Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: сэктанты зь Беларусі застаюцца ў падзем’і


Вячаслаў Кулік, Менск Некалькі сэктантаў з Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Берасьцейшчыны застаюцца ў добраахвотным зьняволеньні ў пячоры ў Расеі, на тэрыторыі Пензенскай вобласьці. У пракуратуры Бекаўскага раёну “Свабодзе” паведамілі, што пад зямлёю 32 чалавекі, сярод іх чатыры дзіцяці. На просьбы адпусьціць хаця б дзяцей пустэльнікі не пагаджаюцца.

У адміністрацыі Бекаўскага раёну Пензенскай вобласьці сёньня паведамілі, што паводле факту прымусовага ўтрыманьня дзяцей у пячоры завялі крымінальную справу.

У прыватнасьці, праваахоўныя службы Расеі цікавіць: чаму і як беларусы апынуліся далёка ад Беларусі без дакумэнтаў?

“Ніхто ў іх нідзе не правяраў дакумэнтаў”

Сярод пустэльнікаў знаходзіцца сям’я Вабішчэвічаў з Кобрынскага раёну: Іна, Аляксандар і іхныя дочкі — сяміклясьніца Валя і Лена, якой усяго год і чатыры месяцы.

Цяпер высьвятляецца, што сям’я зьехала, ня маючы ніякіх дакумэнтаў. Тлумачыць сакратарка мясцовага сельсавету Ірына:

“Іна прынесла дакумэнты і іх кінула — у тым ліку пасьведчаньне аб нараджэньні. Яны ў нас так і ляжаць. А пашпарты вярнула ў пашпартны стол. Мы тут зьдзіўляемся — як яны выехалі? Ніхто ў іх нідзе не правяраў дакумэнтаў. Яны зьехалі бязь іх”.

“Гэта ж зіма, а там такое маленькае дзіцятка...”

Пра ўцёкі ў Расею сваіх дзяцей з унукамі заяўляла ў Кобрынскі райаддзел унутраных справаў Ганна Вабішчэвіч:

“Мы пайшлі ў міліцыю, напісалі заяву, што яны прапалі бязь вестак. Спадзяваліся на тое, што адшукаюць, дык паедзем іх забяром. Гэта ж зіма, а там такое маленькае дзіцятка...”

Бабуля Ганна даглядае цяпер двух старэйшых унучак, якія засталіся без бацькоў-уцекачоў:

“Гэтым дзецям, я ж ведаю, добра. Я ім і напяку, і навару. Я іх і дагледжу. Няхай мне ўжо шэсьцьдзесят гадоў, але ж у мяне восем сваіх дзяцей было. Хіба ж не дагледзела б тое дзіця? Было б як золата. А што яно там — нейкія вітаміны мае? Ну чым можна ў тым падзямельлі дзіця карміць!?”

У Кобрынскім райвыканкаме і мясцовым райаддзеле ўнутраных справаў адмаўляюцца казаць, чаму яны не арганізавалі своечасовага пошуку землякоў пасьля скаргі родзічаў.

“Дзяржаўная ідэалёгія ня можа задаволіць людзей”, 15.11.2007 Беларуская сям’я ратуецца ад канца сьвету пад зямлёй у Расеі, 15.11.2007
XS
SM
MD
LG