Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Матолька аспрэчыць экспэртызу, якая прызнала ягоныя фота «нятворчымі»


 Антон Матолька, архіўнае фота

Антон Матолька, архіўнае фота

Паводле экспэртнага заключэньня загадчыка катэдры Беларускай акадэміі мастацтваў Андрэя Чупрынскага наконт фатаграфій паўночнага зьзяньня, што зрабіў Антон Матолька, любы рэпартажны фотаздымак можа не падпадаць пад дзеяньне Закона аб аўтарскім праве і сумежных правах.

То бок рэпартажныя, падзейныя здымкі любы чалавек, а таксама сродкі масавай інфармацыі могуць выкарыстоўваць без дазволу аўтара?

У сакавіку 2015 года вядомы фатограф і блогер Антон Матолька выставіў у сацыяльных сетках здымкі рэдкай прыроднай зьявы – паўночнага зьзяньня. Дзьве фатаграфіі без дазволу аўтара выкарыстала Белтэлерадыёкампанія ў выпусках навінаў.

Спачатку Матолька патрабаваў у Белтэлерадыёкампаніі выплаціць яму ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды 20 мільёнаў рублёў. Аднак падчас судовых слуханьняў перадумаў і заявіў, што яму будзе дастаткова кампэнсацыі ў 1 рубель, а за кожную фатаграфію прасіў выплаціць па 10 базавых велічыняў – усяго 420 рублёў (4,2 мільёна старымі).

Паколькі беларускі Закон аб аўтарскіх правах не дае прамога адказу, ці мог тэлеканал «Беларусь-1» выкарыстоўваць чужыя фота без дазволу і пазначэньня аўтарства, судзьдзя Віктар Коўшун прызначыў экспэртызу, якая мелася вызначыць наяўнасьць у фота Антона Матолькі «творчай навізны, арыгінальнасьці, унікальнасьці і непаўторнасьці».

Экспэртам прызначаны загадчык катэдры кінатэлеапэратарства факультэта экранных мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў, кінааапэратар і кандыдат мастацтвазнаўства Андрэй Чупрынскі.

4 жніўня фатограф і блогер Антон Матолька атрымаў тэкст экспэртнага заключэньня на 9 старонках.

Адзін са здымкаў Матолькі, скарыстаных Белтэлерадыёкампаніяй. На старонках Свабоды фота разьмяшчалася са згоды аўтара

Адзін са здымкаў Матолькі, скарыстаных Белтэлерадыёкампаніяй. На старонках Свабоды фота разьмяшчалася са згоды аўтара

Сьцісла, сутнасьць такая: экспэрт Чупрынскі не прызнае фатаздымкі паўночнага зьзяньня, якія зрабіў Антон Матолька, вынікам творчай дзейнасьці.

Паводле меркаваньня Чупрынскага, «фатаздымка сытуацыі, прыродных зьяваў, якія хутка зьмяняюцца, такіх як маланка, зацьменьне, вясёлка, паўночнае зьзяньне, прыраўноўваецца да падзейнай здымкі і фіксуе факт той ці іншай зьявы... Падчас здымкі такой прыроднай зьявы ў фатографа няма часу абраць найбольш выгадны ракурс, наладзіць камэру, усталяваць штатыў і выкарыстаць іншыя сродкі, каб рэалізаваць творчую задуму».

Спадар Чупрынскі лічыць, што Антон Матолька «выкарыстаў стандартны набор тэхнічных функцый фотакамэры» і «мінімальны пакет опцыяў графічнага рэдактара Adobe Photoshop». Таму экспэрт робіць выснову, што фатаграфіі не зьяўляюцца якасна новымі па жанры, задуме, канцэпцыі і сюжэце, не валодаюць прыкметамі творчай навізны і арыгінальнасьці, а таксама ня маюць прыкмет рэдагаваньня.

Антон Матолька, архіўнае фота

Антон Матолька, архіўнае фота

«Фактычна гэта азначае, што любая рэпартажная фатаграфія не трапляе пад дзеяньне Закона аб аўтарскіх і сумежных правах. А гэта азначае, што рэпартажныя, падзейныя здымкі любы СМІ, любы чалавек можа выкарыстоўваць без дазволу аўтара. Гэта няправільна», – такое меркаваньне выказаў Антон Матолька, азнаёміўшыся з экспэртным заключэньнем.

«Нятворчыя» фота дазволілі красьці? Разьбіраемся, што значыць першы дзень суду Матолькі і БТ

Матолька зьбіраецца падаваць у суд хадайніцтва аб прызначэньні паўторнай экспэртызы:

«Мы будзем аспрэчваць гэту экспэртызу і патрабаваць прыцягнуць іншых аўтарытэтных адмыслоўцаў. Пакуль не магу сказаць, каго канкрэтна – беларускіх ці замежных».

Мяркуецца, што наступнае судовае паседжаньне адбудзецца не раней за 30 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG