Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута і журналіст Вадзім Казначэеў.


Захад патрабуе вызваленьня Аляксандра Казуліна дзеля паляпшэньня дачыненьняў зь Беларусьсю. Чаму Лукашэнка заяўляе, што выканаў усе ўмовы заходніх краінаў? Чаму беларускія ўлады ня вызвалілі Казуліна з нагоды трагічнай падзеі ў яго сям’і? Як пракамэнтаваць апошнюю заяву Дзярждэпартамэнту ЗША пра ўмовы паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў?

У чым сэнс Лукашэнкавай гульні з палітвязьнямі?

Валер Карбалевіч: “Трохдзённы водпуск Аляксандра Казуліна з прычыны сьмерці ягонай жонкі Ірыны актуалізаваў пытаньне пра ягонае поўнае вызваленьне. Гэтага патрабуе беларуская грамадзкасьць, заходнія краіны. Вядома, што вызваленьне ўсіх палітвязьняў стала галоўнай умоваю для пачатку дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Захадам. Беларускі бок пайшоў на саступкі. Вызвалены практычна ўсе палітвязьні, акрамя Казуліна. Але Лукашэнка заяўляе, што выканаў усе патрабаваньні Захаду, далейшы ціск на яго нічога ня дасьць, цяпер слова за заходнімі краінамі.

Але калі не вызваляецца Казулін, то траціць сэнс уся кампанія па вызваленьні палітвязьняў, плян прарыву на Захад. Калі ўвязаўся ў гульню, то трэба вызваляць усіх. Калі не, то навошта было пачынаць гэтую гульню?

Аляксандар Фядута:
“Сэнс вызваленьня палітвязьняў палягае ў спробе рэалізацыі пакрокавай стратэгіі ў дачыненьнях з Захадам.

Такі дыялёг магчымы толькі ў выпадку, калі кожны з бакоў ведае, што ў любы момант можа спыніцца, і гэта залежыць толькі ад яго самога.

Лукашэнка зрабіў шмат крокаў, вызваліўшы палітвязьняў. Цяпер Захад павінен у адказ зрабіць нешта такое, пасьля чаго Лукашэнка выпусьціць Казуліна.

Напрыклад, Захад можа зьняць візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да ўсіх чыноўнікаў, акрамя Лукашэнкі”.

Вадзім Казначэеў: “Не зусім згодны са сп. Фядутам наконт пакрокавай стратэгіі. Бо вызваленьне палітвязьняў – гэта не адзінае патрабаваньне. Ёсьць іншыя патрабаваньні: правядзеньне дэмакратычных выбараў, свабода мэдыяў і інш.

Не павінна быць торгу наконт таго, што гэтага палітвязьня мы адпусьцім, а гэтага не, і за вызваленьне давайце нам прэфэрэнцыі. Палітвязьняў не павінна быць увогуле. Як казаў Кіса Вараб’янінаў, “Торг тут недарэчы”.

Іншая рэч, што сэнс у гэтай гульні ёсьць. Нельга ўспрымаць Захад як нешта суцэльнае і аднастайнае. Ёсьць там пасьлядоўная пазыцыя, што ў краіне не павінна быць палітвязьняў. А ёсьць і іншая пазыцыя, што трэба вітаць крокі ў кірунку вызваленьня палітвязьняў. Вось таемныя сустрэчы міністра замежных справаў Беларусі Мартынава ў Нямеччыне былі адказам на вызваленьне некаторых зьняволеных.

А Казуліна не вызваляюць таму, што ў яго асобны статус. Ён прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта, таму зьяўляецца пэрсанальным праціўнікам Лукашэнкі.

Чаму ня вызвалілі Казуліна з нагоды сьмерці жонкі?

Карбалевіч:
“У Лукашэнкі быў выдатны шанец поўнасьцю вызваліць Казуліна адразу пасьля сьмерці жонкі, у пэўным сэнсе захаваўшы твар. Маўляў, не пад ціскам Захаду, а з прычыны нашай прыроджанай міласэрнасьці і вялікадушша мы даруем нашаму галоўнаму ворагу. Але Лукашэнка зь яго не скарыстаўся. Казулін атрымаў усяго тры дні водпуску, дый то толькі ў аўторак, фактычна пад ціскам ультыматумаў, патрабаваньняў беларускай і міжнароднай грамадзкасьці. Чаму так?”

Фядута: “Трэба спытаць у Лукашэнкі. Ня ведаю, чаму быў выбраны не зусім слушны варыянт з трохдзённым водпускам. Магчыма, Лукашэнка хоча працягнуць торг.

Цяпер адносна тэзы сп. Казначэева, ці дарэчы тут торг. Такія рэаліі. Сёньня Лукашэнку патрэбен доказ, што зь ім сапраўды будуць размаўляць. Патрабаваньне Захаду ён выканаў часткова. Цяпер Захад, як бок у дыялёгу, павінен зрабіць свой крок ці паўкрока, як і Лукашэнка”.

Казначэеў
: “Торг вакол палітзьняволеных – гэта пытаньне цывілізаванасьці і маральнасьці. Я не ўяўляю сабе такога торгу, напрыклад, паміж прэзыдэнтамі Францыі і Польшчы. Але ў дачыненьні да беларускай улады казаць пра маральна-этычныя нормы ўвогуле не выпадае.

Лукашэнка, магчыма, увогуле не шукаў магчымасьці захаваць твар. Выпусьціць Казуліна яму не дазваляе страх. Нельга сказаць, што Казулін, які выйдзе з калёніі, уяўляў бы сабою непасрэдную пагрозу рэжыму.

Але тут стратэгія палягае ў тым, каб весьці барацьбу на дальніх подступах. Ганчар і Карпенка таксама ў 1999 годзе не ўяўлялі непасрэднай пагрозы для Лукашэнкі, але ўяўлялі такую пагрозу патэнцыйна. Гэткі ж патэнцыял ёсьць і ў Казуліна. Невыпадкова, што яго спрабавалі адправіць у Нямеччыну лячыць жонку з той умоваю, каб ён не вяртаўся ў краіну. Калі палітык эмігруе, то аўтарытэт яго падае. Досьвед Пазьняка – яскравы прыклад. Калі ўжо выпускаць Казуліна, то за гэта трэба атрымаць нейкія канкрэтныя рэчы, якія пераважаюць рызыку ад яго вызваленьня.

Казулін – казырны туз на перамовах

Карбалевіч “Вось у працяг гэтай думкі. Зьявілася паведамленьне Дзярждэпартамэнту ЗША, што пасьля вызваленьня Казуліна магчымыя перамовы аб пэрспэктывах двухбаковых дачыненьняў. То бок атрымоўваецца, што іншыя ўмовы дэмакратызацыі Беларусі нібы адыходзяць на задні плян. Дык, можа, Лукашэнка якраз гэтага і дамагаўся? Казырны туз у выглядзе Казуліна застаўся на руках, і цяпер, згуляўшы ім у рашучы момант, можна выйграць партыю”.

Фядута: “Лукашэнка дамагаецца таго, каб атрымаць канкрэтную дапамогу ад Захаду. Бо цяпер складаная эканамічная сытуацыя. Кошты на расейскі газ будуць расьці. Ці вытрымае беларуская эканоміка цану 200 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў? Лукашэнка імкнецца ўвайсьці ў транснацыянальныя энэргетычныя праграмы. Для яго гэтая праблема не маральная і не палітычная, а эканамічная, гэта справа яго будучыні.

Таму Лукашэнку патрэбны дыялёг наконт рэальных дывідэндаў. Заява Дзярждэпартамэнту ЗША, што пасьля вызваленьня Казуліна магчымыя дамоўленасьці наконт умоваў дыялёгу – гэта абяцанка-цацанка. З боку Захаду павінен быць канкрэтны крок, прычым ён павінен атрымаць роўна столькі, колькі “зарабіў”.

Казначэеў: “А на якіх шалях узважыць, колькі Лукашэнка “зарабіў”? Сусьветныя цэны на газ існуюць, і то яны даволі адносныя. А вось пра сусьветныя цэны на палітвязьняў я ніколі ня чуў.

Таму кожны бок будзе дамагацца выціснуць максымум з гэтай сытуацыі. А на маральныя моманты сапраўды трэба забыцца. Бо мы маем справу зь людзьмі, для якіх гэтыя каштоўнасьці — пусты гук”.

Фядута: “Мы можам вылучаць сёньня радыкальныя патрабаваньні Захаду, шмат патрабаваць ад Лукашэнкі. Але сёньня грамадзтва і апазыцыя слабыя. Мы можам выступаць толькі ў ролі экспэртаў. Ня можа апазыцыя сёньня вывесьці 50 тысяч чалавек на плошчу.

Таму вельмі патрэбна, каб дыялёг Захаду зь беларускай уладай не спыняўся. Заходнія краіны павінны зрабіць пэўныя крокі насустрач не рэжыму, а беларускаму народу. Напрыклад, зрабіць таньнейшымі шэнгенскія візы”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG