Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шорацу пакет — заявы на пікет». Чарговая акцыя Ўладзімера Падгола і Алеся Таўстыкі


26 жніўня кандыдаты ў дэпутаты Ўладзімер Падгол і Алесь Таўстыка правялі чарговую перадвыбарчую акцыю. Яны падалі заяўкі на будучыя пікеты ў сваіх акругах. Прычым кандыдаты 50 разоў хадзілі ў Менгарвыканкам падаваць заявы на кожны пікет. На вуліцы яны таксама трымалі сьцяжкі краінаў, дзе знаходзяцца амбасады і куды Алесь Таўстыка зьбіраецца ехаць. Уладзімер Падгол патлумачыў карэспандэнту Свабоды:

«Мы падавалі абвешчаньні на пікеты ў Менску на ўсе вуліцы, на ўсе дамы ў нашых акругах на ўвесь час да канца выбараў з 8-й раніцы да 22 гадзіны вечара. Апроч гэтага, Таўстыка падаваў абвестку ў Менгарвыканкам, як належыць паводле іхняга закону, аб сустрэчах і пікетах, якія могуць адбыцца ў яго ў 47 краінах зямной кулі. Бо да ягонага ўчастку прымацавана 47 участкаў у тых краінах, дзе ёсьць амбасады Беларусі. Па іхнім законе ён мусіць падаваць у Менгарвыканкам паведамленьне, што ён, напрыклад, у Вашынгтоне будзе сустракацца з супрацоўнікамі амбасады Беларусі».

Паводле Падгола, гэта была публічная падача заяў пры сьведках.

«Прычына гэтага палягае ў тым, што ўсе нашы заявы на пікет, якія мы падавалі, заканчваліся скандаламі. Нам тэлефанаваў нейкі супрацоўнік выканкаму і казаў, што мы, маўляў, позна падалі і ня маем права выходзіць на пікет. Што яны нам зробяць папярэджаньне і здымуць з выбараў. А ў іх такая форма падачы: стаіць скрыня зь дзіркай, куды трэба кідаць сваё паведамленьне. Ніхто не прымае, не рэгіструе. Як у сьметніцу. А яны потым робяць што хочуць. Таму мы сёньня і падалі заявы на ўсе пікеты на ўвесь час», — сказаў Падгол.

У нас з Таўстыкам былі павязкі на галаве — гэта чыста сымбалічна, што яны нас проста задзяўблі сваім хамскім прэсінгам

Паводле Падгола, пасьля рэгістрацыі кандыдатаў было ўведзена абмежаваньне: заяву на перадвыбарчы пікет трэба падаваць за двое сутак.

«Таму мы хацелі падкрэсьліць дэбілізм іхняга закону, гэтых двух сутак, і абмежаваньні кандыдатаў у дэпутаты ў кантактах з выбарцамі. У нас з Таўстыкам былі павязкі на галаве — гэта чыста сымбалічна, што яны нас проста задзяўблі сваім хамскім прэсінгам. Ну і мы іх сёньня задзяўблі», — сказаў карэспандэнту Свабоды Падгол.

Раней кандыдаты ў дэпутаты Ўладзімер Падгол і Алесь Таўстыка правялі пікет пад назвай «Куля для прэзыдэнта».На пікеце яны запатрабавалі ўвесьці кантроль на мяжы з Расеяй, каб не дапусьціць увозу ў Беларусь наркотыкаў, выбуховых рэчываў ды зброі з Расейскай Фэдэрацыі.

XS
SM
MD
LG