Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баямі пад Мар’інкай Расея хоча прымусіць Украіну да саступак і шантажаваць Захад, — Фясенка


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Учорашнія баі пад Мар’інкай былі самай сур’ёзнай успышкай гвалту зь лютага 2015 году, але гэта яшчэ не азначае, што ў Данбасе пачаўся новы віток маштабнай эскаляцыі канфлікту.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

«Я б пакуль не казаў, што гэта новы віток эскаляцыі. Але тое, што адбылося ўчора пад Мар’інкай, — гэта самае сур’ёзнае абвастрэньне, самыя маштабныя ваенныя дзеяньні з часоў баёў пад Дэбальцава», — кажа экспэрт.

Паводле слоў Фясенкі, пра гэта сьведчыць і колькасьць вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў баях (паводле розных ацэнак, ня менш за некалькі сотняў чалавек з кожнага боку), і задзейнічаньне артылерыі:

«Прычым украінскі бок упершыню за ўвесь час пасьля адводу цяжкіх узбраеньняў афіцыйна заявіў, што вымушаны быў вярнуць артылерыю пад Мар’інку, каб адбіць атаку сэпаратыстаў і расейскіх спэцназаўцаў. І гэта вельмі паказальна».

«На мой погляд, тое, што ўкраінскім войскам удалося адбіць атаку на Мар’інку, усё ж крыху стабілізуе сытуацыю. Думаю, што гэта была праверка боем. У свой час, у канцы лютага, Нямеччына і Францыя дапусьцілі, на мой погляд, прынцыповую і надзвычай грубую памылку, не адрэагаваўшы належным чынам на ваенныя дзеяньні пад Дэбальцава. Тады Расея і сэпаратысты надзвычай груба парушылі толькі што падпісаныя менскія дамоўленасьці, фактычна вялі актыўныя баявыя дзеяньні і выціснулі ўкраінскія войскі з-пад Дэбальцава (нягледзячы на дамоўленасьць аб замірэньні, дасягнутую на саміце „нармандзкай чацьвёркі“ ў Менску 12 лютага, баі за Дэбальцава працягваліся яшчэ амаль тыдзень. — РС). Цяпер яны паспрабавалі зрабіць тое ж самае, хоць і ў меншых маштабах, але гэтая спроба была няўдалая. Гэта, на мой погляд, можа ўсё-ткі захаваць пэрспэктыву для далейшага разьвіцьця менскага мірнага працэсу, бо інакш гэтая паўзучая эскаляцыя канфлікту магла працягнуцца, сэпаратысты маглі пайсьці далей, фармальна не выходзячы з рэжыму замірэньня — у гэтым была галоўная небясьпека. Тое, што яны атрымалі адпор, магчыма, прымусіць іх вярнуцца да перамоўнага працэсу, хоць пакуль гэта пытаньне застаецца адкрытым», — адзначае палітоляг.

Паводле слоў Фясенкі, тое, што адбылося ўчора пад Мар’інкай, многія назіральнікі зьвязваюць з тым, што 2 чэрвеня ў Менску паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне так і не адбылося:

«Тады Расея пайшла на дэмарш, расейскі амбасадар наагул пакінуў паседжаньне. Мяркуючы па ўсім, гэта зьвязана з тым, што Расея хоча фарсіраваць дасягненьне дамоўленасьцяў да летніх вакацыяў. Расея хоча дамагчыся ад Украіны сур’ёзных саступак, фактычна згоды Ўкраіны на свой варыянт кампрамісу ў Данбасе, каб выкарыстаць гэта для зьняцьця або зьмякчэньня заходніх санкцыяў. Але Ўкраіна настойвае на тым, каб спачатку быў спынены агонь і толькі потым вырашалася пытаньне аб палітычным урэгуляваньні. І, мяркуючы па ўсім, пасьля правалу перамоваў 2 чэрвеня Расея вырашыла ўжыць любімую тактыку „прымусу да міру праз вайну“ — гэта значыць, тое ж самае, што яны рабілі ў мінулым годзе, што яны рабілі ў студзені-лютым гэтага году. Яны вырашылі актывізацыяй ваенных дзеяньняў прымусіць Украіну да саступак і шантажаваць Захад дзеля таго, каб зноў-такі былі прынятыя расейскія ўмовы кампрамісу. Але тое, што ўкраінскія войскі далі адпор, на мой погляд, можа некалькі стабілізаваць сытуацыю», — лічыць палітоляг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG