Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: плач і енк Мацкевіча я чую другое стагодзьдзе


А.Лябедзька ў ранішнім эфіры Свабоды адказаў на закіды палітоляга Ў.Мацкевіча.

Анатоль Лябедзька камэнтуе выказваньні Ўладзімера Мацкевіча:

“Безумоўна, я з павагай адношуся да іншых пазыцый, іншых кропак погляду, але тут скажу даволі выразна. Гэты плач і стогн Мацкевіча я чую зь мінулага стагодзьдзя, калі ён яшчэ сам балятаваўся на пасаду старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, канкуруючы з Станіславам Багданкевічам. Калі мы гаворым пра нейкі крызыс, то, відаць, хутчэй за ўсё наглядаецца крызыс пэўных асоб, людзей, якія ў нас зьвязаны з паліталёгіяй і з пэўнымі амбіцыямі, прэтэнзіямі быць экспэртамі. Вось гэта – нязьменна. Проста ёсьць факты, якія трэба прымаць да ўвагі.

Калі мы гаворым, што няма рашэньняў для краіны, то проста людзі ня хочуць бачыць таго, што ёсьць рэальна. Пад кожны зьезд, практычна кожны год АГП напрацоўвае інтэлектуальныя праграмы, прапановы для ўлады такія, якія проста нельга не заўважыць. Таксама, дарэчы, як і Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы. Таму што калі мы гаворым, што няма прапаноў для ўлады, і разам з тым ведаем, што на кангрэсе АДС нават была прынятая Малая канстытуцыя – гэта пагадненьне ўсіх палітычных структур аб тым, якой павінна быць сыстэма ўлады. Калі мы на зьезьдзе, які прайшоў, выпрацавалі пасланьні, выпрацавалі стратэгію, а нехта кажа, што такіх дакумэнтаў няма, то гэта можа сьведчыць толькі пра адно – гэтыя людзі ня ўдзельнічаюць у працэсе. Але гэта ня значыць, што жыцьцё застыла. Яно можа застыць у нейкай асобнай кватэры, але яно ня можа застыць для такой жывой структуры, як палітычная арганізацыя і партыя.

Я яшчэ катэгарычна не пагаджуся з тым, што ў АГП няма людзей з задаткамі лідэраў. Яны ёсьць, і ня трэба нікому даказваць – ні Мацкевічу, ні Лябедзьку, ні Чыгіру, ні Саснову, ні Багданкевічу, ні Казлоўскаму, ні Дабравольскаму, Пецінай, Марголінай – можна называць дзясяткі і дзясяткі такіх людзей. Я думаю, што трэба проста паважаць і людзей, якія маюць сваю пазыцыю, і паважаць іх працу. Я думаю, што нават беларуская ўлада заўважае тое, што мы робім”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG