Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка будзе прасіць грошай у Фэрэра-Вальднэр”


Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка папрасіў эўракамісара па зьнешніх сувязях Бэніту Фэрэра-Вальднэр наведаць Беларусь “як мага хутчэй”. Пра гэта эўракамісар заявіла журналістам пасьля заканчэньня першага дня міністэрскай сустрэчы Эўразьвязу. Яна адзначыла, што мае намер паўтарыць пазыцыю Эўразьвязу і падкрэсьліць, што Зьвяз хацеў бы, каб беларускі бок пачаў дыялёг з ЭЗ, як толькі зможа. Сустрэча з Лукашэнкам прызначаная на 22 чэрвеня ў Менску.

Чаму кіраўніцтва Беларусі прысьпешвае візыт Фэрэра-Вальднэр? Гутарка з палітолягам Ігарам Ляльковым.

Дашчынскі: “Нагадаем, што візыт у Менск эўракамісара па зьнешніх сувязях некалькі разоў адкладаўся, што даволі нетыпова для чыноўніка такога рангу. Былі тлумачэньні, што гэта зьвязана зь перагружаным графікам эўракамісара. Таксама Аляксандар Лукашэнка напярэдадні яе плянаванага прыезду ў Менск нечакана накіраваўся ў Армэнію, і сустрэчу адклалі. Чаму ж цяпер Лукашэнка выказвае зацікаўленасьць у тым, каб спадарыня Вальднэр прыехала як найхутчэй?”

Лялькоў: “Гэта водгалас таго, што адбылося ў дачыненьнях з Расеяй за апошнія дні. Я думаю, Лукашэнку важна прадэманстраваць Расеі, што за ім стаіць Эўропа. І, магчыма, вытаргаваць ад Эўразьвязу нейкія канкрэтныя абяцанкі, каб прадэманстраваць, што ён моцны, што ён гатовы ісьці да канца. І што за ім стаіць Эўразьвяз. У першую чаргу вось гэтая прычына. Паўплывала сытуацыя ў стасунках з Расеяй. Прычым сытуацыя раскручваецца, і
Якія эканамічныя наступствы сытуацыя будзе мець для Беларусі, калі зараз ня будзе экстранай дапамогі з боку Эўразьвязу, нават цяжка прадбачыць.
якія эканамічныя наступствы гэта будзе мець для Беларусі, калі зараз ня будзе экстранай, тэрміновай дапамогі з боку Эўразьвязу, нават цяжка прадбачыць. Здаецца, сытуацыя насамрэч вельмі цяжкая”.

Дашчынскі: “Аднак жа Бэніта Фэрэра-Вальднэр неаднаразова падкрэсьлівала, што чакае ад афіцыйнага Менску далейшых канкрэтных крокаў у напрамку да дэмакратыі, павагі правоў чалавека і незалежных мэдыяў. Наколькі ўлады Беларусі гатовыя пайсьці далей у гэтым напрамку?”

Лялькоў: “Я думаю, што гэта будзе прадметам вялікага торгу. Менску зараз патрэбныя грошы — дастаткова вялікія і дастаткова хутка. Калі з боку ЭЗ будзе абяцанка менавіта вялікіх грошай і даволі хутка, то ў сёньняшняй сытуацыі Менск будзе гатовы пайсьці дастаткова далёка ў выкананьні патрабаваньняў Эўразьвязу.

Я думаю, што за дастаткова вялікія грошы ён будзе гатовы зрабіць гэтыя крокі. Інакш ён
Рэжым можа страціць уладу ў зьвязку з эканамічным крызісам нашмат хутчэй, чым у сувязі зь нейкімі палітычнымі саступкамі.
можа страціць уладу ў зьвязку з эканамічным крызісам нашмат хутчэй, чым у сувязі зь нейкімі палітычнымі саступкамі.

Менску нейкія канкрэтныя абяцаньні Эўразьвязу вельмі патрэбныя зараз — з дня на дзень. Тое, чаго чакае Лукашэнка — гэта прапановы, зьвязаныя з грашыма, магчыма, нейкімі буйнымі інвэстыцыямі, большым адкрыцьцём эўрапейскага рынку для беларускіх тавараў. Беларусь будзе прасіць пашыраных квотаў на малочную прадукцыю. Гэта будзе адным з пытаньняў, якія будуць абмяркоўвацца”.

Дашчынскі: “А што на гэты момант, як можна ацаніць выкананьне афіцыйным Менскам тых 12-ці ўмоваў Эўразьвязу?”

Лялькоў: “Вялікага прагрэсу, прынамсі глыбіннага прагрэсу, у гэтым няма. Усё больш на вэрбальным узроўні, на ўзроўні абяцанак. Але сытуацыя зараз складаецца такім чынам, што бачыцца рэальны шанец дастаткова далёка адцягнуць Менск ад Масквы ў бок Эўразьвязу. І я думаю, што гэты шанец цяпер спрабуюць скарыстаць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG