За суткі да гомельскага канцэрту групы Brutto, які мае адбыцца 29 кастрычніка ў Лядовым палацы спорту, непрададзенымі заставаліся толькі каля трохсот білетаў. Такую лічбу назвалі ў сярэдзіне працоўнага дня ў касе прадусэрскага рэклямнага цэнтру «Арт Ворк». Усяго ў Лядовым палацы звыш 2,7 тысячы месцаў. Білеты каштуюць ад 30 рублёў у бакавых сэктарах да 75 рублёў у фан-зоне.
У Гомелі Brutto пакажа новую праграму — «Double Hot», у якую ўвайшлі трэкі з альбомаў «Родны край» і «Underdog», а таксама песьні, якія ўпадабаліся слухачам «ляпісаў» за апошнія дзесяць гадоў.
Як адзначаюць арганізатары канцэрту, прыемнай навіной будзе тое, што да Brutto далучыліся «дудкі» — духавая сэкцыя «ляпісаў».