Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Захад не сьпяшаецца адказваць на “канкрэтныя крокі”


Паводле яго, гэткая сытуацыя “актывізуе спробы пэўных сілаў дэстабілізаваць становішча” ў Беларусі.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў сёньня, што нягледзячы на “шчырае жаданьне” Беларусі нармалізаваць стасункі з Захадам і Злучанымі Штатамі, ні Эўразьвяз, ні ЗША “не сьпяшаюцца з адэкватнымі мерамі” ў адказ на “канкрэтныя крокі” Менску.

Лукашэнка дадаў, што гэткая сытуацыя “актывізуе спробы пэўных сілаў дэстабілізаваць становішча” ў Беларусі. Беларускі прэзыдэнт не патлумачыў, ці маюцца на ўвазе ўнутраныя або замежныя дэстабілізацыйныя сілы.

Лукашэнка яшчэ раз запэўніў, што Беларусь правядзе парлямэнцкія выбары 28 верасьня “абсалютна сумленна”.

Нагадаем нашым чытачам, што на гэтым тыдні Хэльга Шміт, кіраўнічка палітычнага аддзелу ў генэральным сакратарыяце Рады Эўразьвязу, дала зразумець, што можна чакаць ад Эўразьвязу адмены візавых санкцый супроць некаторых беларускіх чыноўнікаў у адказ на вызваленьне палітычных вязьняў. Але Шміт таксама намякнула, што гэткі крок Эўразьвяз можа зрабіць толькі пасьля выбараў.

Нагадаем таксама, што на гэтым тыдні старшыня Сойму Літвы Чэславас Юршэнас сказаў, што вызваленьне палітычных вязьняў у Беларусі — “гэта сыгнал, які нельга ігнараваць і не заўважыць”. “Магчыма, варта трохі “паслабіць гайкі” ў палітыцы Эўразьвязу адносна Беларусі”, — дадаў Юршэнас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG