Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскі міт ва Ўкраіне: адстаўка Саакашвілі — пачатак ці канец ягонай кар’еры


Міхэіл Саакашвілі

Міхэіл Саакашвілі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі падаў заяву на адстаўку з пасады старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Галоўнай прычынай такога кроку ён назваў перадачу рэгіёну ў фактычнае кіраваньне крымінальнымі кланамі, якія як засталіся з часоў прэзыдэнцтва Віктара Януковіча, так і створаныя пры новых уладах.

На працягу дня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка так і не падпісаў указу пра адстаўку Міхэіла Саакашвілі. У Адміністрацыі кіраўніка ўкраінскай дзяржавы адзначылі, што такі дакумэнт будзе падпісаны пасьля таго, як будуць прааналізаваныя сапраўдныя прычыны звальненьня Міхэіла Саакашвілі, а Кабінэт Міністраў Украіны падрыхтуе адпаведнае хадайніцтва.

Часовае безуладзьдзе ў Адэскай вобласьці абяцае прыкрыць прэм’ер-міністар Уладзімер Гройсман. Ён не крытыкуе і не абараняе Міхэіла Саакашвілі за ягоны галосны ўчынак. «Мяне як прэмʼер-міністра Ўкраіны цяпер больш за ўсё хвалюе сытуацыя ў Адэскай вобласьці. Згодна зь дзейным заканадаўствам, калі прэзыдэнт задаволіць заяву старшыні абласной адміністрацыі, сама меней месяц пасьля гэтага будзе трываць конкурс на прызначэньне новага старшыні. Хачу са свайго боку запэўніць адэсітаў: пакуль рэгіён будзе заставацца бязь першага кіраўніка, сытуацыя ў Адэскай вобласьці будзе на маім асабістым кантролі», — запэўніў кіраўнік ураду.

З Грузіі праз ЗША ва Ўкраіну

Міхэіл Саакашвілі знаёмы зь Пятром Парашэнкам яшчэ са студэнцкіх гадоў — яны разам вучыліся на факультэце міжнароднага права Інстытута міжнародных зносін у Кіеўскім нацыянальным ўнівэрсытэце імя Шаўчэнкі.

Пятро Парашэнка і Міхэіл Сакаакашвілі

Пятро Парашэнка і Міхэіл Сакаакашвілі

Сьцьвярджаюць, што менавіта Пятро Парашэнка ў студзені 2004 году пазнаёміў яго і зь Віктарам Юшчанкам — дэлегацыя блёку «Наша Ўкраіна» прысутнічала на цырымоніі інаўгурацыі Міхэіла Саакашвілі, абранага прэзыдэнтам Грузіі пасьля «Рэвалюцыі ружаў».

Праз чатыры гады — у жніўні 2008 году, падчас расейска-грузінскай вайны, — Віктар Юшчанка, ужо ў статусе прэзыдэнта Ўкраіны, разам з калегамі з Польшчы, Літвы і Эстоніі зьдзейсьніў візыт у Тбілісі, дзе выступіў на мітынгу ў падтрымку Саакашвілі. Гэта не паўплывала на ход канфлікту з Расеяй, але ўзмацніла дачыненьні Ўкраіны з Грузіяй.

І ўжо ў сьнежні 2013 году, калі Кіеў быў ахоплены масавымі акцыямі пратэсту, Міхэіл Саакашвілі зноў прыехаў ва ўкраінскую сталіцу: ён сустрэўся зь мясцовай апазыцыяй і выступіў са сцэны на майдане Незалежнасьці перад удзельнікамі пратэсту. Прыехаў не адзін — дэпутаты грузінскага парлямэнту ад ягонай партыі «Адзіны нацыянальны рух» жылі ў намётах на Храшчаціку.

Пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча Міхэіл Саакашвілі яшчэ раз выступіў са сцэны Майдану, а ў канцы лютага 2014 году заявіў, што, нягледзячы на прапанаваную яму высокую пасаду ў вэртыкалі ўкраінскай улады, ня мае такіх плянаў — маўляў, сумуе па Грузіі, але шэраг прычын змушае зьехаць у ЗША (у сакавіку 2014 году галоўная пракуратура Грузіі абвінаваціла яго ў перавышэньні ўладных паўнамоцтваў, а ўжо ў жніўні грузінскі суд завочна арыштаваў былога грузінскага прэзыдэнта).

Потым яшчэ неаднаразова ўкраінскі палітычны істэблішмэнт абмяркоўваў магчымае прызначэньне Міхэіла Саакашвілі — і прэм’ер-міністрам, і першым віцэ-прэм’ерам. Але тады ён публічна адмовіўся, паколькі не хацеў мяняць грамадзянства Грузіі.

Праз год Міхэіл Саакашвілі ўсё ж пераступае парог публічнай украінскай палітыкі — ён пагадзіўся ўзначаліць Кансультатыўную міжнародную раду рэформаў, створаную прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Нібыта былы грузінскі прэзыдэнт меўся каардынаваць пытаньні паставак Украіне зброі і нават праводзіў пэўныя перамовы на гэты конт у Кангрэсе ЗША. Але на гэтай пазыцыі Міхэіл Саакашвілі адпрацаваў усяго тры з паловай месяцы — у траўні 2015 году ён атрымаў украінскае грамадзянства і быў прызначаны старшынёй Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.

Гэтая праца, дакладней яе выніковасьць, была вельмі важная для Саакашвілі — ён марыў старыць з Адэсы сталіцу Прычарнамор’я, але ня ўтойваў, што рана ці позна плянуе вярнуцца ў Грузію.

Міхэіл Саакашвілі

Міхэіл Саакашвілі

Кіраўніцтва Адэскаю вобласьцю ён пачаў з масавых звальненьняў старшыняў раённых адміністрацыяў, а ў сваю каманду запрасіў актывістку Эўрамайдану Юлію Марушэўскую, якая пазьней узначаліла Адэскую мытню, і Сашу Баравіка, які пэўны час працаваў намесьнікам міністра эканомікі Ўкраіны, але, пакінуўшы гэтую пасаду са скандалам, стаў намесьнікам старшыні Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.

Фактычна ўсе скандалы, якія суправаджаліся абвінавачаньнямі Міхэіла Саакашвілі ў адрас кіеўскіх уладаў, былі зьвязаныя або з мытнымі, або з інфраструктурнымі пытаньнямі, то бок найбольш карупцыйнымі ва Ўкраіне галінамі.

Не апошнюю ролю кіраўнік Адэскай вобласьці адыграў у адстаўцы Арсенія Яцанюка з пасады прэм’ер-міністра. Пэрыядычна ягоныя канфлікты з украінскімі палітыкамі — алігархам Ігарам Каламойскім у часы ягонага кіраўніцтва Днепрапятроўскаю вобласьцю і міністрам унутраных спраў Арсенам Авакавым — набывалі вялікі рэзананс. Адно з пасяджэньняў Рады па правядзеньні рэформаў ва Ўкраіне завяршылася тым, што Арсен Авакаў запусьціў у Міхэіла Саакашвілі шклянкай з вадою.

Стомленасьць ад барацьбы з сыстэмаю ці спроба ад яе адкалоцца?

Большасьць экспэртаў перакананыя, што агучаныя самім Міхэілам Саакашвілі прычыны адстаўкі — толькі нагода. Маўляў, такое рашэньне ён ухваліў раней, бо яму вельмі «цесна» ў межах кіраўніка вобласьці. Тым больш што сёлета ў траўні набыў моц новы закон пра дзяржаўную службу, адпаведна зь якім старшыням мясцовых дзяржаўных адміністрацыяў забараняецца самастойная палітычная дзейнасьць.

Косьць Бандарэнка

Косьць Бандарэнка

— Палітычная будучыня ў яго ёсьць, і ён разьвязвае сабе рукі менавіта для палітычнай дзейнасьці, гэта нават вынікае зь ягонай заявы, што барацьба будзе доўжыцца. Відавочна, што ў палітычнай плоскасьці яму значна ямчэй, чым у кіраўніцкай сфэры. Але на самой справе да яго і таго, што ён можа зрабіць, многія экспэрты ставіліся скептычна. Як палітык ён яркі папуліст, які ўмее запальваць публіку, кідаць добрыя фразы, якія ні да чога не абавязваюць, можа безь якой-небудзь адказнасьці рабіць гучныя заявы. Але тое, што тычыцца кіраўніцкай сфэры, давайце казаць шчыра: Адэская вобласьць пры ўсіх прэзыдэнтах займала месца ў першай пяцёрцы найбольш разьвітых абласьцей, якія давалі найболей сацыяльна-эканамічных вынікаў. Сёньня тыя вынікі, што дэманструе Адэская вобласьць, пакідаюць жадаць лепшага. Было вельмі шмат заяў пра барацьбу з карупцыяй у агульным украінскім маштабе: мы памятаем, як Саакашвілі рабіў тур па ўсёй Украіне, але ці паказала Адэская вобласьць вынік у барацьбе з карупцыяй? — кажа ўкраінскі палітоляг Косьць Бандарэнка.

Двойчы мэр Адэсы (1994-1998, 2005-2010) Эдуард Гурвіц шкадуе, што Міхэіл Саакашвілі падаў у адстаўку. Палітык лічыць, што былы грузінскі прэзыдэнт, пагаджаючыся на кіраваньне Адэскаю вобласьцю, не зусім разумеў умоў, у якіх яму давядзецца працаваць.

Эдуард Гурвіц, архіўнае фота

Эдуард Гурвіц, архіўнае фота

— Палітык, абвяшчаючы пра свой сыход, шэсьць разоў паўтарыў, што яму рэальна надакучыла і ён сапраўды стаміўся. Нават тое, што ў канцы яго выступу прагучалі словы «барацьба працягваецца», ужо наўрад ці кагосьці можа мабілізаваць на гэтую рэальную барацьбу. А змагацца ў Адэсе заўсёды ёсьць за што і з кім. Няхай у гэты момант пра памылкі Саакашвілі гавораць ягоныя ворагі. Мяне ў глыбіні душы абурае той факт, што сёньня заявіць пра адстаўку вымушаны кіраўнік абласной адміністрацыі, а не чалавек, які называе сябе мэрам, які мільёны даляраў вывеў у афшоры, у Расею, на рахункі бандытаў, што ваююць з Украінай. Горад абрабаваны, — кажа былы мэр Адэсы.

Эдуард Гурвіц дадае, што ад першапачатковай каманды Саакашвілі ўжо мала хто застаўся — раней у адстаўку пайшлі пракурор вобласьці, кіраўнік паліцыі.

— Калі казаць пра Саакашвілі, ня ён быў галоўнай праблемай Адэсы і рэгіёну, а ў адстаўку пайшоў менавіта ён. І хто ў Кіеве зможа запісаць сабе ў актыў гэтую адстаўку? Саакашвілі дамогся рэальных посьпехаў у Грузіі і хацеў гэта перанесьці ва Ўкраіну. Проста ён, відавочна, да канца не ўсьведамляў, у якіх умовах яму давядзецца працаваць. Адэса вельмі спэцыфічны рэгіён у палітычным пляне, ці не самы складаны ў краіне: займае больш як 30 тысяч квадратных кілямэтраў плошчы, незвычайны па разнастайнасьці насельніцтва (гэта 130 нацыянальнасьцяў), але і разам з тым гэта бурлівы кацёл, вельмі небясьпечны для краіны, — мяркуе ён.

Грузінскі фактар адстаўкі

Кіраўнік Цэнтра прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» (Кіеў) Уладзімер Фясенка перакананы, што яшчэ паўгода таму паплечнікі Міхэіла Саакашвілі ўгаворвалі яго падаць у адстаўку і пачаць самастойную палітычную дзейнасьць.

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

— Вырашальнай, але не адзінай прычынай для адстаўкі стала паражэньне партыі Саакашвілі на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі. Наколькі я ведаю, Саакашвілі апошнія месяцы вагаўся. У яго вясной адбылося досыць сурʼёзнае ахалоджаньне з прэзыдэнтам Парашэнкам, і звальненьні яго паплечнікаў, у тым ліку Давіда Сакварэлідзэ (звольнены з пасады пракурора Адэскай вобласьці сёлета ў сакавіку. — РС) сталі сурʼёзнай падставай для гэтага. Яны сталі ствараць сваю ўласную партыю ва Ўкраіне і ўгаворвалі Саакашвілі пайсьці ў адстаўку ўжо тады. Але прэзыдэнт Парашэнка ўгаварыў Саакашвілі застацца, — гаворыць палітоляг.

На думку Уладзімера Фясенкі, Міхэіл Саакашвілі спадзяваўся, што ягоная партыя ў Грузіі пасьпяхова выступіць на парлямэнцкіх выбарах:

— Але гэтага не адбылося. І ў Саакашвілі засталося два варыянты: альбо пайсьці з палітыкі і выкладаць у якім-небудзь з амэрыканскіх унівэрсытэтаў, што для яго эмацыянальнай натуры мала прывабная пэрспэктыва, альбо зрабіць спробу палітычна рэалізавацца ва Ўкраіне. Да таго ж, як мне здаецца, на пасадзе кіраўніка абласной адміністрацыі ён ужо, што называецца, упёрся ў столь. Як палітык, асабліва як патэнцыйна апазыцыйны палітык, як нейкая лібэральная альтэрнатыва ва Ўкраіне, ён адбыўся, мае прыкметныя рэйтынгі, а вось як кіраўнік вобласьці хутчэй праваліўся. Па большасьці сацыяльна-эканамічных паказчыкаў Адэская вобласьць саступае і Харкаўскай, і Днепрапятроўскай, і шмат якім іншым рэгіёнам. Перамог у барацьбе з карупцыяй, у рэформах там не адбылося, хоць чаканьне было вельмі вялікім. Вядома ж, Саакашвілі можа папракаць, што яму недастаткова дапамагалі, але трэба разумець, што ні ў аднаго з рэгіянальных лідэраў не было прамога выхаду на прэзыдэнта, як у яго. Ніхто ня меў такіх шырокіх магчымасьцяў. Саакашвілі проста недаацаніў гэтую сытуацыю: адна справа — быць прэзыдэнтам (у Грузіі) з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, іншая справа — быць кіраўніком вобласьці з абмежаванымі, у тым ліку і законам, паўнамоцтвамі. І вынік аказаўся вельмі сьціплым. Ён зразумеў, што ніякіх дасягненьняў ў Адэсе ў яго ня будзе, таму лепш сысьці і заняцца менавіта апазыцыйнай палітычнай дзейнасьцю.

— А як перамога партыі на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі магла дапамагчы Саакашвілі ва Ўкраіне?

— Ва Ўкраіне сымпатызуюць Саакашвілі, і ёсьць крытычна стрыманае, скептычнае стаўленьне да кіруючай партыі ў Грузіі, да «Грузінскай мары». Перамога партыі Саакашвілі азначала б актывізацыю ўкраінска-грузінскіх сувязяў, новую хвалю празаходніх настрояў у Грузіі, яшчэ большае збліжэньне Ўкраіны і Грузіі. Але гэтага не здарылася. Яшчэ да яго прыходу ва Ўкраіну ў якасьці кіраўніка Адэскай вобласьці ва Ўкраіне быў створаны міт, які пачынаў фарміравацца яшчэ ў часы Юшчанкі і нават завяршаўся ў часы Януковіча, як гэта ні дзіўна, — міт пасьпяховых грузінскіх рэформаў. У нас была створана прыгожая карцінка, але ж былі і неадназначныя рэформы, якія ў тым ліку сталі і прычынай паразы партыі на выбарах. Там былі сурʼёзныя праблемы, але пра гэта ў нас мала пісалі. Саакашвілі прыехаў ва Ўкраіну як пасьпяховы рэфарматар. Таму былі і вельмі завышаныя чаканьні ад яго. Як гэта часта бывае ва Ўкраіне, сьледам за завышанымі чаканьнямі надыходзіць бурнае расчараваньне — вось такія эмацыйныя арэлі. Зараз гэта выявілася і ў дачыненьні да Саакашвілі.

— Ці можа адстаўка Саакашвілі паскорыць рашэньне пра датэрміновыя парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне, і якія ў ягонай украінскай партыі пэрспэктывы?

— Саакашвілі ніяк ня можа паўплываць на набліжэньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў. І пратэставыя выбарнікі, якія цяпер аб’ядноўваюцца навокал партый Алега Ляшка і Юліі Цімашэнкі, да яго не пяройдуць. Украінскае грамадзтва досыць кансэрватыўнае, і ў нас хутчэй пераможа на выбарах папуліст альбо чалавек, які можа спалучаць лібэральныя ідэі, напрыклад, з кансэрватыўнымі, як гэта ні парадаксальна. Такі мікст ва Ўкраіне вельмі моцна працуе, як у выпадку з Юшчанкам і, дарэчы, з Януковічам. Чысты лібэралізм у нас асуджаны на няўдачу. Патэнцыйны электарат партыі Саакашвілі — гэта гарадзкая сярэдняя кляса, хоць далёка ня ўся. І частка гэтай клясы падтрымлівае розныя палітычныя сілы — «Самадапамогу» львоўскага мэра, ёсьць новае пакаленьне ўкраінскіх дэмакратаў, якім, дарэчы, не спадабалася, што ў партыі Саакашвілі дамінаваў культ ягонай асобы. Гэта вельмі паказальны момант. Абʼядноўвацца пад Саакашвілі будзе вельмі складана. Максымум, што магчыма — гэта праходжаньне ў парлямэнт, калі адбудуцца датэрміновыя выбары, у якіх я ня ўпэўнены ў найбліжэйшай пэрспэктыве. І, вядома ж, у выпадку праходжаньня ў парлямэнт Саакашвілі будзе прэтэндаваць на ролю прэмʼер-міністра, таму што менавіта такая стратэгія будзе разьвівацца прыхільнікамі Саакашвілі. Але на гэтую ж ролю будзе прэтэндаваць і Юлія Цімашэнка, і шэраг іншых палітыкаў. У парлямэнт ягоная партыя прайсьці можа, а вось адназначную і аднаасобную перамогу яна наўрад ці атрымае, будзе адной зь 5-6 і больш парлямэнцкіх партый. І невядома калі — у наступным годзе або ў 2019-м, на чарговых выбарах. А да 2019 году яшчэ шмат што можа зьмяніцца. Саакашвілі можа быць прыкметным фактарам ва ўкраінскай палітыцы, але не вырашальным і не дамінуючым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG