Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне палітыкі


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Паводле распаўсюджаных меркаваньняў палітыка — гэта альбо парлямэнцкія жарсьці альбо народ на плошчы, які штурмуе прэзыдэнцкі палац, альбо, у самым горшым выпадку — пераварот у тым самым палацы. Нічога гэтага ў цяперашні момант у Беларусі няма і блізка. Але гэта не азначае, што няма палітыкі.

Дэмакратыі ў яе сучасным разуменьні — недзе так гадоў 200. Між тым чалавецтва жыве тысячагодзьдзі і палітыкай людзі займаліся задоўга да зьяўленьня дэмакратыі. Калі спрошчана, то гэта сутыкненьне інтарэсаў вялікіх групаў насельніцтва. І зараз у Беларусі мы гэтае сутыкненьне назіраем. Размова ідзе аб пошуку адказу на расейскі эканамічны крызіс, які сьціснуты ў адно слова — дэвальвацыя. Так ці не.

У айчыннай аналітыцы існуе традыцыя саентызацыі, навукавізацыі падобных праблемаў. Маўляў, ёсьць эканамічная навука, правільныя рэцэпты якой вядомыя гуру — жрацам гэтай навукі, і недаступныя прафанам — простаму люду, журналістам з гуманітарнай адукацыяй, ну і тупой, неадукаванай уладзе. Між тым мае права на існаваньне пункт гледжаньня, што гэта залішне спрошчаны погляд.

Як казаў у свой час Томас Гобс, калі б аксіёмы геамэтрыі закраналі інтарэсы людзей, за іх вяліся б войны. Аксіёмы і тэарэмы эканамічнай навукі закранаюць, і вельмі істотна. Спасылкі на навукова правільны адказ па змоўчваньні прадугледжвае, што ў выніку яго выкананьня будзе лепш. Каму? Калі? А вось з адказамі на гэтыя пытаньні складана і ў навуцы. Безумоўна, існуюць рашэньні, дурныя зь любога пункту, ад якіх кепска робіцца ўсім. Але, як правіла, кожнае рашэньне ў падобнай сытуацыі зробіць бяднейшымі адных, і захавае дабрабыт, а то і ўзбагаціць іншых. Навідавоку сутыкненьне інтарэсаў, сутыкненьне спосабаў раскласьці цяжар крызісу на плечы адных ці іншых групаў насельніцтва. Адно са сьледзтваў гэтага — вядомая журналісцкая формула пра меры, якія неабходныя з эканамічнага пункту гледжаньня, але якія немагчыма рэалізаваць з палітычных меркаваньняў. Гэта азначае, што інтарэсы пэўных групаў насельніцтва меры закрануць настолькі моцна, што яны могуць кінуць ўладзе сілавы выклік. У рэшце рэшт любая, нават самая дыктатарская ўлада трымаецца на гатоўнасьці людзей ёй падпарадкоўвацца. А калі гэтая гатоўнасьць зьнікае...

Зараз беларуская ўлада знаходзіцца пад ціскам як падобных перасьцярогаў, гэтак і ціску лабістаў групавых інтарэсаў. З-пад маналіту беларускай улады чутныя сыгналы жорсткай барацьбы — кланы, фінансава-ўладныя групы прыйшлі ў рух і вядуць барацьбу за свае інтарэсы. І гэта ня сотні ці нават тысячы апазыцыйных пратэстоўцаў на Плошчы, гэта рэальная эліта беларускага грамадзтва, якую не разгоніш АМАПам, не пасадзіш і нават не загадаеш заткнуцца са сваімі дурнымі парадамі. Можна пасадзіць некалькіх дырэктараў ці чыноўнікаў, нельга пасадзіць дырэктарскі і чынавенскі корпус як сацыяльную групу. І немагчыма забараніць ім адстойваць іх кроўныя інтарэсы. Калі яны пачынаюць гэта рабіць, гэта, уласна, і ёсьць палітыка.

Вызначэньне «кляны», «лабісцкія групы» не азначае, што пажаданьні гэтых утварэньняў абавязкова кепскія, эгаістычныя, што яны супярэчаць ўяўленьню пра агульнае дабро. Дырэктар прадпрыемства, якое працуе на Расею, патрабуючы дэвальвацыі, дбае ня толькі пра сваю кішэню, але і пра сваю справу, пра заробкі сваіх работнікаў, пра бюджэт краіны ў рэшце рэшт, які не напоўніш, калі гандаль спыняецца. Гэтак і людзі зь нізкімі даходамі, якія баяцца дэвальвацыі, найперш дбаюць пра свой дабрабыт. Хаця дабрабыт іх ўсіх і складае агульнае дабро. Аднак разам з дабрабытам і прыгаданага дырэктара, і ягоных работнікаў. Тут нават інтарэсы аднаго чалавека могуць супярэчыць адзін аднаму ў яго розных сацыяльных ролях. Расейская дэвальвацыя пры адсутнасьці беларускай агулам выгадная беларусам як спажыўцам, але нявыгадная як вытворцам. Абвешчанае сёньня рашэньне кіраўніка Беларусі, што дэвальвацыі ня будзе, грунтуецца не ў апошнюю чаргу на пэўных разьліках і чаканьнях: а калі «адскок у плюс», пра які казаў сёньня Пуцін, адбудзецца не праз два гады, а раней, калі цяперашні скок расейскага рубля — панічная адмашка ківача, і курс вернецца да больш разумнага значэньня, а калі ў рэшце рэшт расейская інфляцыя ў хуткім часе «дагоніць» дэвальвацыю? Ва ўсіх гэтых выпадках беларускі экспарт у Расею ўздыхне з палёгкай, дык чаго ж раней за час мітусіцца і рабіць неабарачальныя крокі? Дэвальвацыю назад не павернеш.

Але апроч гэтых разьлікаў, ёсьць і выкананьне «сацыяльнай замовы», ўвасабленьне інтарэсаў пэўных колаў, слаёў беларускага грамадзтва. Людзям зь нізкімі даходамі, супрацоўнікам прадпрыемстваў, якія працуюць на ўнутраны рынак, будзе ад дэвальвацыі кепска і толькі кепска. Лукашэнка выбірае іх, іх інтарэсы.

Гэтак і экспэрты, якія ледзь не ў адзін голас кажуць пра неабходнасьць і непазьбежнасьць дэвальвацыі, можа нават і неўсьвядомлена для сябе, адстойваюць інтарэсы іншых групаў — бізнэсу, экспартаарыентаваных прадпрыемстваў.

Як яно правільна, хто для Беларусі больш карысны, чые інтарэсы важнейшыя? Залежыць ад ідэалягічнай пазыцыі, занятай ад пачатку. Гэта не вырашаецца ў межах навукі, гэта вырашаецца ў працэсе палітычнай барацьбы, у беларускім выпадку — пад коўдрай, якую мы зараз і назіраем. Іншая справа, што разьлік (як аднаго, гэтак і другога боку) можа быць проста няслушным. Як быў няслушным разьлік уладаў у 2011 годзе, калі нежаданьне дэвальваваць беларускі рубель, прадыктаванае прынамсі падобнымі ж палітычнымі разьлікамі, нарэшце зрабіла шкоду нават тым групам насельніцтва, якія імкнуліся такім чынам абараніць. Дэвальвацыю ў верасьні давялося рабіць у горшых умовах, чым калі б яна была праведзеная ў сакавіку-красавіку. Але і тады гэта была ня толькі эканамічная навуковая калькуляцыя, гэта быў вынік сутыкненьня інтарэсаў тых, хто выйграваў, і тых, хто прайграваў ад дэвальвацыі, вынік «бойкі бульдогаў пад коўдрай», якая была выражэньнем гэтага сутыкненьня. Дарэчы, тагачасны напад Лукашэнкі на «радыкальных рыначнікаў» Мясьніковіча і Румаса быў адгалоскам гэтай «бойкі». Мясьніковіч, як бачым, дагэтуль застаўся на сваёй пасадзе, Румас, пасьля непрацяглай «ссылкі», ізноў на высокай урадавай пасадзе. Выразьнікаў інтарэсаў, якія яны адстойваюць, не разгоніш АМАПам, як і было сказана.

З гэтага пункту гледжаньня можна меркаваць, што абвешчанае сёньня рашэньне Лукашэнкі — неабавязкова апошняе. І зьмяніцца яно можа ня толькі таму, што «эканоміка запатрабуе». Яна сама па сабе нічога не патрабуе. А вось эканамічныя інтарэсы пэўных групаў — патрабуюць і, часам, настолькі пераканаўча, што да іх вымушаныя прыслухоўвацца нават ўладары, якія здаюцца ўсеўладнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG