Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэктанты акупавалі катакомбы Емяльяна Пугачова


Ігар Карней, Менск Каля 30 вернікаў з Расеі і Беларусі чакаюць “канца сьвету” у катакомбах блізу Пензы. Добраахвотнае зьняволеньне працягнецца найменей да траўня 2008 году, калі, як мяркуюць пасьлядоўнікі сэкты “Горны Іерусалім”, маецца здарыцца Апакаліпсіс. Спробы выцягнуць вернікаў з пячоры плёну не далі – у выпадку штурму тыя абяцаюць узарваць сябе газавымі балёнамі. Ці маюць права на радыкальнае веравызнаньне людзі, якія прыйшлі да гэтага самі?

Міністэрства ўнутраны спраў Беларусі атрымала пацьверджаньне з Расеі, што ў катакомбах вёскі Паганаўка Пензенскай вобласьці ад канца сьвету хаваюцца 10 беларусаў (8 чалавек з Берасьцейскай вобласьці і 2 – з Магілёўскай). Многія зь іх дагэтуль лічыліся ў вышуку як “зьніклыя”. Практычна ўсе яны мелі сустрэчу з ідэйным лідэрам арганізацыі Пятром Кузьняцовым, які, як пасьля аказалася, езьдзіў на машыне па беларускіх вёсках і агітаваў ад імя аб’яднаньня “Горны Ерусалім”.

У часе сваіх прыездаў Кузьняцоў запрашаў вернікаў наведаць Расею. Летам гэтага году ідэя Апакаліпсісу ад Кузьняцова пачала рэалізоўвацца. Сваякі толькі цяпер ўзгадваюць, што зьніклыя аднавяскоўцы паўгода таму цалкам перайшлі на расьліннае харчаваньне: елі буракі, моркву, яблыкі, – тое, што можна захоўваць ў ізаляваным месцы. Потым адмовіліся ад пашпартоў, пасьведчаньняў аб нараджэньні, дакумэнтаў, якія перапоўненыя “лічбавымі кодамі”, пэўная камбінацыя якіх прадказвала хуткі канец сьвету. Паказальна, што пра ўсё гэта ведалі прынамсі кобрынскія ўлады.

У жыхаркі Кобрынскага раёну Галіны Вабішчэвіч пад Пензай дачка з мужам. Сьледам за прапаведнікам Кузьняцовым яны кінулі на бабулю двух старэйшых дзяцей, а яшчэ двух малых (адной дзяўчынцы няма і паўтара году) зьвезьлі з сабой у Расею. Спадарыня Галіна нядаўна вярнулася з Паганаўкі, дзе намагалася вызваліць з добраахвотнага палону хоць бы ўнучак. Аднак ахова Кузьняцова не дапускае да вернікаў нікога пабочнага. Апроч таго, яшчэ некалькі беларусаў хаваюцца ў доме самога “прарока”:

“Мы адно ведам, што сядзяць яны на глыбіні 12 мэтраў. Гэта катакомбы яшчэ ад таго часу, як там Емяльян Пугачоў хаваўся, калі забіць яго хацелі. Толькі мо што ўнутры яны расчысьцілі, бо калі ля зямлянкі стаяць, то там чыста, нідзе нічога няма, усё, як кажуць, чыста-гладка. Я ў адной жанчыны там начавала, дык яна апавяла: цюфякі туды вазілі, але як яшчэ грэюцца – хто іх ведае. А яшчэ ў іх, як яна казала, там 500 кіляграмаў мёду, закатвалі ўсё лета. Частку з сабой узялі, а частку пакінулі ў гэтай хаце”.

Карэспандэнт: “А ад хаты да самога падзем’я далёка?”

“Ды не, недалёка. Можа 150-200 мэтраў, больш ня будзе. Зусім побач”.

Карэспандэнт: “Прынамсі, калі скончацца прадукты, давядзецца камусьці ісьці да той хаты?”

“Хто яго ведае. Тут ужо на аднаго Бога надзея. Але што робяць тыя ўлады? Ня можа быць, што няма спосабаў, каб нельга туды было патрапіць і не пабачыць, як яны там жывуць. Я ў гэтым сумняюся. Таму што цяпер навука такая разьвітая і ня веру, што яны ня бачаць – што тыя ўнутры робяць”.

Праваслаўныя ці “рэлігійныя маргіналы”

Практычна ўсе добраахвотна зьняволеныя наведвалі праваслаўную царкву. Айцец Аляксандар Шрамко перакананы: многія дагэтуль лічаць сябе праваслаўнымі, хоць сам ён такіх людзей лічыць “рэлігійнымі маргіналамі”:

“У сваіх каранях з праваслаўем гэта мае нейкі агульныя вытокі. Таму што гэта людзі сапраўды праваслаўныя. Але і ў праваслаўнай царкве ёсьць розныя людзі, розныя групоўкі. У тым ліку ёсьць маргінальныя, нават радыкальныя – яны пераважна апакаліптычна настроеныя. Для прыкладу, нават у расейскай праваслаўнай царкве ёсьць япіскап Чукоцкі Дыямід, які падтрымлівае такіх людзей. Яны вельмі насьцярожана ставяцца да ўсялякіх экумэнічых зьяваў, да ІНН, да штрых-кодаў. Ва ўсім яны бачаць прыкметы таго, што хутка будзе канец сьвету.

Такога настрою людзі якраз і сабраліся ў Пензе. Канечне, яны перайшлі нейкую мяжу, калі іх цяжка і назваць у поўным сэнсе праваслаўнымі, але яны сябе ідэнтыфікуюць з праваслаўем. А тое, што гэтага Кузьняцова называюць айцом, хоць ён ня ёсьць сьвятаром, то гэта ўжо на самым краі праваслаўя. Гэта маргінальная групоўка, якая нейкім чынам яшчэ лічыць сябе праваслаўнай. Таму праваслаўная царква бачыць сябе адказнай за гэтых людзей. Таму што яны, у прынцыпе, праваслаўныя”.

Як распавядае сьвятар, у Беларусі існуюць “сэктанцкія групы”, але маюць яны неарганізаваны характар – адрозна ад Украіны ды Расеі, дзе спробы схавацца ад канца сьвету здараюцца рэгулярна. Адносна шматлікая, па словах сьвятара, група вернікаў, якія рэгулярна езьдзяць “на пакаяньне” у Падмаскоўе да помніка Мікалаю ІІ. Ідэя ў тым, што народам, якія колісь жылі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, трэба пакаяцца за продкаў, якія адракліся ад цара. Калі гэтага не зрабіць, канец сьвету прыйдзе на асобна ўзятыя тэрыторыі. На мяжы тысячагодзьдзяў на плошчы Бангалор у Менску адбываліся так званыя “мітынгі стаяньня”: радыкальныя вернікі патрабавалі скасаваньня ідэнтыфікацыйных нумараў у пашпартах і адмены штрых-кодаў.

Будаўнік Кузьняцоў лёгка пераабсталяваў пячоры пад схованку

Як кажуць ў Дзяржаўным камітэце ў справах рэлігій, шырокага распаўсюджаньня такія формы вераваньня не атрымалі, таму напаўлегальныя форумы ладзяцца ў Расеі ды Ўкраіне. Як перакананы начальнік апарату Ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандар Калінаў, пензенскі прэцэдэнт Беларусі не пагражае:

“У нас у Беларусі? Не! У нас няма такіх “агалцелых” ні сьвятароў, ні грамадзянаў. Так, сама зьява ёсьць, ёсьць некаторыя рухі, ёсьць некаторыя звароты ў гэтым пытаньні. Але ўсё гэта сюды прынесена з Расеі, з Украіны, дзе такі рух пачынаўся. Натуральна, што нашым грамадзянам мы гэта ўсё тлумачым, у тым ліку і сутнасьць нумароў у пашпартах, іншых дакумэнтах.

Але сам рух прыйшоў з-за мяжы, таму людзі едуць туды ў паломніцтва, сустракаюцца зь некаторымі сьвятарамі, пазыцыя якіх пераважна не супадае з афіцыйнай пазыцыяй, як у выпадку з гэтым расейскім грамадзянінам. Таму дзеяньні сьвятара, які там усё гэта арганізаваў, мусіць быць ацэненыя перадусім з пазыцыі расейскага заканадаўства. І калі ён стварае пагрозы для жыцьця, няхай яго прыцягваюць да адказнасьці; прымаюць захады з тым, каб людзей адвесьці ад гэтай бяды, якая ўрэшце можа здарыцца”.

Лідэра пензенскіх сэктантаў Пятра Кузьняцова затрымалі і накіравалі на прымусовую псыхіятрычную экспэртызу. На папярэднім допыце высьветлілася, што ён выпускнік Берасьцейскага інжынэрна-будаўнічага інстытуту. Будаўнік паводле адукацыі, Кузьняцоў без праблемаў пераабсталяваў “пугачоўскія пячоры” у месца чаканьня канца сьвету.

• Хто дапаможа дзецям, якіх кінулі ў Беларусі сэктанты?, 30.11.2007 • У Пензенскай вобласьці выявілі новых сэктантаў зь Беларусі , 11.08.2007 • Расея: сэктанты зь Беларусі застаюцца ў падзем’і , 19.08.2007 • Беларуская сям''я ратуецца ад канца сьвету пад зямлёй у Расеі, 15.08.2007
XS
SM
MD
LG