Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабоды ў інтэрнэце стала меней, байнэт несвабодны — Freedom House


Сытуацыя са свабодай у інтэрнэце пагаршаецца шосты год запар, сьцьвярджаюць амэрыканскія праваабаронцы Freedom House па выніках чарговага дасьледаваньня.

Дзьве траціны карыстальнікаў інтэрнэту жывуць у краінах, дзе пад цэнзурай крытыка ўраду, вайскоўцаў ці кіроўнай сямʼі краіны. А 27% жывуць у краінах, дзе могуць пасадзіць за лайкі і рэпосты. Карыстальнікі сацсетак сутыкаюцца зь беспрэцэдэнтнымі пакараньнямі, за год у 38 краінах адбываліся арышты за пасты ў сацсетках. Урады ўсё болей спрабуюць кантраляваць абароненыя мэсэнджэры кшталту Telegram.

Горш за ўсё са свабодай інтэрнэту ў Кітаі, Сырыі і Іране, але ў сьпісе несвабодных краінаў таксама Беларусь, Расея, Казахстан, Кітай, Саудаўская Арабія, Турэччына, Узбэкістан, Эгіпет і іншыя. Паступова пагаршаюцца справы ў прызнанай часткова свабоднай Украіне. А блізкая да Беларусі Эстонія наадварот у лідэрах рэйтынгу свабоды інтэрнэту разам з Ісьляндыяй.

Сытуацыя са свабодай у байнэце — беларускім сэгмэнце інтэрнэту — стала крыху лепей у 2016 годзе, сьцьвярджае Freedom House. З 64 балаў «несвабоды» (максымум 100), якія Беларусь мела ў 2015-м, краіна «адкацілася» да ўзроўню 2014 году — 62 балы «несвабоды». У 2011-2012 годзе Беларусь мела 69 балаў.

Але рэйтынг складаўся за пэрыяд з чэрвеня 2015 году па травень 2016-га, яшчэ да суду над блогерам Эдуардам Пальчысам, якога прызналі вінаватым у «распальваньні варожасьці» і «распаўсюдзе парнаграфіі»; да ўказу Лукашэнкі, паводле якога маглі б, але не забаранілі Skype і Viber; да паведамленьня Аmnesty Іnternational пра тое, што беларускія мабільныя апэратары дапамагаюць спэцслужбам Беларусі незаконна сачыць за людзьмі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG