Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Данецкам зноў пайшло ў ход цяжкое ўзбраеньне


Дым над Мар'інкай

Дым над Мар'інкай

«Украінскія вайскоўцы знаходзяцца на сваіх пазыцыях, над Мар’інкай лунае дзяржаўны сьцяг Украіны», кажуць у Генштабе Ўкраіны.

У Данецкай вобласьці паблізу населеных пунктаў Мар’інка і Краснагораўка сытуацыя стабілізавалася, украінскія вайскоўцы знаходзяцца на сваіх пазыцыях, паведамляюць у прэс-цэнтры штабу АТА.

Пад Мар’інкай ад раніцы 3 чэрвеня ішлі баі з выкарыстаньнем цяжкога ўзбраеньня. Паводле прэс-сакратара АТА Андрэя Лысенкі, сэпаратысты распачалі спробу прарыву ў раёне Данецку.

Па стане на 17:00, як паведамляў Радыё Свабода прадстаўнік АТА Леанід Мацюхін, сэпаратысты працягвалі атакаваць Мар’інку. «У цэлым там задзейнічана каля 500 чалавек», — адзначыў ён.

​Украінскія вайскоўцы для спыненьня наступу, папярэдзіўшы міжнародных партнэраў, былі вымушаныя ўжыць артылерыю, сьцьвярджае прэс-служба Генштабу. Там адзначылі, што артылерыя да гэтага была разьмешчана ў вызначаных менскімі дамоўленасьцямі раёнах у тыле.

Паводле Генштабу, у кірунку Мар’інкі баевікі ўжылі супраць сіл АТА больш за дзесяць танкаў і да тысячы чалавек. У выніку баявых дзеяньняў у Мар’інцы параненыя сем ўкраінскіх вайскоўцаў, паведаміў прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта ў пытаньнях АТА Аляксандр Матузянік.

​У Мар’інцы, паводле прэс-службы МУС у Данецкай вобласьці, загінуў адзін мірны жыхар, яшчэ чацьвёра параненыя.

Дырэктар траўматалягічнага цэнтру ў Данецку Аляксандр Апрышчанка заяўляе, што з-за абстрэлаў былі параненыя ня менш за 60 цывільных, адзін мірны жыхар загінуў.

«У нас 45 амбуляторных і 16 стацыянарных параненых, то бок цяжкіх. Гэта ўсе — і ваенныя, і цывільныя. Адзін мірны жыхар ад атрыманых траўмаў памёр», — паведаміў ён Радыё Свабода.

У Чырвоным Крыжы не змаглі пракамэнтаваць інфармацыю аб колькасьці параненых і загінуўшых.


Раней сёньня прэс-сакратар АТА Андрэй Лысенка заявіў, што раніцай 3 чэрвеня сэпаратысты распачалі спробу прарвацца ў раёне Данецкау у прыватнасьці, яны пачалі абстрэл пазыцый сіл АТА ў раёне Мар’інкі і Краснагораўкі, у тым ліку, зь цяжкога ўзбраеньня.

Сытуацыя ў зоне АТА на 3 чэрвеня

Сытуацыя ў зоне АТА на 3 чэрвеня


Сэпаратысты на сваіх сайтах пацьвярджаюць баявыя дзеяньні ў Мар’інцы. Пазьней Эдуард Басурын, які называе сябе «намесьнікам камандучага корпусам міністэрства абароны» «ДНР» заявіў, што баевікі не «вядуць наступальных дзеяньняў, а проста ўжываюць адэкватныя меры супраць узмацненьня генацыду народу Данбасу». Сэпаратысты таксама заяўляюць пра 15 загінулых са свайго боку.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк заявіў, што Расея дала ўказаньне «пачаць ваенную апэрацыю» на ўсходзе краіны перад самітам «Групы сямі», заплянаваным на 7-8 чэрвеня.

XS
SM
MD
LG