Праграмы / Экспэртыза Свабоды

“Якія палітычныя пэрспэктывы Казуліна?”

05.03.2008 15:24

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 29-га лютага


Грамадзкі ажыятаж, які ўзьнік апошнімі днямі з нагоды пахаваньня жонкі Аляксандра Казуліна і яго трохдзённага водпуску, актуалізаваў пытаньне пра ягоныя палітычныя пэрспэктывы. Ці можа ён стаць агульнанацыянальным лідэрам? Чаму ў Казуліна невысокі рэйтынг? Ці ёсьць падставы Лукашэнку баяцца вызваленьня свайго праціўніка?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч і палітоляг Віталь Сіліцкі.


Ці можа Казулін стаць нацыянальным лідэрам?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “У беларускай дэмакратычнай супольнасьці шмат гадоў застаецца адкрытым культавае пытаньне: хто замест Лукашэнкі? Адсутнасьць бясспрэчнага лідэра стварыла вялікія складанасьці ў пошуку адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў падчас прэзыдэнцкіх кампаній 2001 і 2006 гадоў. Доўга шукалі патрэбныя крытэрыі, мэханізмы выбару, зь цяжкасьцю знаходзілі кампраміс. Той грамадзкі ажыятаж, які ўзьнік апошнімі днямі з нагоды трохдзённага водпуску Аляксандра. Казуліна дзеля пахаваньня жонкі, актуалізаваў пытаньне пра ягоныя палітычныя пэрспэктывы. Ці можа ён стаць тым агульнанацыянальным лідэрам, якога так доўга шукалі беларускія дэмакраты?

Ігар Рынкевіч: “Можа. Ён мае моцны інтэлект, бо зьяўляецца прафэсарам, акадэмікам шэрагу акадэмій. Казулін мае харызму. Шмат хто бачыць у ім якасьці і маладога Пазьняка, і Лукашэнкі. Але Казулін – новая постаць у беларускай палітыцы. Цяпер ён праходзіць турэмныя ўнівэрсытэты.

Тры апошнія дні, 70 гадзін перавярнулі шмат каго ў Беларусі. Відавочны духоўны рост Казуліна. Ён дараваў Лукашэнку ягоныя зьдзекі. І ў яго добрыя пэрспэктывы”.

Віталь Сіліцкі
Віталь Сіліцкі: “Для зьяўленьня нацыянальнага лідэра патрэбны пэўныя акалічнасьці. Па-першае, павінна быць рэальная грамадзкая патрэба ў такім чалавеку. Той пэрманэнтны крызыс, які адбываецца ў апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, сьведчыць, можа, пра тое, што патрэбы ў такім лідэры няма.

Па-другое, чалавек, які прэтэндуе на ролю лідэра, павінен адпавядаць вышэйшым стандартам, ставіць вышэйшыя мэты. Лідэр павінен весьці.

Па-трэцяе, гэты чалавек павінен успрымацца тымі, хто за ім можа пайсьці. Ці здолее Казулін адпавядаць гэтым умовам, невядома. У некаторых кірунках ён за гэты час рушыў наперад.

Казулін вельмі дарагой цаной для сябе і сваёй сям’і зьняў тыя неразумныя падазрэньні, якія існавалі шмат у каго падчас выбарчай кампаніі, што ён правакатар. Ён перайшоў ад эпатажнага стылю да стылю чалавека, які імкнецца прапанаваць каштоўнасную альтэрнатыву.

Пытаньне ў тым, ці застанецца цікавасьць да Казуліна пасьля таго, як схлыне хваля спачуваньня яму і ягонай сям’і, якая ўзьнялася гэтымі днямі. І другое пытаньне — калі яго вызваляць і якім. Бо некаторыя выходзяць з турмаў у не зусім адэкватным стане.

Адбываецца эвалюцыя Казуліна ад гламурнага рэктара праз вобраз эпатажнага марпеха да таго чалавека, які паўстаў перад намі сёньня”.

Чаму ў Казуліна невысокі рэйтынг?

Карбалевіч: “Казулін мае пэўныя перавагі перад іншымі лідэрамі апазыцыі. Ён прадэманстраваў сьмеласьць, самаахвярнасьць, імкненьне паламаць сцэнар Лукашэнкі і навязаць свой. Сам факт таго, што ён апынуўся за кратамі, павінен быў дадаць яму аўтарытэту, павагі, рэйтынгу як ахвяры бессардэчнага рэжыму, пакутніка за народ, за праўду. Мала таго, нават апынуўшыся за кратамі, ён працягваў барацьбу. Беспрэцэдэнтная галадоўка выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Ён дасягнуў амаль немагчымага: прапановы абмеркаваць беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН. Далей, адмовіўся эміграваць, калі яму прапаноўвалі.

І які ж вынік? Паводле апытаньня НІСЭПД, у сьнежні 2007 году за Казуліна гатовы прагаласаваць 3,7% (за Лукашэнку — 39,9%, за Мілінкевіча — 9,8%). То бок нават дэмакратычны электарат, якога каля 30%, ня бачыць у ім куміра. Дык чаму палітвязьні ў Беларусі не становяцца нацыянальнымі героямі?”

Ігар Рынкевіч
Рынкевіч: “Па-першае, да беларускай сацыялёгіі ёсьць шмат пытаньняў. За гэты месяц Казулін паводле індэксу цытаваньня абагнаў Лукашэнку ў незалежных інтэрнэт-рэсурсах і ў частцы дзяржаўных. Сапраўды, заўважная ягоная эвалюцыя.

На гэтую сытуацыю моцна ўплывае беларускі мэнталітэт. Палітвязьні – гэта цікавы і недасьледаваны фэномэн як на ўзроўні сацыялёгіі, так і на ўзроўні абывацеля. Людзі ставяцца да іх дастаткова амбівалентна. З аднаго боку, спачуваюць, а з другога — кажуць, маўляў, чаго вы лезеце. Апазыцыйныя дзеячы пакуль ня могуць карыстацца значнай падтрымкай грамадзтва.

Зьмяніць сытуацыю могуць толькі такія лідэры, як Казулін, якія здатныя за некалькі дзён значна паўплываць на сьвядомасьць насельніцтва краіны”.

Сіліцкі: “Быць героем і мець высокі рэйтынг – гэта розныя рэчы. Цкаваньне, праклёны, недавер да тых апазыцыйных дзеячаў, якія ідуць на абардаж, даюць пэўны эфэкт. Нізкі рэйтынг – гэта плата за геройства”.

Карбалевіч: “Мы маем прыклады Ельцына ў 1989—1991 гадах ці Лукашэнкі ў 1994 годзе, калі чым больш іх білі, тым больш рос іхні рэйтынг”.

Сіліцкі: “Я кажу пра герояў, а не пра эпатажных палітыкаў. А рэйтынг Казуліна застаўся прыкладна на тым жа ўзроўні, як падчас прэзыдэнцкіх выбараў. І тут спасылацца на інфармацыйную блякаду нельга, бо ён быў ва ўсіх на вуснах дзякуючы сваім выступам праз тэлевізію. Ягоны эпатаж тады дадаў яму вядомасьці, але не галасоў. Ён, можа, нават спрацаваў на Мілінкевіча.

Чаму ж ён не зарабіў свайго ўласнага палітычнага капіталу? Справа ў тым, што ў Беларусі палітык, які кідае выклік уладзе, можа легітымізавацца праз падтрымку незалежнага грамадзтва. Менавіта таму рэйтынг Мілінкевіча і цяпер вышэйшы, чым у Казуліна.

Казулін не зусім разумеў тыя каштоўнасьці, якія падштурхоўвалі людзей да барацьбы супраць рэжыму. Існаваў глыбокі недавер да яго з боку дэмакратычнай грамадзкасьці. Да таго ж не зусім зразумелаю была тая палітычная культура, якую ён дэманстраваў. Бо ягоны стыль меў сьляды тайных расейскіх паліттэхналёгій. Хоць ён спрабаваў яго пераадолець, апэляваў да інтэлігенцыі, выдаваў творы Быкава.

Зараз адбываецца ягоная эвалюцыя. Ён пераходзіць да гэтых каштоўнасьцяў, лёд недаверу паміж Казуліным і дэмакратычнай грамадзкасьцю пакрысе растае. Пра гэта сьведчаць ягоныя заявы пра БНР”.

Ці зьменіцца рэйтынг Казуліна пасьля вызваленьня?

Карбалевіч: “Абодва мае суразмоўцы выказалі думку, што палітычныя пэрспэктывы Казуліна павялічваюцца. Прычым ягоны рэйтынг у значнай ступені абумоўлены іміджам ахвяры рэжыму, пакутніка. Але, магчыма, такі імідж захоўваецца да таго часу, пакуль ён у турме. А калі ён выйдзе на свабоду, то гэтая частка ягонага палітычнага капіталу можа страціцца.

Ягоныя інтэрвію, якія ён даваў падчас свайго трохдзённага водпуску, цікавыя таму, што іх дае чалавек у такім незвычайным статусе. Але калі казаць пра іхні зьмест, то нейкіх новых арыгінальных ідэй адносна дэмакратычных перамен у краіне там не заўважана. Таму, можа, Лукашэнка і дарэмна баіцца яго вызваляць?”

Рынкевіч: “Цяпер Казулін знаходзіцца ў кантэксьце дзьвюх асноўных праблем. Першая — гэта тое, што памерла ягоная каханая жанчына. І яму давялося прабівацца праз калючы дрот, каб правесьці яе ў апошні шлях. Другая праблема: ён застаецца палітвязьнем. Менавіта праз гэтыя акуляры і глядзелі на яго людзі.

Калі ён выйдзе на волю, яму давядзецца вырашаць іншыя пытаньні. Ён даваў у гэтыя дні інтэрвію на хаду, падчас руху. І чакаць ад яго ў такіх умовах выкладаньня цэльнай праграмы перамен несур’ёзна”.

Сіліцкі: “У нас быў адзін прыклад, калі палітык стаў бясспрэчным лідэрам апазыцыі не праз абраньне кангрэсам дэмакратычных сілаў ці іншым форумам, а праз уласны драйв, прапанову дэмакратычным сілам свайго праекту. Гэта Віктар Ганчар у 1999 годзе.

Што тычыцца Казуліна, то ягоныя выказваньні на апошняй прэсавай канфэрэнцыі сапраўды былі трохі супярэчлівымі. Але ня варта чакаць праграмных прамоваў ад чалавека, які гэтымі днямі быў згусткам эмоцый. Дай яму Божа мужнасьці і вытрымкі, пажадаем яму здароў’я і свабоды”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Алесь Горад:: Мінск
05.03.2008 16:07

Вельмі шмат у чым згодны з высокімі ацэнкамі палітычнай будучыні Казуліна. Цікава, што ягоны паплечнік Рынкевіч – адзін з нямногіх блізкіх да прафесара дзеячоў, які не баіцца казаць прама пра свайго патрона. Але можа стацца, што Казуліну ня трэба побач з ім самастойных калег, а застануцца тыя, хто проста бегаў каля нагі экс-кандыдата ў прэзідэнты. Паглядзім ці зменіцца і ў гэтым Аляксандр Казулін, калі выйдзе на волю і палітычную прастору.


Імя:: Алесь Стральцоў Горад:: Менск
05.03.2008 16:19

Найлепшай формай падтрымкі будзе удзел у Дні Волі. А таксама напісанне палітвязню ліста.


Імя:: Владимир Горад:: Минск
05.03.2008 17:35

Я собирал подписи и за Миленкевича и за Козулина одновременно. Голосовал за Милинкевича, и только потому, что он был кандидатом от объединенных демсил. Теперь же я отдам голос за Козулина, за лидера-борца, а не говоруна, за человека, умеющего не только бороться, но и держать удар..., но и прощать. В случае его решения , после освобождения,балотироваться на пост Президента Беларуси, я войду в его команду , я буду рядом, сборщиком подписей, агитатором.... рядовым... Дай, Бог, ему сил и мужества...


Імя:: frank
06.03.2008 07:47

Kazulin will be next leader if they do not kill him.
All these polls cost nothing. Lukashenko knows it.
He is afraid of Kazulin. That is why Kazulin in jail. Not Milinkevich.


Імя:: Стась
06.03.2008 08:52

2- Сіліцкі. ( “У нас быў адзін прыклад, калі палітык стаў бясспрэчным лідэрам апазыцыі не праз абраньне кангрэсам дэмакратычных сілаў ці іншым форумам, а праз уласны драйв, прапанову дэмакратычным сілам свайго праекту. Гэта Віктар Ганчар у 1999 годзе.”) – Ганчар ні на секунду ня стаў лідэрам апазіцыі. Больш за тое, Пазьняк вельмі слушна зрабіў адмяжаваўшыся ад кампаніі Ганчара. Калі Вы былі на апошняе ганчаровае прэс-канферэнцыі ў “Чарнільніцы”, Вы зразумееце аб чым я. Больш нічога не скажу, ён загінуў – і гэта ўсе спісвае.
Што да Казуліна, то я б яго параўнаў па псыха-тыпажу зь Нікітам Сяргеевічам, якога “соратники” скінулі зь трону за спробу ўвесьці двухпартыйную сістэму ў СССР (“сяляне” – “рабочыя”). Пра казулінскія палітычныя перспектывы зарана гаварыць. Зь турмы выйдзе іншы чалаваек, якога ніхто (і пэўна ён сам) ня ведае. Тады можна будзе абмяркоўваць толькі яго рэальныя крокі. Гэта ў выпадку, калі ён на той момант зможа, ці захоча займаца надалей палітыкаю. Да Рады БНР жа ён мае даўні і спецэфічны інтарэс: яшчэ пад час выбарчае прэзідэнцкае кампаніі ён літаральна запатрабаваў каб архівы і дакументы БНР былі яму перададзеныя адразу, як ён толькі атрымае ЎЛАДУ. Спытайце любога відавочцу – ўдзельніка 4-га З’езду беларусаў сьвету. І мне гэта вельмі не-па-да-ба-ец-ца. Да таго ж ён на сам рэч мае палітычныя мажлівасьці хаця б з гледзішча свайго адміністратыўна-наменклятурнага мінулага, стану і плоймы адпаведных сувязяў.


Імя:: Mikola Горад:: Letuva
23.03.2008 11:48

нажаль, але прафесар А. Казулін чалавек з каманды А. Лукашэнкі і не валодае якасьцямі лідэра беларускай нацыі, бо нават не валодае беларускай мовай, а яго гістэрычны характар і неадэкватныя сітуацыі рухі падчас выбараў толькі яшчэ раз угоняць Беларусь у тое балота ў якім яна апынулася падчас кіраваньня Рыгоравіча. Найбольш перспэктыўным лідэрам нацыі на пераходны час ад сталінізма а ля Лукашэнка да пераходу ў капіталізм з'яўляецца пані І. Сурвіла з яе не атручаным рознымі ізмамі мэнталітэтам, а далей падрастуць сапраўды беларускія лідэры якія нават у сне будуць думаць па беларуску і не поўзаць на жываце перад сабачкай пана У.Пуціна ў Сочы ці ў Крамлі. А. Казулін чалавек з мінулага і не мае ніякіх шанцаў выцягнуць Беларусь у цывілізаваны Сьвет.

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ