Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валянцін Голубеў: Гісторыю Беларусі трэба пісаць з пункту гледжаньня беларуса


«Бяз гневу і староннасьці» — такі дэвіз гісторыка сфармуляваў старажытнарымскі гісторык Публій Карнэлій Тацыт. Існуе і такі афарызм: «Ніхто так не зьмяняў гісторыю чалавецтва, як самі гісторыкі». А ў выбітнага ірляндзкага драматурга, раманіста Джорджа Бэрнарда Шоў ёсьць дыялёг: «Што скажа гісторыя?» — «Гісторыя, сэр, схлусіць, як заўсёды».

Дык ці бывае аб’ектыўнай гісторыя? Як суадносяцца гістарычная праўда і суб’ектыўны погляд на яе гісторыка? А калі і чаму адбываецца фальшаваньне гісторыі? Пра гэта разважае доктар гістарычных навук, прафэсар Валянцін Голубеў.

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Ці згодныя вы з тым, што гісторыя Другой сусьветнай вайны сфальшаваная савецкімі гісторыкамі?

Валянцін Голубеў: Я бачу, што цяпер расейскім уладам вельмі б не хацелася, каб былі выцягнутыя на сьвет новыя факты, якія дазволілі б ня толькі гісторыкам, але перадусім простаму чалавеку задумацца і паспрабаваць, суб’ектыўна, магчыма, па-свойму інтэрпрэтаваць і пачатак вайны, і ход баявых дзеяньняў, і завяршэньне яе, і пасьляваеннае ўпарадкаваньне сьвету, якое стала вынікам вайны. Расейцы вельмі ня хочуць, каб свой жа народ даведаўся пра тыя рэчы, якія рэальна былі. Яны проста ня хочуць іх паказаць. І кажуць, што любы новы факт, які дазволіць зьмяніць гэтую камуністычную трактоўку Другой сусьветнай вайны, любы дакумэнт, які выпадае ўжо зь іхнага суб’ектыўнага выкладаньня, — гэта фальсыфікацыя.

Ракіцкі: Пры якіх умовах і калі будзе магчымым у Беларусі напісаць праўдзівую гісторыю той вайны?

Голубеў: У першую чаргу праблема зьвязаная з доступам да архіваў. На жаль, цяпер, наколькі я ведаю, зноў закрытыя архівы КДБ. Стала цяжэй працаваць і ў Гістарычным архіве, былым архіве ЦК КПБ. Пакуль мы ня будзем ведаць тыя дакумэнты, якія былі ў атачэньні Сталіна і якія да сёньняшняга дня захоўваюцца пад грыфам «сакрэтна» і не выдаюцца дасьледчыкам, мы можам толькі выказваць меркаваньні паводле ўскосных фактаў.

Ракіцкі: Якія пэрыяды беларускай гісторыі напісаныя, скажам так, гістарычна дакладна, праўдзіва, адносна аб’ектыўна, і якія пэрыяды ў беларускай гісторыі сфальшаваныя ці напісаныя надзвычай суб’ектыўна, так што іх трэба яшчэ пераглядаць гісторыкам?

Голубеў: У шасьцітомніку «Нарысы гісторыі Беларусі», які з 1990-х гадоў выдаваўся ў Акадэміі навук, увогуле канцэпцыя нацыянальнай гісторыі Беларусі прысутнічае, і яна нармальная. Але ў нас, па сутнасьці, не дасьледаваныя канец 16-га — пачатак 17 стагодзьдзя. Не дасьледаваныя дачыненьні і з Польшчай, і з Маскоўскай дзяржавай. У нас слаба дасьледаваныя пытаньні Першай сусьветнай вайны, выйшла толькі адна сур’ёзная манаграфія. У нас не дасьледаваны партызанскі рух. Можна сказаць, што ўвогуле не дасьледаваны антысавецкі супраціў. У нас толькі Аляксей Літвін паставіў пытаньне пра калябарацыю, якое трэба разглядаць. А па вялікім рахунку вельмі слаба дасьледавана гісторыі Беларусі 20-га стагодзьдзя. У тым, што напісана, хоць і ёсьць факты, было напісанае пад партыйным дыктатам, пад партыйныя лякалы: партыя сказала, народ зрабіў, прынялі плян. А ці выканалі яго і як выканалі, як і жыцьця чалавека гэтых часоў, няма.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG