларусі з заклікам пра выкананьне шэрагу просьбаў. Некаторыя зь іх былі выкананы, і гэтыя крокі дазволілі эўрапейцам пераасэнсаваць свае падыходы да вашай краіны. Мы таксама вымушаны канстатаваць, што некаторыя пажаданьні ўсё яшчэ ня выкананы. Я хацела б падкрэсьліць, што калі будзе жаданьне з вашага боку, то будзе і гатоўнасьць з нашага боку наладжваць наша супрацоўніцтва”, — заявіла Б.Фэрэра-Вальднэр.


Падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым спадарыня Вальднэр адзначыла, што ацэньвае свой візыт “як вельмі важны і сымбалічны крок. Гэта першы ў гісторыі візыт эўракамісара ў Беларусь”.

С.Мартынаў заявіў пра гатоўнасьць абмеркаваць усе кірункі супрацоўніцтва з ЭЗ.

Падчас візыту бакі маюць намер абмеркаваць найперш удзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”. Чакаецца, што падчас візыту ў Менск спадарыня Вальднэр абвесьціць пра выдзяленьне Беларусі 10 мільёнаў эўра на праграму павышэньня якасьці прадуктаў харчаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG