Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя амаль не карыстаецца роднай мовай, — член Савету Рэспублікі Марзалюк


Ігар Марзалюк

Ігар Марзалюк

Апазыцыя практычна не карыстаецца беларускай мовай, заявіў 25 жніўня на сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 84 член Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк.

«Што да мяне, то я сваю пазыцыю ніколі не мяняў. Я яе мэтанакіравана адстойваў. Ёсьць рэчы, якія трэба мяняць, у тым ліку трэба мяняць асобныя палажэньні ў законах аб беларускай мове», — сказаў Марзалюк, адказваючы на пытаньне БелаПАН, што ім было зроблена для ўмацаваньня і разьвіцьця беларускамоўнай адукацыі — ня толькі ў Магілёве, дзе такую адукацыю атрымлівае адно-адзінае дзіця, але і ва ўсёй краіне. Ігар Марзалюк ня стаў канкрэтызаваць, што менавіта неабходна мяняць «у законах аб беларускай мове», а таксама ня стаў ацэньваць, як часта карыстаюцца беларускай мовай прадстаўнікі ўлады.

«У мяне ў падʼезьдзе, як і ў іншых дамах, вісяць абʼявы з заклікам гарана і рана запісваць дзяцей у беларускія школы, у беларускія клясы. Адкрываюцца першыя клясы. Будуць жадаючыя, прыйдуць, укамплектуюць, будуць выкладаць дзьве школы ў горадзе Магілёве. І гэта не БНФ робіць, не АГП і ня іншая апазыцыя, а гэта робіць улада», — сказаў Марзалюк.

Старшыня Магілёўскай гарадзкой арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў выказаў меркаваньне, што «Ігар Аляксандравіч проста ня ў тэме».

«Абʼявы павесілі сябры Таварыства беларускай мовы. Мы надрукавалі за свае грошы 2000 абʼяў і зараз разьвешваем іх па горадзе», — сказаў Дзячкоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG