Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нятворчыя» фота дазволілі красьці? Разьбіраемся, што значыць першы дзень суду Матолькі і БТ


Антон Матолька, архіўнае фота

Антон Матолька, архіўнае фота

Беларускі закон аб аўтарскіх правах не дае прамога адказу, ці мог тэлеканал «Беларусь-1» выкарыстоўваць чужыя фота без дазволу і пазначэньня аўтарства. Але судзьдзя Віктар Коўшун прызначыў экспэртызу, якая мае вызначыць наяўнасьць у фота Антона Матолькі «творчай навізны, арыгінальнасьці, унікальнасьці і непаўторнасьці». Экспэртам будзе загадчык катэдры кінатэлеапэратарства Акадэміі мастацтваў Андрэй Чупрынскі.

Праверыць на «творчасьць» патрабавала Белтэлерадыёкампанія, якая не прызнала, што незаконна выкарыстала Матолькавы здымкі ў відэарэпартажы (не спытаўшыся дазволу і не пазначыўшы аўтарства). Рабіла гэта відавочна не з грашовых прычын: Матолька патрабаваў кампэнсацыю ў 1 рубель. На пытаньні Свабоды адносна суду прэс-сакратар БТ адмовілася адказваць: да абвяшчэньня канчатковага вэрдыкту ад камэнтароў устрымаюцца.

Ці значыць сам факт, што суд разглядае ня дзеяньні БТ, а «творчасьць» у здымках Матолькі, што нятворчыя фота можна браць, не спытаўшыся ў аўтара і не пазначыўшы яго?

Для кожнага фота патрабуецца асобная экспэртыза — адвакат

Адзін са здымкаў, за якія судзіцца Матолька. На сайце Свабоды здымак разьмяшчаўся са згоды аўтара

Адзін са здымкаў, за якія судзіцца Матолька. На сайце Свабоды здымак разьмяшчаўся са згоды аўтара

Згодна зь беларускім законам, абʼект аўтарскага права — толькі вынік творчай дзейнасьці. Але як такіх прыкметаў творчасьці няма, распавядае Свабодзе адвакатка Матолькі Марыя Колесава-Гудзіліна. У юрыдычнай навуцы спрэчка на гэтую тэму вядзецца ад пачатку ХХ стагодзьдзя.

У выпадку Матолькі адказнік у прынцыпе супраць таго, каб фатаздымкі ахоўваліся законам аб аўтарскім праве

У выпадку Матолькі, кажа яго адвакатка, адказнік у прынцыпе супраць таго, каб фатаздымкі ахоўваліся законам аб аўтарскім праве. Але пры цяперашнім законе для кожнага асобнага фота патрэбная экспэртыза, каб вырашыць, ці можна яго выкарыстоўваць так ці іначай. Калі гэта ня «творчасьць» — закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» не ўжываецца.

«Тое, што прызначана экспэртыза, яшчэ ня значыць, што ўсе фатаздымкі могуць выкарыстоўвацца, — кажа адвакатка. — Калі экспэртыза адкажа, ці маюць здымкі прыкметы творчасьці, тады можна паставіць пытаньне, ці можна іх выкарыстоўваць без дазволу і аўтарства. Экспэртыза ж кожны раз вырашае па-рознаму».

Адвакатка згадвае, што яе муж, фатограф «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін, 8 гадоў таму абараніў аўтарскія правы і атрымаў кампэнсацыю пасьля дзьвюх экспэртызаў: першая экспэртыза не прызнала ягоныя фота абʼектамі аўтарскага права, а другая прызнала.

Указ Лукашэнкі пра «поўнае і апэратыўнае асьвятленьне прыродных зьяваў»

Гэтае фота было ўзятае з платнага фотахостынгу Shutterstock — і за яго заплачана, хоць невядома, ці вынік яно творчай дзейнасьці згодна зь беларускім заканадаўствам. Фота ©Shutterstock

Гэтае фота было ўзятае з платнага фотахостынгу Shutterstock — і за яго заплачана, хоць невядома, ці вынік яно творчай дзейнасьці згодна зь беларускім заканадаўствам. Фота ©Shutterstock

На судзе прадстаўнік БТ спасылаўся на ўказ Лукашэнкі «Аб некаторых пытаньнях Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь»: маўляў, выкарыстаньне фота бяз аўтарства было апраўданае тым, што тэлеканал абавязаны клапаціцца пра апэратыўнасьць пры асьвятленьні прыродных зьяваў, але не заўсёды ёсьць магчымасьць вызначыць аўтара фота з сацсетак.

Белтэлерадыёкампанія забясьпечвае поўнае і апэратыўнае асьвятленьне жыцьця рэспублікі, яе ўнутранай і зьнешняй палітыкі

Ва ўказе сапраўды ёсьць наступная фраза: «Белтэлерадыёкампанія [...] забясьпечвае поўнае і апэратыўнае асьвятленьне жыцьця рэспублікі, яе ўнутранай і зьнешняй палітыкі». Аб прыродных зьявах увогуле і паўночным зьзяньні ў прыватнасьці ва ўказе не гаворыцца.

Таксама сумнеўна выглядае заява прадстаўніка БТ, што гэты ўказ вышэйшы за закон аб аўтарскім праве. У Канстытуцыі Беларусі напісана (арт. 137): «У выпадку разыходжаньня дэкрэта або ўказа з законам закон мае вяршэнства толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданьне дэкрэта або ўказа былі прадастаўлены законам». Пра абавязковае вяршэнства ўказа над законам не гаворыцца.

Праўда, Белтэлерадыёкампанія таксама заяўляла, што здымкі Матолькі — ня вынік творчай дзейнасьці, бо «прыгажосьць паўночнага зьзяньня стварыла прырода».

Навучыцца так здымаць можа любы, але ці гэта крытэр? — Малышчыц

Віктар Малышчыц

Віктар Малышчыц

Сярод здымкаў, выкарыстаных БТ у рэпартажы, за які судзіцца Матолька, быў і здымак фатографа Віктара Малышчыца. Можна сказаць і так, што Малышчыц нярэдка робіць здымкі, падобныя да тых, за якія судзіцца Матолька. Дык ці творчая гэта дзейнасьць, калі «не адзін Матолька так можа»?

Я цудоўна ведаю творчасьць Матолькі, гэта сапраўды вельмі творчы чалавек, і ён здымае не „тэхнічныя“ здымкі

«Само існаваньне гэтай катэгорыі „творчая дзейнасьць“ мне незразумелае. Нават калі бяз творчасьці, гэта я зрабіў, а ня хтосьці іншы, — кажа Свабодзе Малышчыц. — Але я цудоўна ведаю творчасьць Матолькі, гэта сапраўды вельмі творчы чалавек, і ён здымае не „тэхнічныя“ здымкі.

І тое палярнае зьзяньне, што ён здымаў, — там бачна, што ён ня проста ехаў і высунуўся ў вакно. Бачна ж, што спэцыяльна паехаў у Заслаўе, спэцыяльна на фоне царквы рабіў карцінкі. Я лічу, гэта адназначна вынік творчай дзейнасьці.

Ці ёсьць крытэрам творчасьці, што любы можа зрабіць такі здымак? Навучыцца пры жаданьні любы здолее. Але ж ня проста любы грамадзянін Беларусі, а любы, хто вельмі моцна задасца жаданьнем гэта зрабіць».

Рашэньне на карысьць БТ будзе значыць, што аўтарскія правы ніяк не абароненыя — Васюковіч

Аляксандар Васюковіч, архіўнае фота

Аляксандар Васюковіч, архіўнае фота

Фатограф-фрылансэр Аляксандар Васюковіч мяркуе, што рашэньне суду на карысьць БТ будзе значыць, што і іншыя змогуць выкарыстоўваць чужыя здымкі без дазволу і пазначэньня аўтара. І ён лічыць, што гэта кепска:

Адны экспэрты могуць прызнаць фота творчай працай, іншыя — не, тут справа густу можа адыграць ролю

«Гэта будзе значыць, што ў нас у краіне аўтарскія правы ніяк не абароненыя. Гэта неадʼемная частка аўтарскіх правоў. Але адны экспэрты могуць прызнаць фота творчай працай, іншыя — не, тут справа густу можа адыграць ролю. Але фатаздымкі — гэта такая ж праца.

Фатограф траціць час і грошы, каб дабрацца да месца, каб мець тэхніку. Калі вам у рэдакцыі заплацілі ганарар, гэта яшчэ ня значыць, што вы не затрацілі больш сродкаў, чым той ганарар. Вялікія праекты ніколі з адной публікацыі не акупляюцца. За мяжой даволі распаўсюджаная такая практыка, як паўторная публікацыя — за яе, вядома, плацяць менш, чым за першую, але плацяць. Нарэшце, калі ёсьць добры здымак, то добра, калі людзі даведаюцца, хто яго зрабіў.

Я лічу, ніводнае фота нельга браць без дазволу аўтара. І ня трэба склікаць нейкія там камісіі, каб адзначаць мастацкую каштоўнасьць. Незразумела, чаму ў нас машыну скрасьці нельга, а здымак можна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG