Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці можа просты выбарнік зафіксаваць парушэньне на выбарах?


Belarus - Election Observer Application, 9Sep2016

Belarus - Election Observer Application, 9Sep2016

Асноўны дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў пройдзе ў Беларусі 11 верасьня. Ад аўторка ідзе датэрміновае галасаваньне. Паводле афіцыйных зьвестак, прагаласавалі ўжо 16,71% выбарнікаў. Праваабаронцы і актывісты ня раяць галасаваць датэрмінова і адзначаюць фальсыфікацыі на датэрміновым галасаваньні.

А што рабіць, калі просты грамадзянін, не назіральнік, прыйшоў галасаваць і бачыць парушэньні?

«У першую чаргу трэба дазнацца, ці ёсьць незалежныя назіральнікі. Калі ёсьць — даць ім інфармацыю пра парушэньне», — кажа Свабодзе прэс-сакратар кампаніі назіраньня «Права выбару-2016» Ігар Барысаў.

Ён адзначае, што заўважыць фальсыфікацыі пры падліку галасоў выбарнікам ня ўдасца, бо яны не прысутнічаюць пры падліку. Незалежныя назіральнікі прысутнічаюць — і намагаюцца фіксаваць (ужо фіксуюць «анамальныя» лічбы па яўцы на датэрміновае галасаваньне на 50,7% участкаў, на некаторых участках афіцыйныя зьвесткі адрозьніваюцца ад падлікаў назіральнікаў у пяць разоў).

Але выбарнік можа зафіксаваць парушэньні ў час галасаваньня. Напрыклад, агітацыйныя плякаты кандыдатаў на ўчастку, адсутнасьць асадак у кабінках для галасаваньня, галасаваньне чалавека «за сваіх родзічаў», галасаваньне бяз пашпарта, а зь яго копіяй, галасаваньне пад пагрозамі і ціскам і іншае.

Ці выбарніку аўтаматычна дазваляецца самастойна фіксаваць парушэньні на дыктафон, фота ці відэа, Барысаў ня ўпэўнены. У гэтым выбарчым сэзоне, кажа ён, можна здымаць з дазволу старшыні камісіі, «аўтаматычны» ж дазвол даецца акрэдытаваным журналістам. Ён мяркуе, што здымаць без дазволу — гэта «на свой страх і рызыку».

Праўда, нават назіральніка, які здымаў «карусэльшчыкаў», гэтыя «карусэльшчыкі» разам зь сябрамі камісіі заблякавалі ў падсобным памяшканьні і патрабавалі выдаліць фота.

Зрэшты, сучасная тэхніка дазваляе зрабіць так, каб фота і відэа немагчыма было «прымусова выдаліць». Дзеля гэтага можна:

— Фіксаваць парушэньні на тэлефон, экран блякаваньня якога абаронены паролем альбо сканэрам адбіткаў пальцаў.

— Весьці жывую відэатрансьляцыю парушэньня на Facebook (кнопка «Эфір» альбо «Live» пры стварэньні паста са смартфона) альбо Periscope (Android, iOS), каб адбіраць тэлефон ня мела сэнсу.

— Рабіць фота і аўтаматычна заліваць іх на воблачнае сховішча. Напрыклад, калі на iPhone у наладах тэлефона ўключыць сынхранізацыю з iCloud, выдаленыя здымкі можна потым аднавіць у тэчцы «Нядаўна выдаленыя» (Recently Deleted). На Android можна выкарыстоўваць праграму Google Photos (яна ёсьць і на iOS), дзе пры ўключанай сынхранізацыі выдаленыя здымкі можна будзе адшукаць у тэчцы «Сьметнік» (Trash).

— Запісваць аўдыё, уключыўшы дыктафон на тэлефоне і паклаўшы яго ў кішэню, каб з кішэні выходзіў толькі мікрафон.

Пры адсутнасьці незалежнага назіральніка і недаверы іншым назіральнікам на ўчастку можна дзяліцца зьвесткамі пра парушэньні праз інтэрнэт: з кампаніяй «Праваабаронцы за свабодныя выбары», «Народным маніторынгам» Electby ці праз Android-праграму «Вочы». Можна і тэлефанаваць на гарачую лінію праваабаронцаў: у Менску нумары +375 29 865-64-25 і 865-64-26, нумары ў іншых гарадах тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG