Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Безальтэрнатыўны Румас

абноўлена

Сяргей Румас, архіўнае фота
Сяргей Румас, архіўнае фота

Сёньня ў Менску сабралася кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу: профільныя падразьдзяленьні трымаюць справаздачу за чатыры папярэднія гады і прадставяць стратэгію разьвіцьця да 2020-га. Таксама дэлегаты канфэрэнцыі абяруць новае кіраўніцтва. Але інтрыгі ў гэтым пытаньні няма адпачатку: на безальтэрнатыўнай аснове на вышэйшую пасаду прэтэндуе Сяргей Румас, дзейны старшыня фэдэрацыі.

За апошнія чатыры гады беларускаму футболу ў маштабах краіны пахваліцца асабліва няма чым. Нягледзячы на амбітныя заданьні, у нацыянальнай зборнай праваліліся пляны трапіць у фінальныя стадыі чэмпіянатаў сьвету і Эўропы. Згодна з рэйтынгам ФІФА, пры канцы 2014-га Беларусь упершыню за апошнія паўтара дзясятка гадоў выбыла з топ-100 камандаў сьвету. Як лічыць адзін з самых дасьведчаных беларускіх трэнэраў Леанід Гарай, кульгае ня столькі агульны ўзровень майстэрства мясцовых гульцоў, колькі маральна-псыхалягічны стан:

«У свой час мы аб’езьдзілі ўсю Эўропу, у Паўднёвай Амэрыцы шмат дзе пабывалі — ад Гватэмалы да Мэксыкі. Пры тым, што савецкія футбалісты не былі хлопчыкамі для біцьця, але, як правіла, саступалі многім супернікам у тэхнічным майстэрстве. Прайгравалі, калі справа даходзіла, скажам так, да выканаўчых момантаў. Гэта ў спадчыну атрымалі і цяперашнія маладыя футбалісты. То бок фізычна мы здаровыя, можам працаваць, бегаць, а вось тэхнічнае майстэрства кульгае. А гэта надзвычай важны аспэкт у футболе.

Валявыя якасьці нібыта таксама ёсьць, але, зноў жа, чагосьці не хапае. Разумееце, у чалавеку важна выхаваць ня толькі фізычную моц, але і духоўную. Шчыра кажучы, не хачу нікога пакрыўдзіць, але сёньняшнім і трэнэрам, і гульцам не хапае ўнутранай матывацыі. Няма таго энтузіязму, адданасьці сваёй краіне, адданасьці Радзіме, якія былі ў наш час. Каб самааддача была вышэйшага гатунку, а ня проста адпрацоўкай на полі. Каб выходзілі і біліся да апошняга. Вось чаго не хапае».

Няма таго энтузіязму, адданасьці сваёй краіне, адданасьці Радзіме, якія былі ў наш час

Практычна не разьвіваецца спартовая інфраструктура — стадыёны, трэніровачныя пляцоўкі, дзіцячыя спартовыя школы. У цэнтры Менску зруйнавалі галоўную футбольную арэну — стадыён «Дынама» — і ўцямнай канцэпцыі яе аднаўленьня няма дагэтуль. Прынамсі, так і не зразумела, ці будзе там месца футбалістам. Праект Нацыянальнага стадыёну ў раёне трактарнага заводу спартовай грамадзкасьці таксама не прадстаўлены — нягледзячы на тое, што пад будучы стадыён Фэдэрацыя футболу нават пасылала заяўку ў штаб-кватэру УЭФА, каб прыняць некалькі матчаў Эўра-2020 (у гонар 60-гадовага юбілею першага чэмпіянату Эўропы). У Паставах зачынілася футбольная акадэмія, якая лічылася адной з самых пэрспэктыўных базаў разьвіцьця дзіцячага футболу ў краіне.

Стадыён "Дынама"
Стадыён "Дынама"

Між тым ахвотных цягнуць на сабе футбольную гаспадарку, якая фінансуецца збольшага паводле астаткавага прынцыпу, няшмат. Магчыма, перадусім гэтым тлумачыцца безальтэрнатыўнасьць фігуры Сяргея Румаса на пасадзе старшыні Фэдэрацыі футболу. Прадстаўнік штабу каманды «Тарпэда-БелАЗ» з Жодзіна Сяргей Пузанкевіч лічыць, што разумна даць спартоваму чыноўніку адпрацаваць яшчэ адзін тэрмін:

Сяргей Пузанкевіч
Сяргей Пузанкевіч

«Праблем вельмі шмат. Але трэба адзначыць, што чалавек на такім месцы, калі ён займае кіроўную пасаду, павінен мець ці ўласны капітал, ці досыць адчувальную вагу ў грамадзтве. Таму, на мой погляд, пасьля першага тэрміну ня трэба ўсё руйнаваць, ня варта шарахацца з боку ў бок. Гэта першае. Па-другое, я ўпэўнены: без дапамогі дзяржавы, без дапамогі ўласных структур разьвіцьцё спорту ў Беларусі на дадзены момант немагчымае. Чалавек ніадкуль прыйсьці ня можа. Людзі, мабыць, адэкватна разьлічваюць уласныя сілы, бачаць, што цяжка скласьці канкурэнцыю чалавеку, які мае вагу ў сваёй галіне, мае вагу ў дзяржаве і за прамінулы час зьмястоўна сутыкнуўся са справамі беларускага футболу, ведае, што гэта такое на ўсіх этапах.

Ну, а тое, што праблемаў у нас шмат? Безумоўна, а дзе іх няма? На жаль ці на шчасьце, культывуецца шмат відаў спорту. Нягледзячы на тое, што футбол нібыта і спорт № 1, хацелася б, каб увагі было крыху больш. Гэта таму, што я займаюся футболам. Але любы валейбаліст, баскетбаліст скажа: на яго погляд, увагу трэба аддаваць ягонаму віду спорту. То бок, гаворачы пра футбол, у футбаліста пра нешта запытваць не выпадае: кожны кулік будзе хваліць сваё ўласнае балота».

Стадыён "Дынама"
Стадыён "Дынама"

З адноснай нацяжкай можна гаварыць і пра беларускасьць тутэйшага футболу. Да нядаўняга часу футбольная сфэра была скрозь расейскамоўная, і, як адзначае ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак, толькі апошнім часам акрэсьліўся пэўны разварот у бок нацыянальнай адметнасьці:

Ігар Случак
Ігар Случак

«Прагрэс калі і ёсьць, то ён пачаўся літаральна ў гэтым сэзоне — пры канцы 2014-га, на пачатку 2015 году. Раней нейкіх заўважных зрухаў ад фэдэрацыі на прасоўваньне беларускай мовы не было. Цяпер што магу са станоўчых момантаў назваць — дык гэта тое, што афіцыйныя календары фэдэрацыі выйшлі цалкам беларускамоўныя. А таксама тое, што гульцам нацыянальнай зборнай пачалі пісаць прозьвішчы на майках у трансьліце зь беларускай мовы. Раней у абсалютнай бальшыні выпадкаў гэта была расейскамоўная трансьлітарацыя. А так, каб фэдэрацыя рабіла нейкія крокі на заахвочваньне футбольных клюбаў да шырэйшага выкарыстаньня беларускай мовы, — такога не было.

Калі па шчырасьці, я адмыслова ў фэдэрацыю ніколі не пісаў, каб яна пачала больш выкарыстоўваць мову і заахвочваць да гэтага клюбы, бо лічу, што трэба ўсё ж даваць шанцы, каб яны самі прыходзілі да роднай мовы, выбіралі яе. Асабіста я не прыхільнік нейкай цэнтралізацыі, каб людзям загадвалі. Пры гэтым у клюбах заўсёды казалі: калі паступіць нейкі загад з фэдэрацыі на тое, каб беларуская мова выкарыстоўвалася на футболках ці ўвогуле больш шырока, то тады яны пачнуць гэта рабіць. Той жа самы БАТЭ для вырашэньня беларускага пытаньня прапаноўваў мне зьвяртацца якраз у фэдэрацыю».

Апошнім часам досыць звыклай справай сталі перабоі ў выплаце заробкаў футбалістам і трэнэрам: фінансавы крызіс, які адчувальна ўдарыў па беларускіх прадпрыемствах, завязаных на расейскі рынак, робіць сацыяльную нагрузку ў выглядзе футбольных камандаў занадта дарагой прыемнасьцю. І, як мяркуюць адмыслоўцы, памер запазычанасьці перад клюбамі ў сёлетнім сэзоне можа істотна вырасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG