Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці добра для апазыцыйнай партыі, калі яе 8 гадоў нязьменна ўзначальвае адзін і той чалавек?

Цыганкоў: “На зьезьдзе АГП, які прайшоў у нядзелю, старшынём АГП зноў быў абраны Анатоль Лябедзька, які ўзначальвае гэтую партыю ад 2000 году. На вашую, думку, ці гэта правільная “стабільнасьць” ці вы падзяляеце тыя іранічныя камэнтары, якія часам раздаюцца ў бок АГП з гэтай нагоды?..”

Мацкевіч: “Так, хутчэй іранічна, бо сёньняшнія адрозьненьні паміж апазыцыйнымі партыямі вельмі павярхоўныя. Усё роўна ў ніводнай партыі няма ані стратэгіі, ані праграмы дзеяньняў. Таму – ці то мяняюцца лідэры з адной абоймы, ці кожны зь іх стварае сваю “асабістую” партыю, ці – як у АГП – адзін чалавек нязьменна ўзначальвае партыю, усё гэта ня мае вялікага значэньня, калі партыі не ўплываюць на ход падзеяў і ня могуць змагацца за ўладу”.

Цыганкоў: “Але якая альтэрнатыва такой стабільнасьці? У БНФ дзьве часткі кіраўніцтва канфліктуюць паміж сабой ажно да пагрозы выключэньня, сацыял-дэмакраты размножыліся да трох партыяў і ўнутры іх ужо ўзьнікаюць фракцыі. Можа, прыклад АГП на гэтым фоне больш прывабны?”

Мацкевіч: “Не, я яшчэ раз падкрэсьлю, што калі партыя не ўяўляе сабой клюб, дзе выпрацоўваюцца рашэньні для краіны, калі там не выпрацоўваюцца стратэгіі перайманьня ўлады, то гэтыя адрозьненьні касмэтычныя паміж імі ніякай ролі не гуляюць.

На сёньняшні дзень партыі існуюць і дробяцца як “лідэрскія” структуры – сабраныя вакол нейкая лідэра. І калі сацыял-дэмакраты сёньня дробяцца на тры партыі, гэта сьведчыць толькі пра тое, што ў іх ёсьць некалькі лідэраў, якія могуць сабраць вакол сабе прыхільнікаў. У БНФ цяпер такіх лідэраў прынамсі два. У ў АГП дэфіцыт лідэраў прыводзіць да таго, што ўсё нязьменна”.

Цыганкоў: “З вашых словаў вынікае, што АГП – гэта таксама “лідэрская” партыя, і яна проста ёсьць інструмэнт палітычных амбіцыяў Анатоля Лябедзька. Мяркую, што многія сябры партыі з вамі не пагодзяцца...”

Мацкевіч: “Ну, зразумела, не пагодзяцца. Я ж сам дагэтуль ёсьць сябрам партыі – я зь яе не выходзіў. Але ж ведаю, што там няма сапраўднага абмеркаваньня сытуацыі. Гэта замкнёны клюб, які няздольны да пераменаў”.

А.Лябедзька: плач і енк Мацкевіча я чую другое стагодзьдзе

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG