Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Доўгушаў: Беларусам патрэбная песенная тэрапія


Сяржук Доўгушаў

Сяржук Доўгушаў

Пакуль у сацсетках ідзе слоўная вайна зь лектарам БДУ, які абразьліва выказаўся пра Рыгора Барадуліна, музыка Сяржук Доўгушаў з аднадумцамі рыхтуюць да выданьня альбом вушацкіх песьняў. Пра «Падарунак для Барадуліна» мы і пагутарылі з каардынатарам праекту.

— Сяржук, даўняя беларуская традыцыя — рабіць нейкія паважныя справы талакой. Вось і вы вырашылі сталакавацца на talaka.by, каб зрабіць альбом «Падарунак для Барадуліна». Наколькі пасьпяхова рухаецца справа?

— Пераважна толькі сярод сваіх рухаецца. А хацелася б, каб у гэтым праекце паўдзельнічала як мага больш беларусаў. Наша задача — папулярызацыя Вушаччыны як радзімы Барадуліна, менавіта вушацкіх песень, якія сам Барадулін запісваў. Грошы паціху зьбіраюцца, і мы ўсё ж спадзяемся, што да заканчэньня кампаніі (засталося 25 дзён) мы зьбярэм патрэбную суму — 3000 дэнамінаваных рублёў. Гэта ня толькі на выданьне альбому, але і на арганізацыю канцэртаў на радзіме Барадуліна, у іншых гарадах. Мы мяркуем альбом прэзэнтаваць таксама ў вялікай зале Беларускай філярмоніі. Паколькі сродкі праз краўфандынгавую пляцоўку зьбіраюцца марудна, мы вырашылі правесьці ў падтрымку альбому канцэрты і сьпеўныя сходы. Спадзяемся на актыўнасьць нашых слухачоў, той, хто ахвяруе 10 рублёў, атрымае альбом у падарунак, для больш шчодрых ахвярадаўцаў прадугледжаныя іншыя падарункі, таксама і ад гуртоў-удзельнікаў праекту.

— А хто з гуртоў і выканаўцаў удзельнічае ў альбоме?

Вольная студыя

Гутаркі без цэнзуры зь дзеячамі культуры й навукі. Аўтар і вядучы Міхась Скобла

— Ужо двойчы ў дзень народзінаў Барадуліна, 24 лютага, мы ладзілі ў філярмоніі адмысловыя канцэрты. Так выступалі сучасныя фольк-гурты, сольныя выканаўцы, і цяпер мы вырашылі зрабіць зь імі трыбʼют народных песень. Альбом плянуецца сурʼёзны, нават хор будзе ўдзельнічаць. Сярод выканаўцаў назаву Ірэну Катвіцкую, гурт «Варган» — бліжэй да аўтэнтычнага варыянту. Гурт «Harmonic Style Project» выканае некалькі песень у крэатыўна-драйвовым варыянце, гурт «Re1ikt» — у рокавым. Але гэта толькі частка ўдзельнікаў. Рэпэртуар — пераважна з кнігі «Сама пайду дарогаю, голас пушчу дуброваю: песьні матчыны з Вушаччыны», якую мне ў свой час падарыў дзядзька Рыгор. Песьнямі зь ягонай радзімы — абрадавымі і жартоўнымі — я вельмі натхніўся. Будзе на дыску і запіс, зроблены Алесем Камоцкім, дзе тыя песьні сьпявае сам Барадулін. Таксама ў нашым распараджэньні ёсьць скарб — песьні ў выкананьні Куліны Андрэеўны, маці паэта, якія запісаў яшчэ ў 60-я гады Сяргей Панізьнік.

— 23 кастрычніка на пляцоўцы «Верх» (вул. Куйбышава, 22, 6 паверх) адбудзецца адмысловы Барадулінскі сьпеўны сход. У альбоме будуць песьні, якія можна сьпяваць усёй заляй?

— Будуць. Мы засьпяваем восеньскія і бяседныя песьні, жартоўныя — пра куму з кумой, а таксама ўлюбёную барадулінскую «Ой, лятала шэра перапёлка». Ёсьць зь дзясятак песень, якія ўжо ў актыве сьпеўных сходаў. Яны вельмі проста развучваюцца, і людзі іх з радасьцю сьпяваюць. Спэцыяльным госьцем барадулінскага сьпеўнага сходу будзе гурт «Re1ikt». Думаю, што ў падтрымку альбому мы арганізуем яшчэ два-тры сьпеўныя сходы. Каб толькі пасьпець да сканчэньня акцыі.

— Ці сачылі вы за скандалам вакол паста ў фэйсбуку лектара БДУ Аляксандра Гарашчэні, які абразьліва выказаўся пра Барадуліна?

Бараніць Барадуліна трэба не галаслоўна, а канкрэтнымі справамі

— Мяне яго словы вельмі абурылі, я нават хацеў яму адказаць у адпаведным тоне. Але потым перадумаў. Той лектар сваім выказваньнем проста засьведчыў сваю неадукаванасьць, вось і ўсё. Калі б ён прачытаў творы Барадуліна, дык такога сабе не дазволіў бы. Ён сабе толькі горш зрабіў. Але мяне зьдзівіла актыўнасьць людзей, куды большая, чым вакол нашага праекту. Сотні камэнтаў! Я заклікаю ўсіх неабыякавых не лаяцца зь цёмным чалавекам, а дапамагчы ў канкрэтнай справе — выдаць «Падарунак для Барадуліна». Бараніць Барадуліна трэба не галаслоўна, а канкрэтнымі справамі. Людзі цёмныя, на жаль, ёсьць і будуць, але я веру, што нармальных, адэкватных людзей больш. На таго лектара ня трэба столькі ўвагі зьвяртаць — дзень, два, тры, і ён забудзецца.

— Хтосьці назваў вашы сьпеўныя сходы песеннай тэрапіяй. Ад чаго можна вылечыцца пры яе дапамозе?

— Ад унутранай дысгармоніі, калі ў душы чагосьці не хапае, няма сувязі са сваёй спадчынай. І тут дапамагае глыбінная народная песьня. Беларусам песенная тэрапія якраз патрэбная. Пасьля супольных сьпеваў адразу настрой зьмяняецца, зьяўляюцца новыя думкі. Я сам неаднойчы назіраў — на абліччах расьцьвітаюць усьмешкі, яны пачынаюць выпраменьваць сьвятло. Сьпяваем разам — і ў соцень людзей вочы пачынаюць па-іншаму сьвяціцца. Песьня і яднае людзей, і дорыць ім хвіліны радасьці. Як пісаў той жа Рыгор Барадулін, «песьню і агонь людзі перахоўвалі з пакаленьня ў пакаленьне, са стагодзьдзя ў стагодзьдзе». Агонь «навучыўся» перахоўвацца сам, а вось песьню наступнікам перадаць — наш абавязак.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG