Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тальявіні пакідае кантактную групу па Ўкраіне


Хайдзі Тальявіні

Хайдзі Тальявіні

Спэцпрадстаўнік старшыні АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе Хайдзі Тальявіні вырашыла пакінуць сваю пасаду.

Пра тое, што Хайдзі Тальявіні «ня будзе далей выконваць свой мандат», паведамілі 6 чэрвеня швайцарскія СМІ. Пра прычыны адстаўкі інфармацыі няма, перадае Інтэрфакс.

Разам з прадстаўніком ўкраінскіх уладаў Леанідам Кучмам і высокапастаўленым расейскім дыпляматам Азаматам Кульмухаметавым Тальявіні ўваходзіць у трохбаковую кантактную групу па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе.

Кучма выказаў шкадаваньне ў сувязі з рашэньнем Тальявіні сысьці з пасады спэцпрадстаўніка старшыні АБСЭ па Ўкраіне.

«Пакуль адстаўка спадарыні Хайдзі Тальявіні не прынятая, магу выказаць шкадаваньне з нагоды яе сыходу і сваю падзяку спадарыні Тальявіні за канструктыўную працу на пасадзе прадстаўніка АБСЭ ў трохбаковай кантактнай групе», — сказаў Кучма.

Камэнтуючы адстаўку Хайдзі Тальявіні, канцлер Германіі Ангела Мэркель сказала, што яна «выканала выдатную працу». Канцлер лічыць «нармальным» рашэньне Тальявіні, таму што «вельмі складана быць так далёка ад дома». «Мы робім усё, што мы можам, каб знайсьці добрага пераемніка, які будзе такім жа добрым і будзе працаваць з такой жа энэргіяй у кантактнай групе. Гэтая група павінна працягваць сваю працу, таму што вельмі важна выканаць Менскія дамоўленасьці», — цытуе УНІАН канцлера ФРГ.

Тальявіні была прызначаная спэцпрадстаўніком старшыні АБСЭ ў складзе трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе ў чэрвені 2014 году.

6 чэрвеня ў МЗС Швайцарыі і АБСЭ пацьвердзілі, што Тальявіні хоча завяршыць свае паўнамоцтвы найбліжэйшым часам.

XS
SM
MD
LG