Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: бацькі — пра беларускую школу


Ці хацелі б вы аддаць сваё дзіця ў беларускую школу і чаму?


Спадарыня: “Ня ведаю, увогуле ў нас беларуская мова ня вельмі йдзе. Можа, каб была школа беларуская, гэта ўсё ж свая мова, можа й аддала б. Але пакуль у нас зь беларускай праблемы”.
Дзеці павінны самі выбіраць — на якой мове яны хочуць вучыцца

Сын: “Шасьцёрка толькі”.

Спадарыня: “Але я ня супраць, канечне, беларускай школы, гэта свая мова, добра, калі яе ведаць”.

Маладая спадарыня: “Я думаю, дзеці павінны самі выбіраць — на якой мове яны хочуць вучыцца. З аднаго боку, некаторым дзецям падабаецца нашая мова, а некаторыя зь цяжкасьцю могуць вывучаць, дапусьцім, ангельскую мову празь беларускую, бо падручнікі на беларускай, для некаторых гэта цяжка. Хай асобныя клясы будуць, калі дзеці, бацькі іхнія хочуць, каб яны вучыліся на роднай мове, чаму б і не? Калі ў дачкі будзе атрымлівацца, аддам у беларускую, калі будуць цяжкасьці, то тады трэба будзе нешта думаць”.

Спадар: “Менавіта каб на беларускай была школа? Напэўна, не. Лепей бы вучылі на мове, на якой прынята ў жыцьці размаўляць. А беларускую — каб добра вывучалі б у гэтай жа школе. А ня так, як цяпер, калі беларуская хіба толькі гадзіну на тыдзень, дый расейскай, дарэчы, столькі ж, і ангельская падразаецца — дзеці ня будуць ведаць моваў ніякіх”.
У кожнай краіне павінна быць свая нацыянальная школа, не двухмоўе

Спадар: “Я б, канечне, аддаў бы. У кожнай краіне павінна быць свая нацыянальная школа, не двухмоўе, гэта ў зьмяі два языкі бываюць, так і тут. Іншай альтэрнатывы папросту не павінна быць. У свой час старэйшая дачка мая вучылася ў беларускай школе, і пасьля скасавалі яе, мне прыйшлося нават судзіцца са школай, але нічога не дабіўся. У мяне тры дачкі. Шкада, што мае дзеці не вывучалі беларускую мову належным чынам”.

Малады спадар: “Зразумела, што аддаў бы, але няма цяпер такой магчымасьці. Ня ведаю, гэтая праблема, напэўна, датычыць больш людзей, якія ня хочуць ці баяцца. Пазыцыя ўладаў таксама шмат значыць, бо я ведаю, што былі такія спробы стварэньня беларускіх клясаў, але ж яны адмаўлялі, казалі, што няма спэцыялістаў або яшчэ зь нейкіх прычынаў”.
Я за беларускую мову і за беларускія школы, каб яе было больш у Горадні

Спадар: “На гэты момант — так, змог бы. Беларускую мову трэба вывучаць і ведаць, каб яна была. Не, я ня супраць”.

Малады спадар: “Я падтрымліваю беларускія традыцыі. Гэта родная мова, я жыву ў Беларусі і аддаў бы сваіх дзяцей у беларускую школу”.

Спадар: “Нашы дзеці ў польскай школе вучацца, у 36-й, дзе ўсё на польскай мове”.

Карэспандэнт: “А каб не было польскай, а была беларуская, то маглі б аддаць туды вучыцца сваіх дзяцей?”

Спадар: “Маглі б, мы ня супраць”.

Жонка: “Я таксама, падтрымліваю свайго мужа. Я за беларускую мову і за беларускія школы, каб яе было больш у Горадні”.

XS
SM
MD
LG