Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў заявіў, што беларускамоўнае навучаньне ў школах знаходзіцца ў стадыі стагнацыі. Аднак усе беларускамоўныя клясы цалкам запоўнены.


“Мы дабіліся вельмі важнага ад міністэрства адукацыі, што новы стары прадмет будзе цяпер называцца ня проста “Гісторыя”, а “Сусьветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”. Гэта значыць “Гісторыя Беларусі” засталася як асобная аўтаномная частка курсу. І вельмі важна, што гэты новы прадмет, у тым ліку і “Сусьветная гісторыя”, у тым ліку і ў расейскамоўных школах, па жаданьні выкладчыкаў і вучняў будзе выкладацца па-беларуску.
У Менску ўсе беларускамоўныя клясы цалкам запоўнены. Такіх праблем, як было раней, што не хапала дзяцей, няма

Па другое, крыху павялічылася, па нашай просьбе, колькасьць гадзін на беларускую мову ў малодшых клясах. Там была раз на тыдзень беларуская мова ў расейскамоўных школах. Цяпер — два разы. Гэта няшмат, але ўсё роўна прыемна. Вось такія невялікія зьмены.

Беларуская літаратура, фактычна, засталася ў старым аб’ёме. Па колькасьці гадзін — гадзіны зьменшыліся. Але на любую літаратуру колькасьць гадзін прыбралі — і на сусьветную, а там у асноўным расейская, — і на беларускую колькасьць гадзін зьменшылася”.

Паводле спадара Трусава, аб’ёмы беларускамоўнага навучаньня памяншаюцца штогод прыкладна на адзін адсотак і цяпер складаюць прыкладна 20,5%.

“Так што яно ў стадыі стагнацыі. Адзінае, у Менску ўсе беларускамоўныя клясы цалкам запоўнены. Так што такіх праблем, як было раней, што не хапала дзяцей, няма. Больш за тое, улады абяцаюць стварыць яшчэ адну беларускамоўную гімназію на базе 2-й беларускамоўнай школы ў Серабранцы. Так што, можа, і створаць”.
Нашы дзеці вяртаюцца ў савецкую сыстэму — без рэпэтытараў замежную мову ў школах яны ведаць ня будуць

Алег Трусаў таксама адзначыў, што праграма па гісторыі зроблена на дзьвюх мовах. Для расейскамоўных школ блёк “Гісторыі Беларусі” зроблены на беларускай мове.

“Ніякіх вялікіх зьменаў няма, але колькасьць гадзінаў скарочана, як і па ўсіх прадметах. Але сутнасна там нічога не зьмянілася — як па сусьветнай гісторыі, так і па беларускай. Проста колькасьць гадзін зьменшылася, адпаведна ўзровень адукацыі будзе горшы. Але гэта па ўсіх прадметах”.

Спадар Трусаў адзначыў, што паменшылася колькасьць гадзінаў на выкладаньне ўсіх гуманітарных прадметаў, у тым ліку на замежныя мовы:

“Нашы дзеці вяртаюцца ў савецкую сыстэму — без рэпэтытараў замежную мову ў школах яны ведаць ня будуць”.

XS
SM
MD
LG