Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пачаў дзейнічаць закон аб квотах на ўкраінскую музыку ў эфіры


Generic – Microphone

Generic – Microphone

З 8 лістапада ва Ўкраіне набылі сілу зьмены ў закон «Аб тэлебачаньні і радыёвяшчаньні», якія вызначаюць квоты на песьні на ўкраінскай мове на радыё, а таксама нормы вядзеньня радыёэфіру на ўкраінскай мове. Доля песень на дзяржаўнай мове павінна складаць ня менш за 35%, да таго ж 60% праграм вядоўцы, дыктары, дыджэі павінны весьці па-ўкраінску.

Парашэнка задаволены

«Нарэшце ўступае ў сілу закон аб квотах на ўкраінскамоўныя песьні ў радыёэфіры. Ужо сёньня кожная чацьвёртая песьня на ўкраінскім радыё будзе на ўкраінскай мове», — напісаў у Facebook прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Гэты закон Вярхоўная Рада прыняла 16 чэрвеня, украінскі прэзыдэнт падпісаў 6 ліпеня. Дакумэнт, у прыватнасьці, прадугледжвае, што доля песень на дзяржаўнай мове павінна складаць на працягу першага году ня менш як 25%, другога — ня менш як 30% і трэцяга — ня менш як 35%.

А вось мінімальная доля вядзеньня перадач на дзяржаўнай мове (у тым ліку навінаў і аналітыкі, забаўляльных перадач) павінна складаць на працягу першага году ня менш як 50%, цягам другога году — ня менш як 55%, на працягу трэцяга — ня менш як 60%.

Генэральны прадусар «Таўр-мэдыя»: квоты выконваюцца

Генэральны прадусар украінскага холдынгу «Таўр-мэдыя», куды ўваходзяць шэсьць FM-радыёстанцыяў, генэральны дырэктар радыё «Хіт FM» Віталь Драздоў на пытаньне Свабоды, як украінскія радыёстанцыі ўспрынялі такую навацыю, адказаў:

«Я магу казаць толькі за свой холдынг. Квоты выконваюцца. Уласна кажучы, наш холдынг пачаў рыхтавацца і паціху ўводзіць гэтыя квоты яшчэ паўгода таму, мы пачалі паступовае павелічэньне працэнтаў, таму сёньняшні дзень ня стаў для нас такой мяжой, пасьля якой пачала выконвацца ўкраінская музыка, а да гэтага яе не было. Не, тыдзень таму бальшыня нашых радыёстанцыяў ужо выконвалі ўсе новыя патрабаваньні па квотах.

Наконт звальненьняў дыджэяў, вядоўцаў зь іншых радыёстанцыяў нічога сказаць не магу, бо ня чуў пра такія выпадкі. У нас, прынамсі ў нашым холдынгу, псыхалягічна такіх настрояў пэўна няма. Наш холдынг, паўтаруся, гэтых квотаў прытрымліваецца, і ніякіх маніпуляцыяў, якіх апасаюцца пэўныя колы, мы ня робім. Як гэта ўспрымуць радыёслухачы і як гэта адабʼецца на рэйтынгу радыёстанцыяў, — пакуль казаць пра гэта заўчасна. Магчыма, мы даведаемся пасьля агульнарынкавага сацыялягічнага дасьледаваньня рэйтынгаў радыёстанцыяў, вынікі якога мы атрымаем толькі ў студзені. Відавочна, што некаторыя фарматы больш прымальна інтэгруюць у сябе павелічэньне ўкраінскай музыкі, некаторыя фарматы горш гэта зробяць. Але пра тое, як зьменяцца рэйтынгі радыёстанцыяў, казаць рана. Але супрацоўнікі радыёстанцыяў усё разумеюць, выконваюць, і ніхто ня скардзіцца».

У Беларусі квоты на беларускую музыку ўведзеныя 11 гадоў таму

11 гадоў таму ў Беларусі таксама была зацьверджаная квота беларускай музыкі на радыёхвалях — 75%. Але яна дазваляе песьні ў тым ліку і на расейскай мове, калі аўтары ці выканаўцы паходзяць зь Беларусі.

А вось мова вядзеньня праграм не прапісаная, таму большасьць беларускіх FM станцыяў — расейскамоўныя. Ёсьць, праўда, невялікія выключэньні — напрыклад, Радыё Сталіца. Што да музыкі, то Міністэрства інфармацыі яшчэ ў 2005 годзе загадала, каб беларуская музыка заняла 75% эфіру краіны. Праўда, удакладненьня, што песьні павінны выконвацца толькі на беларускай мове, не было. Да таго ж айчыннымі выканаўцамі сталі лічыць усіх музыкаў, кампазытараў, якія маюць беларускія карані: Андрэя Макарэвіча, Барыса Маісеева, Алёну Сьвірыдаву, Ігара Карнелюка, Юрыя Антонава, Аляксандра Рыбака, гурт «Корні» і нават Rammstein, гітарыст якога нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі.

«Недастаткова напісаць проста дабротны твор, неабходна прасоўваць»

Ці ідуць на такія «хітрыкі» ўкраінскія радыёстанцыі? Ці гэта ім і ня трэба рабіць, бо ўкраінская рок-музыка, поп-музыка ўсё ж такі больш разнастайная і багатая, чым беларуская? Генэральны прадусар украінскага холдынгу «Таўр-мэдыя», куды ўваходзяць шэсьць FM-радыёстанцыяў, генэральны дырэктар радыё «Хіт FM» Віталь Драздоў кажа:

«У нечым вы маеце рацыю, бо пэўная частка ўкраінскага шоў-бізнэсу на парадак вышэйшая за беларускі. У першую чаргу гэта тычыцца менавіта поп-музыкі.

Але значная частка ўкраінскіх музыкаў зразумелі патрэбы слухачоў і пачалі рабіць шоў-бізнэс больш-менш па-эўрапейску: з кліпамі, з PR-падтрымкай, з прамоўшанам, то бок па ўсіх законах. Беларускія артысты пакуль гэтым пахваліцца ня могуць. Толькі адзінкі спрабуюць рабіць гэта больш-менш так, як мае быць.

Тым больш што для радыё пасуюць ня ўсе песьні. Добрая песьня, якасная песьня — гэта ўсё субʼектыўныя характарыстыкі. А абʼектыўныя характарыстыкі — гэта наколькі палюбілі ці не палюбілі песьню слухачы. Дык вось каб песьню палюбілі людзі, недастаткова напісаць проста дабротны твор, але і трэба суправадзіць яго комплексам захадаў па прасоўваньні. У Беларусі такім чынам мала хто з выканаўцаў працуе, ва Ўкраіне — значна больш. У прынцыпе, украінскія музыкі, поп-музыкі, якія выконваюць у асноўным песьні на расейскай мове, якраз у гэтым дасягнулі большых посьпехаў. Яны значна больш намаганьняў патрацілі на стварэньне менавіта такога ў глябальным сэнсе гэтага слова кантэнту. То бок яны ня проста запісвалі песьню, але і суправаджалі яе цэлым комплексам захадаў: ідэалёгіяй канцэпцыі, PR-мерапрыемствамі і гэтак далей. З украінскамоўнымі выканаўцамі ў гэтым пляне было ня ўсё так добра.

Калі казаць пра рок-музыку, я б сказаў, што беларуская музыка апярэджвае ўкраінскую

Калі казаць пра рок-музыку, я б сказаў, што беларуская музыка апярэджвае ўкраінскую. Тут нельга казаць, што беларуская рок-музыка няякасная. Так, у цэлым з украінскай музыкай крыху лепш, чым зь беларускай. Але...

Але ёсьць украінскамоўная ўкраінская музыка, і ёсьць украінская музыка на іншых мовах. На мой погляд, калі казаць пра ўкраінскіх выканаўцаў, якія сьпяваюць на ангельскай мове — бо ў рок-музыцы такіх выканаўцаў даволі шмат, — я магу з ходу назваць прынамсі пяць гуртоў, якія робяць прадукт паводле ўсясьветных стандартаў, уключаючы ў тым ліку і кліпы. Гэта гурты Stoned Jesus, Synopsis — яны робяць сапраўды якасны прадукт, якога цяпер у эфіры стане, на жаль, менш — украінскай вытворчасьці на ангельскай мове. Але такія нюансы закону.

Мы прапаноўвалі ўнесьці яшчэ на стадыі законапраекту шмат прапаноў, якія будуць спрыяць паляпшэньню агульнага стану ўкраінскай культуры разам з паляпшэньнем сытуацыі па ўкраінскамоўных песьнях. Але нашы ўсе папраўкі, прапановы чамусьці ўспрымаліся нашымі апанэнтамі як спробы падмануць, прыдумаць «лазейкі», каб падманваць і далей. На маю думку, мы прапаноўвалі даволі разумныя рэчы, у тым ліку і тое, каб замацаваць у заканадаўстве пэўныя «льготы» для маладых артыстаў, а ня толькі для «Акіяну Эльзы», умоўна кажучы. Але пакуль маем тое, што маем«.

Акцыя ў падтрымку закону

Акцыя ў падтрымку закону

«Выкручваемся зь цяжкасьцю. Вымушаны ісьці на хітрыкі»

Беларусь мае ўжо даволі багаты досьвед — квоты на 75% беларускай музыкі дзейнічаюць больш за 10 гадоў. Яны збольшага выконваюцца. А якаснай беларускай музыкі бракуе, казаў некалькі месяцаў таму кіраўнік адной з камэрцыйных FM-станцыяў:

«Квоты дзейнічаюць дагэтуль. Выкручваемся зь цяжкасьцю. Якаснай музыкі вельмі мала, бо песьні пішуць некалькі чалавек, якіх на 75 працэнтаў не хапае, вымушаныя выходзіць з сытуацыі і круціць серадняк. Праз гэта ўсе радыёстанцыі падобныя адна да адной — ня маюць уласнага пазнавальнага аблічча.

Мы бяром песьню ў выкананьні беларускага сьпевака, прайграем адзін куплет і прыпеў, потым з наступнай таксама робім „нарэзачку“

Яшчэ адно выйсьце — начныя эфіры. У адну эфірную гадзіну ўмяшчаецца ад 11 да 14 кампазыцыяў. Мы бяром песьню ў выкананьні беларускага сьпевака, працягласьцю, напрыклад, чатыры хвіліны. Прайграем адзін куплет і прыпеў, потым з наступнай таксама робім „нарэзачку“, і ў гэтую эфірную гадзіну „ўціскваем“ 25 кампазыцыяў, якія і заносім у „плэй-ліст“. Так што ў пазарэйтынгавы час робім такі „мэга-мікс“. Ёсьць і іншыя хітрыкі. А што рабіць?

Прыкра, што за камэрцыйнымі станцыямі пільна сочаць, многім станцыям Міністэрства інфармацыі выносіла папярэджаньні, а вось дзяржаўным станцыям, кшталту Радыё Сталіца ды іншым, дазваляюць паслабленьні».

XS
SM
MD
LG