Грамадзтва

Па-беларуску толькі 5% тэле- і радыёпраграм

04.09.2008 16:07

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі паведамілі, што на сёньня афіцыйна зарэгістраваныя 215 тэле- і радыёпраграм. І толькі 5% зь іх выкарыстоўваюць цяпер беларускую мову ў сваіх інфармацыйных перадачах. Чыноўнікі кажуць, што да канца году і гэты паказчык можа зьнізіцца.


Сёлета Салігорская тэлекампанія СТК адмовілася ад беларускай мовы. Прычыну тлумачыць галоўны рэдактар Святлана Скрыпнік:

“У Беларусі — двухмоўе. І, як паказваюць апытаньні, большасьць аддае перавагу расейскай мове”.

Карэспандэнт: “Тое, што перадаецца на расейскай мове (вы кажаце пра 75%), — гэта адбываецца па жаданьні аўдыторыі вашага тэлеканалу?”

“Так, так. Мы праводзілі апытаньні. Да прыкладу, раней мы ўсе навіны агучвалі на беларускай мове. І толькі ад пачатку гэтага году пачалі размаўляць на рускай мове”.

Непадалёк ад Салігорску — Слуцак, Старыя Дарогі, Любань. Далей — Рэчыца, Жлобін, Гомель. Усюды раённае радыё гаворыць па-расейску. Пра адмову ад беларускасьці інфармуе галоўны рэдактар рэчыцкай тэлерадыёкампаніі Яўген Дудкін:

“Ну а чаму б не? Мы, уласна, ніякіх дасьледаваньняў на гэтую тэму не праводзілі. І, каб не хлусіць, увагі гэтаму не надавалі. Рэчыца ўсё ж горад прыежджых людзей. Тых жа самых нафтавікоў, напрыклад”.

Працэс ужо глыбока зайшоў. Выкладаньне ў школах — на рускай мове. Кіраўнікі гавораць толькі на рускай мове.  Калі ты гаворыш па-беларуску, то на цябе як на малпу паглядаюць
У 1996 годзе рэдактар раённага радыё ў ПетрыкавеВячаслаў Герасіменка быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету менавіта за папулярнасьць мясцовага беларускамоўнага радыё. Сёньня ён кажа, што рэдактарам у Петрыкаве працуе нядаўняя жыхарка Ўзбэкістану:

“Пра беларускую мову паняцьця ня мае. Называецца гэты працэс — русыфікацыя. Пад выглядам так званага рэфэрэндуму аб двухмоўі фактычна вынішчаецца беларускасьць — аснова нашай супольнасьці. Працэс ужо глыбока зайшоў. Выкладаньне ў школах — на рускай мове. Кіраўнікі гавораць толькі на рускай мове. Мала тых, хто застаецца патрыётам. Калі ты гаворыш па-беларуску, то на цябе як на малпу паглядаюць”.

У Белтэлерадыёкампаніі, якую іншы раз прэзыдэнт Лукашэнка называе школай для журналістаў, працуюць цяпер больш як паўтары тысячы чалавек. Хто зь іх размаўляе ў побыце па-беларуску?

“У суседнім кабінэце працуе Алесь Матафонаў, які заўсёды ў жыцьці і ў эфіры размаўляе толькі па-беларуску. А ці ведаеце Навума Гальпяровіча? Ён таксама гэтага прытрымліваецца”, — паведаміў супрацоўнік аддзелу кадраў кампаніі.

Пра прычыны адмовы як менскіх, так і мясцовых журналістаў ад беларушчыны разважае Генадзь Бураўкін:

“Для ўсяго сьвету гэта ясны паказчык барацьбы дзяржавы з нацыянальнай культурай і нацыянальнай мовай. Зімоўскі, Казіятка, Кісель... Нават калі яны асабіста прымаюць такія рашэньні, то ведаюць, што гэтыя рашэньні будуць падтрыманыя. А некаторыя зь іх можа, і не адчуваюць сябе прадстаўнікамі гэтага народу. Канечне, гэта ня можа не абураць і ня можа, як кажуць, не сьціскаць сэрца”.


 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-8 (з 8)
Імя:: Mikola Горад:: Rodam z BSSR
04.09.2008 16:29

Гэта агідная ўлада так ненавідзець свой народ і мову...


Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
04.09.2008 17:18

Моўнае пытаньне на Беларусі вельмі складанае пытаньне. Праблема тут пачалась ня сеньня, не ад Лукашенкі і нават не ад Расеі (як можа падацца дзіўным). Калі мы не станем хлухіць сабе, то шчыра адкажам – праблема пачалась (дакладна казаць – “набыла законную моц”) ад 1569 года (Люблінская вунія). Далей, праз 130 год, яна цалкам была забаронена нашым бліжэйшым хаўрусьнікам Польшчай. Такім чынам, спадарства, каб ня быць шматслоўным – амаль 500 год (жах бярэ) наша нацыя фактычна выракаецца сваей матчынай мовы. І першымі гэта рабілі, робяць і будуць рабіць – эліта нацыі. Гэта таксама трэба шчыра сабе сказаць.
Я учора быў на бацькоўскім сходзе ў школе сваей дачкі (2 кляс). Дык вось настаўніца гэдак асьцярожна казала аб уроках беларускай мовы і літаратуры, што ей (як мне с сумам здалось) было настолькі няемка ўвогуле казаць пра гэта каб не пакрыўдзіць нас (бацькоў), што праз слова яна прасіла прабачэньне за будучыя “вялікія цяжкасьці” у дзяцей. Бацькі да гэтага аднеслісь з “разуменьнем”.
Спрачацца на сеньня з русіфікацыяй амаль бессенсоўна. На мой погляд мы амаль сьведкі гібелі нашай мовы, як адной з частак сусьветнай культуры. Гэтага можна пазбегнуць толькі адным шляхам – нацыя пачне размаўляць па-беларуску (ні Лукашенка, ні чынавенства, ні апазіцыя, ні пісьменьнікі тут ні пры чым). Улада знішчае мову альбо пад поўнае маўчаньне народа, альбо пад авацыі розных друкуемых “Свабодай” БРрррр….
Тое ж тычыцца і гісторыі нашай краіны. Як яе катуюць, пераварочваюць, затыкаюць у кут…. Аднак “нацыі” гэта да лямпачкі. Асабліва “сердабольныя” мамашы вельмі рады, што адмянілі асобны курс “гэтай дурной і надзвычай цяжкой” гісторыі Беларусі (кажуць – “Каму яна патрэбна!?”).
Ведаеце, зараз на Беларусі вельмі змрочны час. Час, калі няведаць сваей мовы, гісторыі і культуры лічыцца вялікім дасягненьнем.


Імя:: Уладзімер Русаковіч Горад:: Менск
04.09.2008 19:45

Лысевiч Мiхаiл "ні Лукашенка, ні чынавенства тут ні пры чым" або "Улада знішчае мову"
_____
Спадар Лысевіч, вызначайцеся.
_____
Лысевiч Мiхаiл "Асабліва “сердабольныя” мамашы вельмі рады, што адмянілі асобны курс “гэтай дурной і надзвычай цяжкой” гісторыі Беларусі"
_____
У сям'і ня без выродкі.
Вось на гэтакіх мамашаў і варта глядзець, як на "прыезджых малпаў".
Сусьветнае пацяпленьне іх да нас пананесла.



Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
04.09.2008 21:12

Калi народу на 90-95% мова i гiсторыя Беларусi, як i культура, абыякавы, то нiхто i ниiколi (нi улада, нi чынавенства, нi пiсьменьнiкi, нiхто) спадар Русаковiч гэтаму народу каханьне да мовы не навяжа, як i сапрауднай гордасьцi за тое, што ен беларусам завецца. Вось што я меу на увазе.


Імя:: Алесь Астроўскі Горад:: Гародня
05.09.2008 00:17

М.Лысевічу зь Ліды.
Спадар Міхаіл, можа, вы ня ведаецце, але ва ЎСІХ народаў сьвету толькі прыкладна 5% людзей здольныя на крытычнае мысьленьне. Г.зн., што калі б любы народ трапіў у тую сітуацыю, у якой стагоддзі знаходзімся мы - беларусы-літвіны - зь ім было б тое самае... Не перакідвайце чужой віны на ўласны народ. Гэта вялікі грэх. Запомніце, ва ўсім выродстве, якое мы назіраем, вінаватыя расейскія імперцы і мясцовыя халуі-здраднікі...


Імя:: Дрыгавіч Горад:: Менск
05.09.2008 09:13

Спадарове, глядзіце шырэй! Русіфікацыя ёсьць. За часамі СССР вядома з-за якіх прычын. У наш час русіфікацыя набыла жахлівыя памеры толькі з-за аднаго чыньніка - гэта адсутнасьць законнасьці! Закон аб мовах не выконваецца, як і іншыя законы. Прававы генацыд народу. Той жа закон аб мовах быў зьменены на расплыўчатую фармулёўку. А чыноўніку што, як зразумеў той закон так і выконвае. А разумее ён так: калі руская мова дзяржаўная, то і навошта сабе пудрыць мозг, возьме і закіне беларускую. І сам вучыць не будзе, і дакумэнты пісаць не будзе, і сустрэчы з людзьмі таксама па-руску будзе праводзіць. Вось галоўная праблема!


Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
05.09.2008 12:53

Перш чым спадар Астроўскі казаць, што толькі 5% ад любой нацыі здольна да мысьленьня добра падумайце аб кампетэнтнасьці сваіх словаў. Па-другое, калі Вы гэдак крытычна мысліце, то раю Вам усе ж праўдзіва ацэньваць нашу гісторыю - працэс вынішчэньня нашай мовы і культуры распачаўся ад тых вуній, якія мы найперш заключалі з Польшчай. Расея працэс знішчэньня літвінскай нацыя працягнула. Потым панская Польшча да 1939 года дабівала. А напрыканцы - саветы. Аднак пачатак быў з польскага боку. І калі Вы такі шчыры, то паспрабуйце растлумачыць мне, чаму Міцкевіч друкаваўся выключна па-польску, а матчыну мову "толькі ведаў" (як дарэчы амаль усе яго сучаснікі)? І толькі добрай памяці Кастусь Каліноўскі з яго паслядоўнікамі распачаў вяртаньне роднай мовы ў жыцьце Беларусі. Аднак усе намаганьні вынік далі вельмі сціплы. Калі Вы гэдак недавяраеце мне, выйдзеце на бліжэйшую вуліцу і паспрабуйце апытаць наш народ: "Хто штодзенна, кожную хвіліну жыве з беларускай мовай?" Вынікі (сумленныя) дашліце на "Свабоду".


Імя:: Dzmitry
17.09.2008 17:30

Цяжка згодзіцца з тым, што сёлета моўнае пытанне толькі на плячыма беларускага народу. Па першае - страты мовы народам, пачаліся дзеля палітычных пытанняў. Па другое - улада мае ўсё неабходнае каб пачаць палепшаць гэта становішча, але нічога выдатнага не робіцца, нават наадварот.
І па-трэцяе - маем шмат беларусаў на Беларусі якія змагаліся і працягваюць змагацца за нашу мову, беларусы ў эміграцыя так сама спрабуюць яе захаваць. І калі нават замежна-моўныя сябры вывучаюць беларускую мову і ўжываюць яе, мару што гэтае пытанне застаецца палітычным.

Камэнтары 1-8 (з 8)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb