Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У мяне скралі тыдзень маёй агітацыі». Уладзімер Шанцаў патрабуе звольніць кіраўніка друкарні


Улёткі, якія растыражавалі Шанцаву ў магілёўскай друкарні

Улёткі, якія растыражавалі Шанцаву ў магілёўскай друкарні

Кандыдат у дэпутаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў дамогся, каб Магілёўская друкарня імя Сьпірыдона Собаля надрукавала ягоныя агітацыйныя матэрыялы. Шанцаў заяўляе, што змарнаваны тыдзень перадвыбарчай кампаніі. Таму ён накіраваў старшыні аблвыканкаму Ўладзімеру Даманеўскаму заяву, каб было разгледжана пытаньне пра звальненьне кіраўніка друкарні.

«Кіраўнік друкарні стварыў у калектыве атмасфэру страху, — тлумачыць свой зварот да кіраўніка абласной вэртыкалі Ўладзімер Шанцаў. — Я не магу выстаўляць прэтэнзіі супрацоўніку, які прымае замову. У яго быў адпаведны загад, і ён яго выконваў. Вінаваты кіраўнік, які выдае такія загады і інструкцыі. Цэнзуры не павінна быць у друкарні».

Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў 18 жніўня паспрабаваў дамовіцца з друкарняй, каб у ёй яму надрукавалі агітацыйныя матэрыялы.

Актывісту заявілі, што гэтую паслугу яму акажуць толькі пасьля таго, як акруговая камісія дасьць на тое дазвол.

«Мы ня першы раз праходзім перадвыбарчую кампанію, таму ведаем, хто і што піша. Мы яму не адмовілі. Зразумейце, мы дзяржаўнае прадпрыемства і ня можам браць на сябе адказнасьць. Пасьля ўзгадненьня мы дадзім яму адказ. Ніякага скандалу няма», — гэтак тлумачылі журналісту затрымку з выдрукам агітацыйных матэрыялаў у дзяржаўнай арганізацыі.

Пасьля ўзгадненьня агітацыйныя матэрыялы Шанцава ўзялі ў працу і толькі сёньня, 26 жніўня, партыец забраў 5000 сваіх улётак.

«Я разьлічваў, што ўлёткі забяру тыдзень таму. І цяпер разумею, што ў мяне скралі тыдзень маёй агітацыі», — камэнтуе сытуацыю кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Такая валакіта ня толькі з агітацыйнымі матэрыяламі, але і выбарчымі фондамі. Ярмошына заяўляе, што ў нас укараняецца эўрапейская практыка, аднак, гэта толькі словы. Скарыстацца гэтымі фондамі дужа цяжка. Зь імі адны перашкоды. Незразумела, чаму я мушу справаздачыцца за расходаваньне сродкаў перад акруговай камісіяй. Выходзіць, што са сродкаў фонду я магу раздрукаваць толькі ўлёткі. Сыстэма кантролю за расходаваньне створана такая, што акрамя ўлётак лепей ні на што болей ня траціцца», — абураецца Шанцаў.

«Перашкоды ж ня толькі з выбарамі зьвязаныя. Яны ўва ўсім», — дадае ён.

«Вазьміце хаця б бізнэс. Ён абкладзены праверкамі. Такім чынам створаная сыстэма кіраваньня, якая займаецца шкодніцтвам ува ўсіх сфэрах гаспадаркі. У выбарчы час кожны дзень дарагі. А тут перашкоды. Заканадаўцы жыцьця ня ведаюць, як і Ярмошына. Ім перад тым, як нешта рабіць, трэба прайсьці шлях ад самага пачатку, каб зразумець, што гэта такое».

Ва ўлётках, паводле Шанцава, самая крамольная фраза была «ўладу трэба мяняць, як падгузьнікі».

XS
SM
MD
LG