Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паўночнае зьзяньне — гэта сацыяльная зьява, — прадстаўнік БТ у судзе патлумачыў зьяўленьне на БТ «пірацкага» фота


Антон Матолька на судовым пасяджэньні

Антон Матолька на судовым пасяджэньні

У Вярхоўным судзе аднавіўся грамадзянскі працэс паводле пазову вядомага блогера Антона Матолькі да Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Блогер лічыць, што ягоныя аўтарскія правы былі парушаныя, і патрабуе ад БТ маральнай кампэнсацыі памерам 1 «стары» рубель. Сёньня суд вывучаў экспэртнае заключэньне, паводле якога фатаздымак паўночнага зьзяньня, зроблены Антонам Матолькам і выкарыстаны каналам «Беларусь-1», — нібыта не «мастацкі твор», а таму пазначаць аўтарства не было патрэбы і прэтэнзіі блогера неабгрунтаваныя. Антон Матолька лічыць наадварот.

Справа прынцыпу

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў сакавіку мінулага году. Тады ў ноч на 17 сакавіка над Беларусьсю паказалася паўночнае зьзяньне — вельмі рэдкая для нашых шыротаў прыродная зьява. Антону Матольку, які ня толькі піша вострыя блогі, але і прафэсійна займаецца фатаздымкамі, аднаму зь нямногіх у краіне ўдалося зьняць гэта на фотаапарат «Кэнан». Удалыя здымкі блогер разьмясьціў на сваім сайце, адкуль яны пайшлі гуляць па інтэрнэце.

Але гэта не азначае, што тэлеканал «Беларусь-1», які менш як празь дзень выкарыстаў ягоныя здымкі ў сюжэце «Паўночнае зьзяньне колеру беларускага сьцяга», не павінен быў пазначыць аўтарства, лічыць Антон Матолька. Блогер заўважае, што ў другім паказе, які адбыўся празь некалькі гадзін у вечаровым эфіры, журналісты БТ памылку выправілі і на яго спаслаліся, але перад ім так ніхто і ня выбачыўся.

«Калі б тады проста выбачыліся за тое, што спачатку не пазначылі майго імя, гэтага суду б не было. Але яны занялі іншую пазыцыю — што і ня трэба было спасылацца. Вось чаму цяпер ідзе суд», — патлумачыў сёньня сваю ўпартасьць Антон Матолька.

Паўночнае зьзяньне — прыродная ці сацыяльная зьява?

1 верасьня ў грамадзянскім працэсе Матолькі супроць БТ зьявілася прадстаўніца пракуратуры, якой на першым пасяджэньні суду ў ліпені не было. Але чаму такая ўвага пракуратуры, хіба гэта крымінальны працэс?

«Паводле закону пракуратура можа ўдзельнічаць і ў грамадзянскім працэсе на любой стадыі, але мы сапраўды вельмі зьдзіўленыя такой увагай і ня ведаем дагэтуль, што гэта можа для нас азначаць», — сказала журналістам у перапынку адвакатка блогера Марыя Колесава-Гудзіліна.

Паводле назіральнікаў за працэсам, прадстаўніца пракуратуры на сёньняшнім пасяджэньні паводзіла сябе ня вельмі заўважна: пытаньняў бакам не задавала, супраць большасьці хадайніцтваў, якія падаваў бок Антона Матолькі, не пярэчыла. Але ўважліва назірала за ходам працэсу.

Прадстаўніца пракуратуры

Прадстаўніца пракуратуры

Сярод сёньняшніх падзей на працэсе варта вылучыць заяву прадстаўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Андрэя Жылінскага пра тое, чым зьяўляецца для БТ паўночнае зьзяньне. Аказваецца, гэта зьява ня проста прыродная, а сацыяльная. «Прыродная зьява адбываецца ў навакольнай сацыяльнай рэчаіснасьці», — гэтак выказаўся юрыст Андрэй Жылінскі, калі тлумачыў, чаму на яе зьвярнулі ўвагу журналісты БТ ды выкарысталі здымкі Антона Матолькі, на якіх пераважалі зялёныя і чырвоныя колеры.

Тое, што пры першым паказе здымкаў Антона Матолькі не было пазначана яго аўтарства, прадстаўнік БТ патлумачыў «апэратыўнасьцю» начнога матэрыялу на тэлебачаньні. А чаму тады ў другім, вечаровым паказе сюжэту прозьвішча аўтара пазначылі? — задаў лягічнае пытаньне судзьдзя Віктар Коўшун. Андрэй Жылінскі мяркуе, што гэта была прыватная ініцыятыва журналістаў — хоць, на яго думку, можна было гэтага і не рабіць, бо фотаздымкі Антона Матолькі — не мастацкі твор.

Адвакатка Марыя Калесава-Гудзіліна

Адвакатка Марыя Калесава-Гудзіліна

Здымкі без фатафільтра — не мастацтва

Тое, што фатаздымкі беларускага паўночнага зьзяньня, якія зрабіў Антон Матолька, — не мастацкі твор, даводзіў у сваім заключэньні экспэрт Андрэй Чупрынскі. Кандыдат навук, дацэнт, загадчык катэдры апэратарства Акадэміі мастацтваў Андрэй Чупрынскі абгрунтаваў сваю пазыцыю шматлікімі цытатамі з навуковых твораў і асабістай думкай, у тым ліку пра тое, што фота Матолькі не адпавядаюць «закону мастацкай навізны», а таксама — што пры здымках паўночнага зьзяньня не выкарыстоўваліся адмысловыя фатафільтры.

Экспэрт Андрэй Чупрынскі

Экспэрт Андрэй Чупрынскі

Антон Матолька лічыць высновы экспэрта неабгрунтаванымі і субʼектыўнымі, а цытаты з працаў, на якія ён спасылаецца, падабранымі з пэўнай мэтай:

«Каб абгрунтаваць тое, што пазначаць аўтарства маіх фатаздымкаў не было патрэбы».

Блогер і ягоны адвакат зьбіраюцца прасіць суд прызначыць іншага экспэрта, якому змогуць давяраць абодва бакі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG