Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні асуджаных на «хімію» водзяць галасаваць калёнамі


Згодна з інструкцыяй асуджаныя «на хімію» заходзяць на ўчастак для галасаваньня па трое

Згодна з інструкцыяй асуджаныя «на хімію» заходзяць на ўчастак для галасаваньня па трое

Рэпартаж Свабоды з выбарчых участкаў Горадні, дзе датэрмінова галасуюць студэнты і асуджаныя на абмежаваньне волі.

Перад участкамі для галасаваньня ля Гарадзенскага аграрнага ўнівэрсытэту шматлюдна. Перапынак, студэнты прыбеглі прагаласаваць. Цікаўлюся ў дзьвюх дзяўчат — чаму датэрмінова галасуюць?

— А так трэба, нам сказалі.

— А хто сказаў?

— У нас у інтэрнаце нават абʼяву вывесілі на Белуша, 6, каб да 10-га прагаласавалі. Мы не мясцовыя, на выходныя адʼяжджаем, то трэба прагаласаваць.

У іншых цікаўлюся — за каго ці за што галасавалі?

— Ды гэта ня важна, галоўнае, што зрабілі. Цяпер ніхто ня будзе чапляцца, са спакойнай галавой на выходныя паедзем дадому.

З участку выходзіць назіральнік, абураецца і кажа, што нічога падобнага раней не сустракаў:

— Прыйшоў камэндант інтэрнату і пытае ў старшыні камісіі, каб тая дала сьпісы тых, хто прагаласаваў. Я ў шоку, пішам скаргу. Навошта наагул тады такія выбары праводзіць?

Размаўляю са старшынёй выбарчай камісіі, цікаўлюся, як праходзіць датэрміновае галасаваньне. Паводле вывешанага на дзьвярах пратаколу, за прамінулыя дні прагаласавалі ўжо каля трохсот чалавек.

— Вы ж самі разумееце, у нас тут усё традыцыйна, паколькі ў сьпісах пераважна студэнты. А яны, як правіла, на выходныя разьяжджаюцца па вёсках да сваіх бацькоў. Цяпер такая пара, што трэба бацькам дапамагаць на гаспадарцы.

Выйшлі з выбарчага ўчастку два хлопцы, прыпыніліся, каб пакласьці ў партфэлі пашпарты. Цікаўлюся ў іх — ці самі вырашылі прагаласаваць датэрмінова? Адказ атрымліваю адразу:

— Нас ніхто не прымушаў, дый навошта? Якія могуць быць выбары ў нядзелю, калі трэба ехаць дахаты і дапамагаць бацькам капаць бульбу?

На выбарчым участку ў Гарадзенскім аграрным унівэрсытэце

На выбарчым участку ў Гарадзенскім аграрным унівэрсытэце

На ўчастак для галасаваньня ў раёне вуліцы Лідзкай, дзе інтэрнаты, калёнай ідзе арганізаваная група мужчын. З выгляду можна здагадацца, што гэта жыхары дома № 29А — асуджаныя на «хімію». Бліжэй да дзьвярэй яны атрымліваюць інструкцыю ад чалавека ў цывільным, каб не сьпяшаліся, заходзілі на ўчастак па некалькі чалавек.

Ва ўчастку назіральнікі пішуць скаргу і кажуць, што парушаюцца правы выбарцаў. Адзін зь іх распавядае:

— Нядаўна прывялі такую ж групу. Робіцца гэта нібы пад канвоем: міліцыянт прыносіць купу пашпартоў і сам аддае старшыні камісіі, а потым забірае. Гэта парушэньне правоў выбарцаў, яны галасуюць пад прымусам. Старшыня камісіі адказвае, што гэта не яна іх прыводзіць, што гэта людзі, якія адбываюць пакараньне, і ў іх там, маўляў, свае законы, а яна толькі забясьпечвае ім права прагаласаваць.

Назіральнікаў гэтыя аргумэнты не задавальняюць. Цікаўлюся ў міліцыянта, які прывёў групу — чаму гэта робіцца датэрмінова, а ня ў дзень галасаваньня? Той адказвае, што толькі выконвае загад.

— Дый потым, многія зь іх працуюць у нядзелю, таму і прывялі сёньня.

Назіральнікі дабіваюцца — чаму людзі, якія адбываюць пакараньне на «хіміі», ня могуць прыйсьці без суправаджэньня? Маўляў, яны ж ходзяць па горадзе вольна? Міліцыянт у цывільным адказвае, што вольна ходзяць ня ўсе і толькі на працу.

Спрабую запытацца ў аднаго з «хімікаў» — ці хацеў ён ісьці галасаваць? Але бачу — хлопец робіць выгляд, што ня чуе пытаньня, адварочваецца, бо на яго глядзіць міліцыянт у цывільным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG