Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сэктанты дэпартаваныя з Расеі


Грамадзяне Беларусі, якія чакалі канца сьвету ў малельным доме ў Пензенскай вобласьці Расеі, дэпартаваныя на радзіму. На гэты момант жыхары Жабінкаўскага раёну (Берасьцейшчына) Вольга Дзенісовіч, Валянціна Панядзельнік і трое дзяцей вяртаюцца дахаты на цягніку зь Менску.

Як высьвятляецца, дэпартаваных з Расеі беларусаў суправаджаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Дубовік. У інтэрвію “Свабодзе” ён паведаміў, што сёньня раніцай выехаў з сяла Нікольскае Пензенскай вобласьці разам з беларускімі сэктантамі.

“Раённыя ўлады горада Бекава прапанавалі нам пасажырскі аўтамабіль “Газэль” і ахову. Мы такім чынам дабраліся да Менска. Я застаюся тут, а двое сэктантак і іх дзеці адпраўленыя цягніком у Берасьце”.

Са словаў суразмоўцы, расходы на дарогу аплаціла Беларусь.

Раней Радыё Свабода паведамляла, што жыхаркі Берасьцейшчыны Вольга Дзянісовіч, Валянціна Панядзельнік разам з трыма дзецьмі спазьніліся патрапіць у пячору ля вёскі Нікольскае, дзе чакаюць канца сьвету каля 30 сэктантаў. Запозьненыя пустэльнікі зачыніліся ў адным з так званых сьвятых дамоў прапаведніка Пятра Кузьняцова. Пэўны час ім нават удавалася не ўпускаць у гэты дом міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады.
XS
SM
MD
LG