пятніца, 10 лютага 2012, Менск 10:07

Культура

Хто адкажа за зрыў хрысьціянскага фэстывалю ў Барысаве?

Улады Барысава забаранілі першы міжканфэсійны фэстываль хрысьціянскай музыкі. Плянавалася, што ён будзе праходзіць у цэнтральнай частцы гораду пад намётавым дахам. Фэстываль меўся распачацца а 17 гадзіне сёньня, 16 верасьня, і скончыцца ў нядзелю, 21 верасьня. Аднак перад самым пачаткам імпрэзы чыноўнікі барысаўскага райвыканкаму паведамілі прысутным, што духоўная музычная імпрэза адмененая.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

На адкрыцьцё фэстывалю сабралася каля паўтары тысячы чалавек, але за 10 хвілін да адкрыцьця перад прысутнымі выступіла чыноўніца ідэалягічнага аддзелу і паведаміла, што фэстываль не адбудзецца, бо дазвол на яго правядзеньне “страціў юрыдычную моц”. Вось як гэтую фармулёўку пракамэнтаваў старшыня райвыканкаму Барысава Васіль Дылюк:

“Яны цалкам парушылі, нічога не далі: ні тое, што там правапарадак не парушаны, што там будуць прыбраныя пляцоўкі пасьля імпрэзы — там нічога няма. А мы, лапухі, усё гэта прапусьцілі, а гэта так не арганізоўваецца. І ўвогуле, я зараз заняты, папраўдзе кажу”.

Арганізатарамі фэстывалю духоўнай музыкі выступілі прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай канфэсіяў. Плянавалася, што ўдзел у ім прымуць каля сотні музыкаў і сьпевакоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Адзін з арганізатараў паведаміў, што вэрсіяў забароны канцэрту ў іх некалькі:

“Тут шмат розных вэрсіяў: было тэлефанаваньне з аблвыканкаму — адмяніць, забараніць. Нібыта перасьцерагаліся таго, што некаторыя апазыцыйныя палітыкі выкарыстаюць гэта як трыбуну і выступяць тут. Такая вось нефармальная інфармацыя хадзіла”.

На адкрыцьцё фэстывалю прыйшлі ня толькі жыхары Барысава, але і людзі зь іншых гарадоў Беларусі. У тым ліку — лідэр аргкамітэту дзеля стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец. Вось як ён пракамэнтаваў здарэньне:

“Зараз некалькі сотняў чалавек разыходзяцца з гэтага вялізнага намёту, які быў пабудаваны адмыслова для фэсту. Тут вельмі шмат вернікаў розных пратэстанцкіх, каталіцкіх і праваслаўных цэркваў, жыхары Барысава. Натуральна, што людзі незадаволеныя, яны перапытваюць і ў арганізатараў, і ў міліцыі, што здарылася, але ніхто нічога ўцямнага ня можа сказаць. І сапраўды, мне падаецца, што гэтае рашэньне райвыканкаму — гэта атмасфэра страху, які пануе зараз у Беларусі і ў Барысаве, у прыватнасьці. Перад выбарамі ўлады баяцца ўсяго, нават уласнага ценю”.