Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад вяртаньнем у Віцебскую калёнію Аляксандар Казулін наладзіў прэсавую канфэрэнцыю, на якой зьвярнуўся з заклікамі да Аляксандра Лукашэнкі і ягонай каманды.


На пачатку прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Казулін заклікаў абвясьціць 2008 год годам БНР і правесьці кангрэс дэмакратычных сілаў, на які запрасіць усю раду БНР на чале з Івонкай Сурвілай. Пад дэмакратычнымі сіламі Аляксандар Казулін разумее шырокія слаі грамадзтва:

“Гэта ня толькі тыя, хто называе сябе апазыцыяй ці дэмакратамі. Гэта інтэлігенцыя, пісьменьнікі, моладзь, прадпрымальнікі – самая шырокая палітра”.

Палітык заклікаў на кангрэсе не “ўчыняць сварак і справаздач, а падумаць пра будучыню Беларусі”.

Прагучалі таксама заявы на адрас Аляксандра Лукашэнкі і ягонай каманды:

“Я дарую Лукашэнку, мая сям’я даруе Лукашэнку ўсё тое, што было нам зроблена. Ня буду казаць пра падрабязнасьці гэтага, усё і так відавочна”.

Перамены ў сабе Аляксандар Казулін патлумачыў перажытым за мінулыя два дні, калі ён хаваў сваю жонку Ірыну. Былы кандыдат на прэзыдэнта сказаў, што працягвае дзеючаму прэзыдэнту руку і заклікае яго “узьняцца над асабістым і давесьці, што ён сапраўдны прэзыдэнт, а ня проста чалавек”.

Дзеля чаго, паводле Аляксандра Казуліна, патрэбныя перамовы? Палітвязень мяркуе, што Беларусь апынулася “каля апошняй рысы” і патрабуецца тэрміновы перагляд унутранай палітыкі.

“У краіне пабудаваная таталітарная дзяржава. У нас татальны гвалт над усім і ўсімі: над асобай, над свабодай выбару, магчымасьцю любіць таго, каго хоча чалавек, над магчымасьцю сябраваць з тым, з кім хоча чалавек, нават над свабодай думак”.

Свой заклік зьмяніцца Аляксандар Казулін адрасаваў ня толькі Аляксандру Лукашэнку, але і ягонай бліжэйшай камандзе і ўсім уладным колам. “Настаў час ісьціны”, — кажа Аляксандар Казулін.

Журналісты спыталіся, ці будзе палітвязень працягваць у калёніі галадоўку, як папярэджваў два дні таму? Аляксандар Казулін сказаў, што адмаўляецца ад гэтых плянаў і будзе выконваць усе турэмныя парадкі. Паводле Аляксандра Казуліна, ён прыслухаўся да просьбаў соцень людзей з усіх раёнаў Беларусі.

“Людзі мяне прасілі: Аляксандар Уладзіслававіч! Вы толькі не абвяшчайце галадоўку, ваша жыцьцё нам патрэбна. Нягледзячы на ўсю маю прынцыповую пазыцыю, ува мне прачнулася нешта іншае, іншая адказнасьць перад людзьмі, і гэта прымушае мяне прыняць кардынальна іншае рашэньне і адмовіцца ад галадоўкі. Я ўручаю свой лёс у рукі Госпада Бога”.

Да 8-й гадзіны вечара Аляксандар Казулін мусіць вярнуцца ў віцебскую калёнію. Пра пэрспэктыву свайго датэрміновага вызваленьня палітык кажа: “Гэта, напэўна, не адбудзецца да 25 сакавіка”.

Аляксандар Казулін таксама паведаміў, што працягвае за кратамі слухаць “Радыё Свабода”. “Слухаю ваша радыё абавязкова і заўсёды. Праблема адна — яго глушаць, таму паслухаць удаецца не заўсёды”.

Паводле Аляксандра Казуліна, яму ўдаецца дзяліцца пачутай інфармацыяй зь іншымі вязьнямі нават ва ўмовах штучна створанай вакол яго ізаляцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG