Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя заклікае дамагацца справядлівых выбараў праз масавыя акцыі


Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі, архіўнае фота
Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі, архіўнае фота

Акцыі пройдуць 10 і 12 верасьня ў цэнтры Менску.

Правацэнтрысцкая кааліцыя кліча на пікет

10 верасьня а 14:30 каля гатэлю «Менск» пройдзе вялікі правацэнтрысцкі пікет «За сумленныя выбары супраць фальсыфікацыяў».

Praspiekt Niezaliežnasci 11, Minsk, Belarus
Praspiekt Niezaliežnasci 11, Minsk, Belarus

У акцыі возьмуць удзел кандыдаты ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі, руху «За свабоду» і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Арганізатары запрашаюць усіх неабыякавых грамадзянаў «выказаць сваё стаўленьне да выбарчай кампаніі, якая завяршаецца, на афіцыйна дазволеным пікеце».

Як сказаў Свабодзе першы намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, мэта акцыі — «заявіць, што мы катэгарычна пратэстуем супраць той практыкі правядзеньня выбараў, якую можна назіраць цяпер», а таксама «патрабаваць, каб падлік галасоў быў адкрыты і празрысты як для сябраў выбарчых камісіяў, так і для назіральнікаў».

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька дадаў, што 10 верасьня акцыя Правацэнтрысцкай кааліцыі завершыць сэрыю тэматычных пікетаў, якія цягам выбарчай кампаніі ладзіліся супраць будоўлі Астравецкай АЭС, за эўрапейскую будучыню Беларусі і інш.

Акцыя будзе адбывацца згодна з заканадаўствам — адзін з кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі ўзяў дазвол у Менгарвыканкаме на правядзеньне перадвыбарчага пікету каля гатэлю «Менск».

Статкевіч заклікае на мітынг

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

12 верасьня а 18:00 на Кастрычніцкую плошчу заклікае кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, які арганізуе акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў».

Kastryčnickaja plošča 1, Minsk, Belarus
Kastryčnickaja plošča 1, Minsk, Belarus

Узгадняць акцыю з уладамі Статкевіч не зьбіраецца. Ён тлумачыць Свабодзе: улады ўжо даўно дазваляюць толькі некалькі штогадовых акцыяў, якія праводзяцца далёка ад цэнтру гораду.

«Але ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй беларусы маюць права на публічныя акцыі. А ў адпаведнасьці з прынятай у нашай частцы сьвету практыкай я зьбіраюся пісьмова папярэдзіць улады пра намер правесьці гэтую акцыю», — кажа Статкевіч.

Іншыя палітыкі пакуль ня клічуць на акцыі пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня. Як сказалі Свабодзе старшыня Партыі БНФ, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, іх палітычныя структуры не прымалі рашэньня арганізавана падтрымаць акцыю Статкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG