Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль хрысьціянскай музыкі ў Барысаве


Сёньня ў Барысаве пачынаецца фэстываль хрысьціянскай музыкі. Яго арганізатарамі выступаюць прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай цэркваў. Удзел у імпрэзе возьмуць каля сотні музычных калектываў і выканаўцаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Гэта першы ў Беларусі музычны фэстываль духоўнай музыкі, які арганізоўвае не адна рэлігійнай канфэсія, а лідэры ўсіх хрысьціянскіх цэркваў Барысава, кажа адзін з арганізатараў Яўген Гурыновіч:

“У Барысаве ўжо шмат год лідэры цэркваў зьбіраюцца разам, каб разам маліцца і абмяркоўваць надзённыя праблемы, уплываць на сытуацыю ў горадзе. Я думаю, праз тое, што яны зьбіраліся разам, маліліся, і выпрацавалася такое адзінства і жаданьне зрабіць нешта супольнае для гораду”.

У праграме фэстывалю тры штодзённыя праграмы: для дзяцей, дарослых і моладзі. Удзел у імпрэзе прымуць выканаўцы з усяе Беларусі, у тым ліку гурты “Небасхіл”, “Радаўніца”, сьпявачка Алеся Ўнукоўская, барды Андрэй Мельнікаў і Алесь Камоцкі ды многія іншыя, кажа яшчэ адзін з арганізатараў Аляксандар Касьцюк:

“Удзельнікаў фэстывалю будзе больш за сотню. А гасьцей у кожнай праграме ня менш, чым дзьвесьце. Вядома, усё гэта вернікі. Таму будуць малітвы, будзе слова, будзе ўсё тое, што ёсьць у цэрквах”.

Паводле спадара Касьцюка, дазвол уладаў Барысава на канцэрты ў цэнтры гораду не без праблемаў, але атрымаць удалося. Імпрэзы агульнадаступныя і пройдуць пад намётавым дахам.

“Такі фэстываль патрэбны, каб паказаць адзінства, каб паказаць пласт хрысьціянскай культуры і музыкі, – гаворыць Яўген Гурыновіч. – Унікальнасьць фэстывалю ў тым, што ўсе канфэсіі сабраліся разам, каб распавесьці людзям пра вялікага Бога, у якога мы паверылі”.

Фэстываль хрысьціянскай музыкі ў Барысаве пачынаецца сёньня а 17-й гадзіне. Канцэрты будуць праходзіць з 14-й да 21-й гадзіны цягам шасьці дзён, а завершыцца імпрэза ў нядзелю, 21 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG