Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае грамадзянства горшае за альбанскае і ганскае — Quality of Nationality Index


Generic - Quality of Nationality Index, 2Jun2016

Generic - Quality of Nationality Index, 2Jun2016

У Беларусі кепскі паказчык «свабоды вандровак», даволі неблагі — «свабоды пасяленьня» і сярэдні — «параўнальнай вартасьці грамадзянства».

У Індэксе якасьці грамадзянстваў сьвету за 2015 год Беларусь страціла некалькі пунктаў і апынулася на 82 пазыцыі са 161 магчымай. Грамадзянства Беларусі ацанілі крыху вышэй за ўкраінскае (87 пазыцыя), але ніжэй за расейскае (60-я), латвійскае (24-я), літоўскае (23-я) і польскае (22-я).

Рэйтынг ацэньвае парамэтры, якія ўплываюць на якасьць жыцьця грамадзяніна: маштаб эканомікі, разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу, грамадзкі парадак, стабільнасьць, бязьвізавы доступ для кароткачасовых паездак, магчымасьць бязьвізавага пражываньня і працы за мяжой (апошнія два маюць падвойную вагу ў параўнаньні зь першымі трыма).

Складае яго пяты год кампанія плянаваньня месца жыхарства Henley & Partners разам з прафэсарам Дзьмітрыем Кочанавым, загадчыкам катэдры канстытуцыйнага права Эўразьвязу ва ўнівэрсытэце Гронінгена ў Нідэрляндах.

Лідэры рэйтынгу сёлета — Нямеччына, Данія, Фінляндыя, Нарвэгія і Ісьляндыя. Беларусь жа суседнічае з Ганай, Альбаніяй і Калюмбіяй (месцы 79–81) ды Казахстанам, Гамбіяй і Бэнінам (месцы 83–85).

Паводле «ўнутраных» фактараў (эканоміка, чалавечае разьвіцьцё, мір і стабільнасьць) Беларусь 86-я, паводле «свабоды падарожжаў» (колькасьць краінаў зь бязьвізавым уездам для грамадзяніна) — 102-я, а паводле «свабоды пасяленьня» (тут улічваюцца паказчыкі чалавечага разьвіцьця і стану эканомікі ў краінах, якія грамадзянін можа наведаць і ў якіх пасяліцца бязь візы) — 28-я.

У агульным рэйтынгу Беларусь займала 78-е месца летась, 79-е — у 2013-м, 78-е — у 2012-м і 76-е — у 2011 годзе.

На сайце дасьледаваньня можна параўнаць некалькі краінаў па кожным парамэтры за адзін год або сумарна ў дынаміцы.

Параўнаньне з Расеяй (зьлева, зялёная) і Польшчай (справа, сіняя)

Параўнаньне з Расеяй (зьлева, зялёная) і Польшчай (справа, сіняя)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG