Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Ўгрыновіч: Мастацтвам можна зарабляць на жыцьцё, калі адчуваеш, што патрэбна людзям


Як кавалак гліны становіцца творам мастацтва, які пазначаны густам, фантазіяй, сьветабачаньнем аўтара? У чым нацыянальная адметнасьць беларускай керамікі? Ці запатрабаваная аўтарская мастацкая кераміка ў сучаснай Беларусі — людзьмі, дзяржавай? Які яе рынак? І ці можна зарабляць на жыцьцё мастацтвам? На гэтыя пытаньні адказвае мастачка, керамістка Вольга Ўгрыновіч.

Фрагмэнты перадачы

— Перапрашаю вас, Вольга, але не магу перамагчы сваю натуральную, як мне падаецца, цікаўнасьць. Гляджу на вашы рукі, якія штодзень шмат разоў датыкаюцца да гліны. Мне заўсёды здавалася, што ў кераміста яны заўсёды шурпатыя, пакалечаныя. Як удаецца захаваць прыгажосьць рук?

— Рукі сапраўды самы галоўны інструмэнт у кераміста. Усё ж ад рукі. І рукі насамрэч у мяне вельмі моцныя. А далей генэтыка — такія ўжо маленькія атрымаліся. Мой бацька, таксама кераміст, калі я ўжо вучылася на першым курсе Акадэміі мастацтваў, жартаваў, што да пятага курсу ў мяне рукі падрастуць і будуць вялікія. Але ня вырасьлі.

— Вы, напэўна ж, вельмі любіце гліну, і таму дотык да яе пяшчотны...

— Тут узаемная любоў. Інакш нельга працаваць з гэтым матэрыялам. Ён вельмі капрызны і патрабуе вельмі далікатнага да сябе стаўленьня.

— А ўвогуле — што ёсьць гліна для вас? Як набывае яна ў вашых руках такую прыгажосьць?

— Гэта такі і аб’ект, і мэтад самавыражэньня. З аднаго боку, гэта вельмі падатлівы, мяккі матэрыял. А з другога, у гліны вельмі моцны характар. Гэта як мае рукі — маленькія, але моцныя...

— Вы маеце ўласны бізнэс. Вы ўжо ня проста адна, сама робіце нейкі адзінкавы кубачак. У вас ужо свая, хай і ня вельмі вялікая, але вытворчасьць. Як вы сталі бізнэсоўкай? І наколькі амбітныя, вялікія вы ставіце перад сабою мэты ў гэтым кірунку?

— Мэты я стаўлю перад сабой, хутчэй, не як бізнэсвумэн, а як чалавек творчы, як мастак.І мэты вялікія, бо хочацца, так бы мовіць, падрасьціць наш спажывецкі рынак да мастацкага, сапраўднага, высокагустоўнага ўзроўню.

— Цяжка ў Беларусі весьці вось такі спэцыфічны бізнэс? Гэта ж ня хлеб пячы...

— Ня тое што цяжка, а неверагодна цяжка...

— А ў чым гэтыя цяжкасьці? Яны пераадольныя?

— Ведаеце, я сама зьдзіўляюся, калі гляджу на свой шлях. Ён індывідуальны, ён ня проста складаны. Мае бацькі памерлі, і мне давялося ўсё-ўсё рабіць самой ад самага пачатку і да сёньняшняга дня. Не магу нават зразумець, як я ўсе цяжкасьці перамагла. А ўвогуле ў Беларусі дзе-нідзе нешта адбываецца і даволі пасьпяхова рухаецца наперад.

— Марыце адчыніць свой уласны салён дзеля продажу сваёй аўтарскай мастацкай керамікі?

— Безумоўна, мару пра гэта.

— Вельмі часта ў Беларусі мастакі плачуць, што іхным родам дзейнасьці, творчасьцю ў Беларусі немагчыма зарабіць на жыцьцё. Дык ці магчыма пражыць, з вашага досьведу?

— Я жыву. Я — прыклад таго, як можна пражыць. Трэба цалкам аддацца сваёй прафэсіі. Безумоўна, трэба адчуваць, што патрэбна людзям. І тады ўсё атрымаецца. Я ў гэта веру.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG