Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве прагучала “Беларуская імша” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Працягваецца XVI фэстываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Сёньня ўвечары ў касьцёле сьвятога Станіслава ўпершыню прагучала літургія “Беларуская імша”. Яе напісаў кампазытар з Санкт-Пецярбургу Ігар Маціеўскі. Гэтым музычным творам ўшаноўвалі памяць Віктара Роўды, які на працягу пятнаццаці гадоў старшыняваў у журы конкурснай праграмы, а таксама прафэсара-музыказнаўцы Гая дэ Пікарда, аднаго з заснавальнікаў фэстывалю і яго апекуна.

Літургію “Беларуская імша” Ігару Маціеўскаму прапанаваў напісаць пробашч-дэкан магілёўскага касьцёлу сьвятога Станіслава айцец Раман Факсінскі. “Беларускую імшу” спадар Маціеўскі пісаў два гады. Сёньня яна прагучала ў касьцёле сьвятога Станіслава ўпершыню.

“Гэта літургічны цыкль. Там васямнаццаць часьцін. Уступная частка называецца “На Беларусі Бог жыве” – на вершы Караткевіча. А апошняя частка на аснове гімну “Магутны Божа”. Там ёсьць псальмы на вершы Максіма Багдановіча. Гэты твор, як і ўвесь фэстываль, аб’ядноўвае хрысьціянаў. Там ёсьць і чыста каталіцкія такія заходнія рэчы, але ёсьць і зьвязаныя з усходнімі традыцыямі”, – кажа аўтар “Беларускай імшы” Ігар Маціеўскі.

Неўзабаве “Беларуская імша” пройдзе незалежную каталіцкую экспэртызу для таго, каб пасьля яе можна было выкарыстоўваць падчас набажэнстваў.

“Мы дужа зацікаўленыя, каб была наша першая беларуская імша. Бо імша сьвятая ёсьць, толькі для літургіяў патрэбныя таксама творы. Кожны народ мае сваю імшу, чаму мы павінны быць сіротамі”, – кажа айцец Раман.

Ігара Маціеўскага натхнілі на напісаньне імшы Віктар Роўда ды Гай дэ Пікарда. Сёньня ў іхны гонар яна гучала ў касьцёле. Ушанаваць памяць заснавальнікаў фэстывалю прыйшлі яго ўдзельнікі, госьці, а таксама вернікі праваслаўнай і каталіцкай канфэсіі – блізу трохсот чалавек.

У 1993 годзе праваслаўнаму Віктару Роўду магілёўскія каталікі прапанавалі старшыняваць у журы конкурсу першага тады фэстывалю духоўнай хрысьціянскай музыкі “Магутны Божа”. Прапанову ён прыняў. Цягам наступных пятнаццаці гадоў харавы дырыжор, прафэсар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужаны артыст Беларусі Віктар Роўда ня толькі старшыняваў у журы, але й апекаваўся самім фэстывалем.

Пра Віктара Роўду згадвае адна з заснавальніц фэстывалю, магілёўская журналістка Алена Барысава:

“Бяз Роўды немагчыма было ўявіць выкананьне “Магутнага Божа”. Я згадваю момант, калі Віктар Уладзімеравіч са сьлязьмі на вачах сказаў: “Гэта цяжка”, – пасьля таго, як адзін раз яго не запрасілі на сцэну, каб ён прадырыжыраваў гэты гімн”. На адным з фэстываляў такое здарылася. І ён тады лічыў, што для яго гэта найбольшая абраза”.

Сёлетні фэстываль першы бязь Віктара Роўда. Ён памёр летась сямнаццатага лістапада.

Заснавальнікам і апекуном фэстывалю быў і ангельскі дасьледчык беларускай гісторыі і культуры Гай дэ Пікарда. У 1979 годзе ён выдаў зборнік духоўнай і рэлігійнай музыкі “Беларускі сьпеўнік”.

Пробашч-дэкан касьцёлу сьвятога Станіслава айцец Раман Факсінскі кажа, што фэстываль яшчэ не прызвычаіўся жыць бяз Гая дэ Пікарда:

“Калі мы зразумеем, што сапраўды яго няма, тады зразумеем, кім ён быў для нас. Я яго шаную за любоў да Беларусі, да нашай краіны. Ён любіў музыку. Яе ён шукаў па вёсках, усё запісваў, публікаваў сшыткі. Хацеў гэта захаваць для будучыні”.

Гай дэ Пікарда памёр 21 красавіка летась на 76-м годзе жыцьця ў Лёндане.

Віктар Роўда ды Гай дэ Пікарда застануцца ў гісторыі фэстывалю “Магутны Божа” людзьмі, дзякуючы намаганьням якіх ён працягвае быць народным фэстывалем.
XS
SM
MD
LG