Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў выключыў магчымасьць таго, што былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін можа быць вызвалены на падставе амністыі, якая пачалася ў канцы 2007 году і скончыцца да лета 2008 году.


Напярэдадні Дня міліцыі міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў даў прэсавую канфэрэнцыю. Журналісты пыталіся пра гучныя крымінальныя справы, барацьбу з наркотыкамі і вядомых палітвязьняў.

Напрыканцы мінулага году ў Беларусі пачалася амністыя. Да лета 2008 году, калі амністыя скончыцца, на волю, паводле міністра ўнутраных справаў, выйдзе да 1,5 тысячы чалавек. Ці можа сярод іх апынуцца і былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін?

“Скажу гэтак: у нас няма падставаў падаваць дакумэнты на яго амністыю. Амністыя прадугледжвае, што асуджаны добрасумленна выконвае свае абавязкі падчас адбыцьця пакараньня. Асуджаны Казулін мае 4 дысцыплінарныя пакараньні, чацьвёртае аб’яўлена ў сьнежні. Таму мы і падаваць дакумэнты ня будзем. Што да іншых варыянтаў, як то памілаваньне — я выконваю закон, а ня ўношу прапановы. Калі ў кагосьці будуць прапановы і яны будуць кімсьці падтрыманы, мы выканаем. Але што да нас, паўтараю, ніякіх падставаў няма”.

“Ня думаю, што трэба даводзіць гэтыя месцы да такога стану, каб туды камусьці хацелася”.

Уладзімер Навумаў выказаўся адносна зьвестак, паводле якіх сыстэма турмаў і калёній у Беларусі пяройдзе ў падпарадкаваньне міністэрства юстыцыі. Цяпер яна знаходзіцца ў ведамстве, якім кіруе спадар Навумаў. “Зь мяне б зьнялі дадатковую нагрузку”, — сказаў Уладзімер Навумаў. Паводле ягоных словаў, “гэта наўрад ці адбудзецца”, бо запатрабавала б шмат сродкаў. Міністра спыталі пра стан раённых турмаў, дзе адбываюць пакараньне адміністрацыйна арыштаваныя. Прывялі прыклад: у мясцовай турме ва Ўзьдзе, паводле вязьня Віктара Крываля, вельмі дрэнныя санітарныя ўмовы. Бруд, няма вады, а тэмпэратура ў камэры не падымаецца вышэй за 7 градусаў цяпла.

Уладзімер Навумаў прапанаваў журналістам самім наведаць узьдзенскі ізалятар, каб усё пабачыць на свае вочы, і дадаў сваю асабістую думку адносна таго, якімі павінны быць турмы:

“Ня думаю, што трэба даводзіць гэтыя месцы да такога стану, каб туды камусьці хацелася”.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі я патэлефанаваў ва Ўзду прадпрымальніку Віктару Крывалю. Вось што ён распавёў пра ўмовы ў мясцовай турме, дзе адбыў 13 дзён:

“Ані ўмывальніка, ані вады ў камэры няма. Замест туалету — вядро з накрыўкай. Ноччу на 19 лютага на вуліцы было мінус сем, у камэры — ня болей за сем цяпла. Мёрз вельмі. Даводзілася скручвацца, як таму сьлімаку”.

Міністар Уладзімер Навумаў паведаміў таксама журналістам пра раскрытае сьледчымі гучнае заказное забойства 1990-х гадоў, але не ўдакладніў, якое. Увогуле, паводле міністра, агульная колькасьць злачынстваў у 2007 годзе паменела. Меней стала і дарожна-транспартных здарэньняў, у тым ліку зь цяжкімі наступствамі. Каб сачыць за парадкам на дарогах, ужо ўвесну пачнецца патруляваньне найбольш складаных трас міліцэйскімі верталётамі маркі “Эўракоптэр”, якія купяць у Францыі.


Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін з сакавіка 2006 году адбывае 5,5 года зьняволеньня ў віцебскай калёніі.

Палітык пакараны за ўдзел у падзеях, зьвязаных з пратэстам супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Апазыцыя, праваабаронцы, кіраўніцтва краінаў Эўразьвязу і ЗША патрабуюць вызваленьня Аляксандра Казуліна, якога лічаць палітвязьнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG