Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэнзе хаваюца ад "канца сьвету"


Уладзімер Глод, Менск Сярод сэктантаў, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў добраахвотным зьняволеньні ў зямлянцы на тэрыторыі Пензенскай вобласьці Расеі - каля дзесяці жыхароў Беларусі. Што іх магло прывесьці сюды? Чаму менавіта беларусы добраахвотна зьняволіліся? Гутарка за Алесем Анціпенкам

Карэспандэнт: "Спадар Алесь, беларусы, якія патрапілі ў пастку сэктантаў, паходзяць з Берасьцейшчыны. Ці гэта выпадкова, на вашую думку?"

Анціпенка: "Поўдзень нашай краіны, а менавіта, рэгіён Палесься вызначаецца ростам розных пратэстанцкіх цэркваў і іх прыхільнікаў. Гэта такі памежны рэгіён, дзе беларуская ідэнтычнасьць заўсёды была дастаткова размытай. Ну, скажам, рэгіён Паўдзённага Берасьця, дзе існуе размытая беларуска-украінская мэнтальнасьць. У такіх рэгіёнах, дзе адсутнічае вельмі ясная сыстэма каардынатаў самавызначэньня, мажлівы розныя навацыі. У тым ліку, і рэлігійныя.

Гэта, як мне падаецца, агульная прычына. А яшчэ трэба глянуць на гісторыю розных царкоўных уплываў, якія мелі месца ў гэтым рэгіёне. І мажліва частка адказу будзе ляжаць і там”.

Карэспандэнт: “А чаму пустэльнікі не маглі задаволіць сябе дзяржаўнай ідэалёгіяй?”

Анціпенка: "Паміж дзяржаўнай ідэалёгіяй і рэлігійнай верай – папросту прорва. Любая дзяржаўная ідэалёгія ў якасьці моцных аргумэнтаў на карысьць веры ў яе заўсёды выкарыстоўвае страх і рэпрэсіі. І ў гэтым ёсьць найвялікшае адрозьненьне ад рэлігійнай веры, дзе чалавек мусіць быць свабодным. І дзе ён ёсьць папросту ўнікальная адзінка, унікальнае стварэньне Божае.

Ня можа рэлігійнага чалавека хоць якім спосабам задаволіць дзяржаўная ідэалёгія. Нават звычайная палітычная ідэалёгія”.

Карэспандэнт: "Спадар Анціпенка, у некаторых камэнтарах сьцьвярджаецца, што беларускія сэктанты апынуліся ў Пензенскай вобласьці найперш з-за падабенства мэнталітэту. Я ведаю, што вы дасьледуеце прыроду беларускага мэнталітэту. Ён, сапраўды, падобны на расейскі?"

“Расейцы і беларусы – гэта “браты-ворагі”. І гэта мы бачым сёньня на прыкладах газавых, нафтавых ды іншых канфліктаў. Гэта праяўляецца на такім, так бы мовіць, павярхоўным узроўні.

А глыбока мы – абсалютна розныя народы. І паводле мэнтальнасьці, і паводле гісторыі, і паводле культуры, нейкіх звычак жыцьця і г.д.”.

А вось меркаваньне настаяцеля прыходу Храма Сабора беларускіх сьвятых Аляксандра Верамейчыка:

“Расейцы ўсё ж адрозьніваюцца ад нас – і мэнталітэтам, і думкамі. Трэба глядзець на рэлігійныя справы.

Ёсьць такі курс у праваслаўі, які распаўсюджваецца манахамі. Ён вельмі жорсткі. Гэта і пра Антыхрыста, які павінны прыйсьці ў свой час. І таму шмат людзей хочуць неяк уратавацца. А як уратавацца? Вельмі цяжка спаўняць запаветы Бога. Лягчэй за ўсё схавацца, залезьці дзесьці пад глебу. Можа, яшчэ неяк выратоўвацца”.

• Расея: сэктанты зь Беларусі застаюцца ў падзем’і , 19.11.2007.
XS
SM
MD
LG