Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісар Эўразьвязу па замежных сувязях і эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр перад сваёй паездкай у Менск адказала на некаторыя пытаньні наведнікаў сайту Радыё Свабода.


Пытаньне: Спадарыня Фэрэра-Вальднэр, некаторыя інфармацыйныя агенцтвы нядаўна працытавалі вашыя словы пра тое, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка прасіў вас прыехаць у Менск як мага хутчэй. Але ў сакавіку ён сарваў ваш заплянаваны візыт у Менск у самы апошні момант, паляцеўшы ў Армэнію. Па-вашаму, чаму яму так рупіць сустрэцца з вамі цяпер?

Фэрэра-Вальднэр: Калі трэба было прызначыць новы тэрмін маёй паездкі ў Менск, прэзыдэнт Лукашэнка і я пагадзіліся адкласьці яе на пазьней, калі ён і іншыя высокія прадстаўнікі беларускага ўраду будуць у Менску. Паколькі працоўны графік у мяне цесна запоўнены, дык можаце сабе ўявіць, што знайсьці зручную дату, якая адпавядала б усім, было немалым выклікам. Але я задаволеная, што нам гэта ўрэшце ўдалося, і я зь нецярплівасьцю чакаю сваёй паездкі ў Менск.

Пытаньне: Лукашэнка прызнаўся ў нядаўнім інтэрвію для расейскіх СМІ, што падчас сустрэчы са спадаром Хавіерам Салянам у Менску ў лютым, ён запытаўся ў высокага прадстаўніка Эўразьвязу, ці Эўразьвяз "гатовы замяніць Расею" для Беларусі. Спадар Саляна, паводле беларускага прэзыдэнта, адказаў "не". Калі Лукашэнка запытае вас, што Эўразьвяз можа зрабіць для Беларусі цяпер, калі яе адносіны з Расеяй становяцца штораз больш напружаныя, што вы адкажаце?

Эўразьвяз не гуляе ў гульні з нулявой сумай, і што тут не ідзе пра выбар адной краіны перад другой. Мы так не паступаем, паколькі мы верым, што трэба весьці адкрыты дыялёг з усімі нашымі партнэрамі, так што тут ніколі ня будзе выбару — або Расея, або Эўразьвяз
Фэрэра-Вальднэр:
Я паўтару тое, што ўжо гаварыла шмат разоў: Эўразьвяз мае мноства прапановаў для Беларусі. Калі Беларусь вырашыць ісьці далей па шляху рэформаў да большай дэмакратычнасьці і павагі да правоў чалавека ды да большай адкрытасьці, Эўразьвяз гатовы адказаць на гэта станоўча і дапамагчы Беларусі, дзе толькі зможа. Усе прывілеі, якія прапануюць нашы Эўрапейская палітыка суседзтва і Ўсходняе партнэрства, безумоўна, могуць стаць даступнымі і для Беларусі. Аднак я хацела б скарыстаць гэтую нагоду, каб падкрэсьліць, што Эўразьвяз не гуляе ў гульні з нулявой сумай, і што тут не ідзе пра выбар адной краіны перад другой. Мы так не паступаем, паколькі мы верым, што трэба весьці адкрыты дыялёг з усімі нашымі партнэрамі, так што тут ніколі ня будзе выбару — або Расея, або Эўразьвяз. Беларусь патрабуе добрых адносінаў як з адным бокам, так і з другім.

Пытаньне: Якія палітычныя рэформы Беларусь павінна зрабіць у першую чаргу, каб даказаць, што яна на правільнай дарозе і што яна адпавядае патрабаваньням Усходняга партнэрства?

Фэрэра-Вальднэр: На працягу апошняга году мы былі сьведкамі пэўнага прагрэсу ў Беларусі, які праявіўся ў вызваленьні палітычных вязьняў, кансультацыях паміж Беларусьсю і БДІПЧ па рэформе выбарчага працэсу, вяртаньні дзьвюх незалежных газэтаў ("Народнай Волі" і "Нашай Нівы") у кіёскі і першай сустрэчы з грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй дзеля абмеркаваньня будучыні Беларусі. Гэта былі вельмі станоўчыя крокі, але мы ставім справу ясна: трэба зрабіць значна больш, і Беларусь мае перад сабою доўгую дарогу. Мы хочам бачыць больш прагрэсу ў такіх сфэрах як свабода СМІ, недзяржаўныя арганізацыі (іх рэгістрацыя мусіць быць лягчэйшая і ўмовы працы лепшыя), грамадзянская супольнасьць (яна павінна мець права на выказваньне сваіх поглядаў без перасьледу і арыштаў). Беларусь таксама павінна вызваліць усіх палітычных вязьняў. Мы шчыра хочам бачыць Беларусь як паўнапраўнага партнэра ў Эўрапейскай палітыцы суседзтва і Ўсходнім партнэрстве, а таму, натуральна, мы гатовыя — па меры нашых магчымасьцяў — падтрымаць Беларусь, калі яна захоча правесьці патрэбныя рэформы.

Пытаньне: Шмат хто зь дзеячоў беларускай апазыцыі моцна расчараваны фактам, што Эўразьвяз узнавіў афіцыйныя адносіны зь беларускім рэжымам у рамках Усходняга партнэрства, не чакаючы нейкага істотнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ці істотнага прагрэсу ў бок дэмакратызацыі краіны. Ці вы прадбачваеце нейкую ролю для беларускай апазыцыі ў рамках Усходняга партнэрства?

Беларусь зрабіла некалькі станоўчых крокаў за апошні год, і ў гэтым кантэксьце я вітаю станоўчы водгук беларускага ўраду на нашу прапанову пачаць дыялёг аб правах чалавека
Фэрэра-Вальднэр:
Як я толькі што сказала, Беларусь зрабіла некалькі станоўчых крокаў за апошні год, і ў гэтым кантэксьце я вітаю станоўчы водгук беларускага ўраду на нашу прапанову пачаць дыялёг аб правах чалавека — першая сустрэча толькі што адбылася. Мы ўсьведамляем сабе, што сытуацыя ў Беларусі далёкая ад дасканалай, але я шчыра веру, што ангажаваньне гэтай краіны — найлепшы спосаб, каб ісьці наперад. Таму мы запрасілі Беларусь узяць удзел у шматбаковым вымяраньні Ўсходняга партнэрства. Але паставім справу ясна: крокі насустрач Беларусі з боку Эўразьвязу будуць зробленыя толькі тады, калі яна пераканаўча дакажа сваю адданасьць прасоўваньню да дэмакратыі і асноўных свабодаў.

Ініцыятыва Ўсходняга партнэрства можа выдатна дапамагчы Беларусі выйсьці зь яе ізаляцыі. Шматбаковае вымярэньне Ўсходняга партнэрства дасьць Беларусі нагоду паглыбіць яе адносіны з рэгіянальнымі партнэрамі ў шмат якіх галінах. Ініцыятыва прадбачвае чатыры тэматычныя плятформы, у якіх Беларусь можа ўдзельнічаць; у прыватнасьці, адна зь іх датычыць дэмакратыі, добрага кіраваньня і стабільнасьці.

Усходняе партнэрства створыць новы Грамадзянскі форум, які дасьць грамадзянскай супольнасьці адкрытую магчымасьць пастаяннага пераказу экспэртных ацэнак і меркаваньняў адносна працэсу Ўсходняга партнэрства. Беларуская апазыцыя актыўна ўдзельнічала ў канфэрэнцыі "Усходняе партнэрства: на шляху да форуму грамадзянскай супольнасьці" ў Празе, напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства 7 траўня.

Пытаньне: Усе ў Беларусі пытаюцца, чаму беларусы плацяць 60 эўра за шэнгенскую візу, а расейцы і ўкраінцы ўсяго 35 эўра. Хто вінаваты ў гэтым — Брусэль ці Менск? Пры якіх умовах Эўразьвяз можна зьменшыць кошт візаў для беларусаў?

Ніхто ў гэтым не вінаваты — справа проста ў тым, што з Украінай і Расеяй у нас ёсьць гэтак званыя пагадненьні аб аблягчэньні візавага рэжыму і вяртаньні нелегальных мігрантаў, а зь Беларусьсю няма
Фэрэра-Вальднэр:
Ніхто ў гэтым не вінаваты — справа проста ў тым, што з Украінай і Расеяй у нас ёсьць гэтак званыя пагадненьні аб аблягчэньні візавага рэжыму і вяртаньні нелегальных мігрантаў, а зь Беларусьсю няма. Я разумею, што гэта надзвычай важнае пытаньне для Беларусі і яе грамадзянаў. Калі б Беларусь стала паўнапраўным удзельнікам Эўрапейскай палітыкі суседзтва — і, адпаведна, удзельнікам двухбаковага вымярэньня Ўсходняга партнэрства — мы маглі б пачаць перамовы аб такіх пагадненьнях. Гэта, вядома, залежала б ад выразнага прагрэсу на шляху да дэмакратызацыі, павагі да правоў чалавека і прававой дзяржавы.

Пытаньне: На заканчэньне пытаньне лягчэйшага калібру. Калі вы чуеце слова "Беларусь", якія асацыяцыі прыходзяць вам да галавы ў першую чаргу? Гэта "Лукашэнка", "дыктатура", ці яшчэ нешта іншае?

Фэрэра-Вальднэр: Беларусь — гэта краіна з багатай гісторыяй і культурай, і з жыцьцярадаснай моладзьдзю. Таму я перш за ўсё думаю пра маладую, дынамічную будучыню, якая ляжыць перад Беларусьсю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG