Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Глобус: Могілкі — наша пэрспэктыва, і гэта трэба разумець


Адам Глобус: Могілкі – наша пэрспэктыва, і гэта трэба разумець
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:15:37 0:00
Наўпроставы лінк

На Дзяды людзі ідуць на могілкі да сваякоў, каб прыбраць магілы і паставіць зьнічы. Гэты абрад больш патрэбны жывым, чым мёртвым, бо гэта абрад ачышчэньня праз памяць аб продках. А таксама надзея, што некалі і на іхнія магілы прыйдуць нашчадкі. Але чаму тады ў Беларусі так шмат недагледжаных могілак? Хто павінен узяць на сябе адказнасьць за іх упарадкаваньне? А мо беларусы ўвогуле ня ўмеюць належна шанаваць памяць пра памерлых? Над гэтымі пытаньнямі разважае старшыня Менскага гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня «Кальварыя», пісьменьнік і мастак Уладзімір Адамчык (Адам Глобус).

Фрагмэнт перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Я хацеў бы пачаць нашу размову з прыватнага, асабістага. Наколькі Дзяды важныя для вас? Як вы звычайна адзначаеце іх? Наведваеце могілкі, прыбіраеце магілы сваякоў? Сёлета ўжо наведалі іх?

Уладзімір Адамчык: У маёй сям’і гэты дзень зьвязаны з днём нараджэньня майго бацькі. Менавіта 1 лістапада нарадзіўся мой бацька. Да гэтага дня мы заўсёды рыхтаваліся. Гэта быў бацькоўскі дзень.

Ракіцкі: Удакладню: бацька Ўладзіміра — клясык беларускай літаратуры, празаік Вячаслаў Адамчык.

Адамчык: Так, гэта быў бацькоўскі дзень, і адпаведна — дзень сваякоў. І цяпер, калі няма бацькі, я заўсёды рыхтуюся да гэтага дня, помню пра яго. У гэтым годзе я ўжо зьезьдзіў на сваю радзіму — у Койданава. Пагаварыў са сваякамі, быў на могілках. Нават мы ўжо склаліся на новыя помнікі. Будзем ставіць новыя, бо тыя, пастаўленыя яшчэ ў 1970-я гады дзеду Броніку і бабе Ядзі, разваліліся ўжо амаль што цалкам.

Ракіцкі: Шанаваньне продкаў у вас закладзенае зь дзяцінства? У вашай сям’і гэта заўсёды было каштоўнасьцю? Быў жа савецкі час, за якім усё, што тычылася рэлігіі ці традыцыйных абрадаў, паганскіх уяўленьняў, ня тое што не ўхвалялася, а і выкарчоўвалася...

Адамчык: Так. У Савецкім Саюзе гэта ўсё зусім не шанавалася, бо стваралі савецкага чалавека. А савецкі чалавек, ясна ж, не паміраў, ён жыў вечна. А тыя, што паміралі, калі «отряд не заметил потери бойца», нічога ня значылі, яны, так бы мовіць, былі на вельмі нізкім, малакультурным, кепскім узроўні. Але ў нашай сям’і заўсёды шанавалі магілы сваякоў. Магчыма, таму, што частка з нас былі каталікамі, а ў каталікоў рытуал лепш прапісаны. Касьцёл больш па-чалавечы ставіцца да могілак.

Ракіцкі: Вы былі адным зь лідэраў легендарнага таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Менавіта «Тутэйшыя» 1 лістапада 1987 году наладзілі ў Менску першае публічнае адзначэньне Дзядоў. «Тутэйшыя» надалі народнаму абраду палітычнае гучаньне, калі ля помніка Янку Купалу быў прачытаны доўгі сьпіс рэпрэсаваных пісьменьнікаў, людзей мастацтва, навукі, адукацыі. Чаму?

Адамчык: Самае асноўнае для мяне, што на тым мітынгу было, гэта тое, што ўпершыню прагучала слова «генацыд». І тады ўзьнікла палеміка, ці быў генацыд беларускага народу? Я лічу, што ён быў, і мы ўсе, «тутэйшыя», лічылі, што ён быў. А ўвогуле ў маім стаўленьні да могілак, Дзядоў ёсьць вельмі асабісты факт. Дом у Койданаве, дзе я нарадзіўся, дзе праходзіла маё дзяцінства, дзе жылі мае дзед з бабай, стаяў паміж трох могілак. І пад нашымі вокнамі праносілі нябожчыкаў. Таму я сьмерць успрымаю як цалкам натуральны працэс.

Ракіцкі: А можа, ад таго, што ў Беларусі многія гарады збудаваныя літаральна на могілках, і ўзьнікаюць для яе народу шматлікія навалачы, няшчасьці? Вось Менск. Раён каля парку Чалюскінцаў збудаваны на могілках, Старажоўка...

Могілкі, як і помнікі, разбураюцца. Жыцьцё ёсьць жыцьцё. Але чалавек да гэтага павінен ставіцца з павагай, піетэтам

Адамчык: ...І габрэйскія могілкі на Сухой. Таму ў свой час, калі мне прапанавалі стварыць і ачоліць грамадзкае аб’яднаньне «Кальварыя» дзеля аховы могілак і мэмарыялаў, я пагадзіўся. Мы сочым за тым, што ў нас адбываецца з могілкамі, у якім яны стане, дзе патрэбная грамадзкая думка, грамадзкае назіраньне, грамадзкая дапамога ў гэтым пытаньні. Могілкі, як і помнікі, разбураюцца. Жыцьцё ёсьць жыцьцё. Але чалавек да гэтага павінен ставіцца з павагай, піетэтам. Ні ў якім разе не будаваць на могілках дамы, як гэта, напрыклад, адбылося ў Дзяржынску, на маёй радзіме, калі яшчэ не прайшло нават і дваццаці гадоў пасьля апошняга пахаваньня, а проста на магілы паставілі дамы. Гэта, канечне, страшнавата. І я лічу, што трэба рабіць рэформу ў гэтай праблеме. Могілкі — гэта наша пэрспэктыва, і гэта мы як людзі павінны разумець. Пазытыў пазытывам, жыцьцярадаснасьць жыцьцярадаснасьцю, але мы павінны ведаць, што свой спачын мы знойдзем у такім месцы. І яно павінна быць акуратным, прыгожым, дагледжаным і рэглямэнтаваным.

Ракіцкі: Чаму ў Беларусі так шмат занядбаных могілак? Чаму беларусы ня ставяцца да гэтай, як вы кажаце, пэрспэктывы з пэўнай трымтлівасьцю, з адказнасьцю?

Адамчык: Гэта не беларусы ня ставяцца. Беларусы якраз ставяцца. Справа ў тым, што ў нас ёсьць савецкая спадчына. Саветы ігнаравалі каштоўнасьці сямейныя, асабістыя. Яны, адпаведна, ігнаравалі і могілкі. Таму ставілі помнікі невядомаму салдату зь невядомым прозьвішчам. А чалавек з прозьвішчам, чалавек жывы, нармальны ігнараваўся. Цяпер, калі ў нас ужо дзяржава новая і мы хочам па-свойму, па-беларуску зрабіць традыцыю пахаваньня, ясна, што мы гэтага невядомага салдата паціху адсунем, і наша асабістае, сямейнае зойме сваё месца.

Ракіцкі: Хто павінен займацца могілкамі? Перадусім у вёсках, у мястэчках? У Менску яшчэ сюды-туды... Хто павінен добраўпарадкаваць іх? Самі людзі талакою, ці ўлады, тыя ж сельсаветы?

Калі ты ня хочаш браць зброю ў рукі, дык вазьмі ў рукі рыдлёўку і акуратна дапамажы людзям справіць пахавальны рытуал

Адамчык: Калі я ствараў гэтую арганізацыю «Кальварыя», дык напісаў плян. У ім я зазначыў, што ўпарадкаваньнем могілак павінна займацца Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Сьмерць — гэта ўсё ж надзвычайная сытуацыя. Чалавек трапляе ў стрэс, калі зь ёй сутыкаецца. Адпаведна, бандыты, розныя крымінальныя элемэнты, махляры ведаюць, што чалавек слабы ў такой сытуацыі, і спрабуюць зь яго выцягнуць сродкі. Я лічу, што ў войску павінна быць альтэрнатыўная служба. Калі ты ня хочаш браць зброю ў рукі, дык вазьмі ў рукі рыдлёўку і акуратна дапамажы людзям справіць пахавальны рытуал. Дзеля гэтага павінны быць створаныя спэцыяльныя войскі, якія па ўсёй Беларусі павінны адказваць за могілкі. Павінна быць яшчэ і зьменена заканадаўства. Трэба ўвесьці законы ў справе рытуалаў і пахаваньняў. Кожны чалавек мае права на маленькі, акуратны помнік.

Ракіцкі: Вы з гэтымі сваімі прапановамі грукаліся ў дзьверы высокіх кабінэтаў?

Адамчык: Як пісьменьнік і як старшыня аб’яднаньня «Кальварыя» я пісаў лісты ў розныя інстанцыі, але пакуль ніякіх водгукаў на мае прапановы няма. У дзяржавы на сёньняшні дзень не дайшлі рукі. Калі мне трэба было падхаваць прах маці ў магілу бацькі на Кальварыйскіх могілках Менску, я, старшыня гэтай арганізацыі, якога ўсе ведаюць, шукаў службу, якая мне дапамагла б гэта зрабіць, і мне адказалі, што могуць выдаць толькі рыдлёўку — і хавай сам. Добра, што мне далі рыдлёўку штыкавую, а ня шуфэль.

Ракіцкі: Вы самі часта думаеце пра сьмерць?

Адамчык: Так, так! Таму што я лічу, што сьмерць — адна з асноўных частак жыцьця. Гэтую яркую зьяву ў нашым жыцьці не абмінеш. Пра гэта трэба помніць.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG