Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Герасіменя перамагла на адкрытым чэмпіянаце Гішпаніі


Аляксандра Герасімен

Аляксандра Герасімен

Беларуская спартоўка Аляксандра Герасіменя сёньня зноў стала чэмпіёнкай. Гэтым разам «залатая рыбка» з Менску перамагла на адкрытым чэмпіянаце Гішпаніі (адкрыты — азначае, што да спаборніцтваў дапускаюць спартоўцаў ня толькі Гішпаніі але і іншых краінаў сьвету). Аляксандра ў басэйне гораду Малага хутчэй за ўсіх праплыла 50 мэтраў вольным стылем. Герасіменя здолела «выплыць» з 25 сэкундаў — 24,98.

Аляксандра Герасіменя добра вядомая як прыхільніца беларускай мовы. Напрыклад, яна ўдзельнічала ў першым нацыянальным спартовым фэстывалі «Мова Cup». Ідэя гэтага фэстывалю належыць зорным беларускім атлетам з дабрачыннага праекту «Мары збываюцца». Тады ў інтэрвію Аляксандра падкрэсьліла:

«Адкуль узялася ідэя арганізацыі такога мерапрыемства і чаму яно называецца „Мова Cup“? Адкажу. Мова — гэта тое, што было з намі яшчэ раней — ад часоў магнатаў Радзівілаў да паўстанца Кастуся Каліноўскага, на вуліцы якога, дарэчы, наш фэстываль і будзе праходзіць. А „Cup“ — гэта тое, што чакае нас у будучыні. Усё ж сьвет глябалізуецца, аб’ядноўваецца, мы павінны быць гатовыя да таго, што будзе наперадзе. Сутнасьць у тым, што ў эпоху глябалізацыі мы павінны чымсьці адрозьнівацца ад іншых і, як я лічу, у першую чаргу нас мусіць адрозьніваць менавіта наша мова. Мне цяжка сказаць, чаму беларусы саромеюцца размаўляць на роднай мове, але такое адчуваньне, што зараз паступова прачынаецца наша нацыянальная сьвядомасьць, усё больш людзей спрабуе і хоча размаўляць па-беларуску».

XS
SM
MD
LG