Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохбаковая кантактная група зьбярэцца 16 чэрвеня, — Кучма


Чарговыя пасяджэньні трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі ва Ўкраіне заплянаваныя на 16 і 23 чэрвеня.

Чарговыя пасяджэньні трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі ва Ўкраіне заплянаваныя на 16 і 23 чэрвеня.

Пра гэта паведаміў журналістам прадстаўнік Украіны ў кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, перадае Інтэрфакс-Украіна.

Леанід Кучма таксама паведаміў, што Расея настойвае на пашырэньні фармату трохбаковых кансультацыяў праз удзел прадстаўнікоў так званых «ДНР» і «ЛНР»:

«Расея ведаеце на чым настойвае? Што фармат павінен быць не трохбаковы, які зацьвердзілі лідэры „нармандзкага фармату“ — Трохбаковая кантактная група. А яны хочуць — Трохбаковая група плюс прадстаўнікі асобных раёнаў Данбасу. Мы з гэтым пагадзіцца ня можам».

Паводле Кучмы, прадстаўнікі «ДНР» і «ЛНР» павінны прымаць удзел у кансультацыях «ня ў якасьці голасу, а ў якасьці кансультантаў». «Мы вядзем зь імі шырокі працэс перамоўны, але рашэньні павінны прымацца ў іншым месцы», — сказаў Кучма.

Кучма адзначыў, што на маючай адбыцца сустрэчы «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў МЗС у Парыжы гэтае пытаньне будзе адным з асноўных. «Ці зьменіць сваю пазыцыю Расея — мы сёньня пачуем. Там, я перакананы, гэта будзе адна з галоўных праблемаў. Зь якімі інструкцыямі прыедзе прадстаўнік Расеі туды — цяжка прадбачыць», — дадаў Кучма.

Паводле Кучмы, абвастрэньне сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны «ў пэўнай меры» зьвязана з такой пазыцыяй РФ адносна трохбаковых кансультацыяў. «Гэта зьвязана ня толькі з сытуацыяй у Менску, гэта зьвязана і з сустрэчай „сямёркі“, гэта зьвязана з тым, што хутка павінен адбыцца саміт ЭЗ, дзе павінны быць разгледжаныя праблемы санкцыяў», — сказаў Кучма.

Ён адзначыў, што Расея дае сыгнал:

Леанід Кучма

Леанід Кучма

«Як я сябе паводзіла, так і буду паводзіць, нягледзячы на ўсе санкцыі. Бо мы ўсе добра разумеем, што ўсе гэтыя санкцыі ні ў якім разе ня зьменяць пазыцыю Расеі. Запас у іх яшчэ вельмі вялікі, і яны яшчэ вытрымаюць. Больш Эўропа не вытрымлівае, чым Расея», — рэзюмаваў ён.

У Менску 2 чэрвеня пасяджэньне кантактнай групы па Ўкраіне сарвалася. Крыніца, блізкая да ўкраінскай часткі кантактнай групы, абвінаваціла расейскі бок у зрыве пасяджэньня. Прадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў пакінуў залю пасяджэньняў. Такім чынам, Расея фактычна сарвала пасяджэньне групы і паставіла пад рэвізію менскія дамоўленасьці.

Раней Францыя заклікала Расею, якая спрабуе прымусіць успрымаць сэпаратыстаў як «законных партнэраў», не перашкаджаць мірным перамовам трохбаковай кантактнай групы і яе чатырох працоўных падгрупаў па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Пра гэта пасол Францыі пры ААН Франсуа Дэлятр 5 чэрвеня заявіў на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН.

Спэцпрадстаўнік старшыні АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе Гайдзі Тальявіні заявіла, што пакідае сваю пасаду. Разам з прадстаўніком украінскіх уладаў Леанідам Кучмам і высокапастаўленым расейскім дыпляматам Азаматам Кульмухаметавым Тальявіні ўваходзіла ў трохбаковую кантактную групу па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў 4 чэрвеня пра гатоўнасьць Менску арганізаваць перамовы па ўрэгуляваньні канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны ў «любым фармаце», уключна з нармандзкім.

XS
SM
MD
LG