Палітыка

Сяргей Касьцян ні пра што не шкадуе

Сяргей Касьцян

29.08.2008 21:09

Два доўгажыхары ў Палаце прадстаўнікоў, Сяргей Касьцян і Анатоль Красуцкі, зьнялі свае кандыдатуры з выбараў.

У чым прычына такога нечаканага павароту ў лёсах гэтых палітыкаў?

Анатоль Красуцкі і Сяргей Касьцян абіраліся ў склад Палаты прадстаўнікоў з 1996 году. Абодва ўваходзілі ў камісію па міжнародных справах. І яны актыўна рыхтаваліся да чарговага дэпутацкага тэрміну. Спадар Красуцкі тлумачыў, што жадае захаваць дэпутацкі мандат, каб выканаць абяцаньні выбарцам. Да прыкладу, ператварыць у “маленькі Парыж” пасёлак Трактарны.

Аднак пад час дэпутацкай дзейнасьці больш вызначыўся Сяргей Касьцян – а менавіта сваімі заявамі. Цягам 13-ці гадоў ён займаў месца ў цэнтры залі. Да прыкладу, спадар Касьцян заклікаў прыняць закон пра гвалтоўную стэрылізацыю алькаголікаў. А нядаўна заявіў, што на месцы Лукашэнкі неадкладна прызнаў бы незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

І раптам абодва доўгажыхары Палаты прадстаўнікоў зьнялі свае кандыдатуры. Спадар Красуцкі заявіў, што атрымаў “цікавыя прапановы, якія разглядаюцца”. А ў Палаце прадстаўнікоў ён ня хоча больш займацца рутынай. А чаму байкатуе выбары Сяргей Касьцян?

“Не, я не байкатую выбары. Я проста зьняў сваю кандыдатуру, вырашыў, што, можа, мне лепш заняцца больш славянскім рухам. І як старшыня Славянскага парлямэнцкага саюзу сканцэнтраваць сваю ўвагу менавіта на гэтым. Я гэтае рашэньне прыняў недзе тыдні два таму. Але пра гэта я маўчаў. Я спэцыяльна чакаў, каб паглядзець, хто зарэгіструецца па маёй акрузе і колькі будзе чалавек”.

Карэспандэнт: “Такая ходзіць думка, што Касьцян і Красуцкі не ўвайшлі ў афіцыйны сьпіс, падрыхтаваны ўладай?”

“Я ня ведаю, ёсьць такі сьпіс альбо не. Нічога я не магу сказаць па Красуцкаму”.

Сяргей Касьцян якраз сёньня прыехаў у адпачынак у Мазыр. Ён мяркуе, што сваю дзейнасьць будзе працягваць у Менску.

“Я так мяркую, што я буду ў Менску. З Мазыра кіраваць славянскім рухам нязручна. Я буду знаходзіцца ў Менску”.

Карэспандэнт: “Там дэпутацкая кватэра застаецца...”

“Ну ёсьць такая дамоўленасьць, што застаецца і дэпутацкая кватэра, і я буду займацца гэтай вось справай”.

Карэспандэнт: “Вы ні пра што не шкадуеце, сыходзячы з Палаты прадстаўнікоў?”

“Не, ні пра што не шкадую”.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітвязень Сяргей Скрабец так пракамэнтаваў сыход Касьцяна і Красуцкага:

“У тым, што яны зьняліся, тут толькі адна прычына. Загад ім быў такі, вось яны і зьняліся. Там ідуць іншыя людзі, узгодненыя па сьпісу Лукашэнкі. У нас усё па ўказцы тым людзям, якія ідуць ад улады. Што ў нас, няма працы для такіх людзей?! Навошта ў парлямэнце такія патрэбны – іншыя, такія ж самыя прыйдуць. Толькі сядзець і ціскаць кнопку “за”, там больш нічога рабіць і ня трэба”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Батрак Горад:: Могилёв
30.08.2008 11:06

Я думаю так, что они мудрые люди и вовремя уходят. Они хорошо знают свои
грехи перед народом. А слабые депутаты
прошедшие в ПП НС от оппозиции им бы
это напоминали.


Імя:: Сьведка
31.08.2008 04:05

А ўнук Касьцяна раз-пораз вывешвае бел-чырвона-белы сьцяг... У сям'і не без [выдалена за парушэньне правілаў форуму] (гэта пра дзеда).

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb