Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі гатовы хоць на якую працу — з заробкам тры мільёны...»


На гарадзенскім рынку «Цэнтральны». Падобная сытуацыя і на іншых рынках вобласьці

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны». Падобная сытуацыя і на іншых рынках вобласьці

У раённых гарадах на Гарадзеншчыне прадпрымальнікі, якія гандлявалі прадукцыяй лёгкай прамысловасьці, не працуюць ужо другі месяц. Некаторыя пачалі шукаць працу, некаторыя ўпэўненыя, што ўлады павінны зьмяніць сваё рашэньне.

У Слоніме прадпрымальнікі, якія ня могуць працаваць на рынках у сувязі зь дзеяньнем указу № 222, амаль штотыдня зьбіраюцца на сходы, абмяркоўваюць сытуацыю, езьдзілі на форум прадпрымальнікаў у Менск. І калі ў сталіцы адбудзецца мітынг, то, кажуць яны, абавязкова іхнія дэлегаты там будуць.

Спадар Аляксандар са Слоніма кажа, што займаецца прадпрымальніцтвам каля 20 гадоў і цяпер папросту ня ведае, як зьмяніць сваё жыцьцё.

— Улады абавязаныя нас пачуць, мы ж усе страцілі працу. Ужо цяпер жыць няма за што. Нехта ж павінен пра гэта падумаць. Яны кажуць, каб мы гандлявалі беларускім таварам. А самі чыноўнікі ў цэнтры гораду здалі будынак універмагу фірме «Мегатоп», там прадаюць толькі кітайскі абутак і нічога беларускага. А нам тут дзявацца няма дзе, працы няма, выштурхоўваюць нас, каб выяжджалі на заробкі за мяжу. Мы са Слоніма паедзем у Менск на мітынг, хочам, каб нас пачулі«.

Ваўкавыскі прадпрымальнік спадар Лявон распавядае, што на іхнім рынку амаль нікога няма, прадпрымальнікі нібы пахаваліся. Пакупнікі, паводле яго, на рынак таксама ня ходзяць — ня толькі таму, што няма чаго купляць, але няма і за што купляць. Людзі, паводле яго, задаволеныя, калі ёсьць хоць якая праца з заробкам тры мільёны, бо ў Ваўкавыску працуюць толькі малочны завод і мясакамбінат, а ўсіх ахвотных туды на працу ўзяць ня могуць.

— Некалькі гадоў таму казалі, што ў нас крызіс, але я яго не адчуваў. А вось цяпер сапраўды крызіс: ні прадаўцоў, ні пакупнікоў — хоць шаром пакаці. Сядзім, курым, чакаем, а што будзе... Нікому не вядома.

У Ашмянах спадарыня Сьвятлана гандлявала на мясцовым рынку, а цяпер больш за месяц працы няма. Яна нават баіцца казаць пра гэта, бо невядома, якія будуць наступствы.

— У Менск мы ніхто ня езьдзілі, але за тым, што адбываецца, увесь час сочым у інтэрнэце, чакаем — а можа нешта зьменіцца. У нас гарадок маленькі, працы няма, нават у навакольных калгасах скарачэньні былі, і там не ўладкавацца. Некаторыя мужчыны паехалі працаваць у Літву, але і там ня ўсе працу знаходзяць. Мы ўсё ж маем надзею, што ўлады бачаць, што зь людзьмі адбываецца. Няўжо ніхто ня выправіць сытуацыю?..

Цэнтральны рынак у Горадні

Цэнтральны рынак у Горадні

У Іўі спадарыня Аліна кажа, што прадпрымальнікаў, якія падпадаюць пад указ № 222, у іх ня так і шмат, але што ім рабіць, пакуль ніхто ня ведае.

— Мы чакаем пакуль. Цяжка, канечне, бяз працы выжываць, нават мовы няма. А што там будзе далей — невядома. Можа, давядзецца гадаваць сьвіней і так жыць...

Лідзкія прадпрымальнікі з усіх апытаных абураныя найбольш. Кажуць, што на рынках не працуе да 90% гандляроў, якія займаліся продажам тавараў лёгкай прамысловасьці. Спадар Алег перакананы, што ўлады павінны прыняць нейкае рашэньне на карысьць прадпрымальнікаў:

— Мы тут ужо ня ведаем, што рабіць. І на форум езьдзілі, і інтэрнэт кожны дзень глядзім, ходзім адзін з адным гаворым, але нічога, бачым, не зьмяняецца. Усе чакаюць пераменаў, бо жыць стала вельмі складана. Няма за што дзяцей у школу адпраўляць, праядаем тое, што было ў запасе на чорны дзень. А на працу ў Лідзе няма куды ісьці, нідзе ня плацяць. І што далей будзе? Улады павінны да нас прыслухацца, інакш папросту ня можа быць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG