Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенскія прадпрымальнікі: «Грошы сканчаюцца, працаваць нельга, вяртаецца „спэкуляцыя“...» 


Гарадзенскі рынак «Цэнтральны»

Гарадзенскі рынак «Цэнтральны»

Ужо другі месяц на рынках Горадні працуюць толькі адзінкі прадпрымальнікаў. Цэлыя гандлёвыя рады пустуюць. Працаваць далей, выконваючы патрабаваньні ўказу № 222, немагчыма.

Размаўляю на рынку «Цэнтральны» са спадаром, які прадае мужчынскую адзежу. Суразмоўца скардзіцца, што няма ніякага гандлю.

— У будзённы дзень наагул амаль ніхто не прыходзіць, прастаіш дзень і нічога не прадасі. А за арэнду трэба плаціць, падаткі трэба плаціць. Даходзіць да таго, што няма за што жыць...

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

На рынак амаль штодня прыходзяць прадпрымальнікі, якія не працуюць. Адзін зь іх кажа, што па звычцы цягне на працу, дома ня ўседзець, таму ногі і вядуць на рынак. Учора ён быў на сустрэчы прадпрымальнікаў з старшынём гарвыканкаму і мясцовымі чыноўнікамі.

— Такое адчуваньне, што на абмеркаваньне ўказу № 222 накладзена нейкае табу, бо чыноўнікі ня хочуць ня толькі пра гэта гаварыць, а нават перадаваць нашы прапановы наверх. Сытуацыю нашу яны разумеюць, але самі ніякіх рашэньняў прыняць ня могуць. Мы ім прапаноўваем, што няхай указ № 222 існуе для тых, хто можа прадставіць адпаведныя дакумэнты, а для астатніх трэба прыдумаць іншую схему працы. Але і гэта застаецца толькі размовай, а ніякіх канкрэтных адказаў на гэты конт мы не атрымалі, хоць схема для працы цалкам рэальная.

А вось яшчэ жанчына, якая таксама была на сустрэчы з старшынём гарвыканкаму:

— Людзі вельмі шмат і шчыра казалі пра свае праблемы, пра тое, што запасы ўжо сканчаюцца і няма за што жыць, працы знайсьці таксама немагчыма, становішча безвыходнае, і ўлады павінны на гэта паўплываць. Але ж нам у адказ толькі ківаюць галовамі... Не магу зразумець — каму выгадна, што ў дзяржаўны бюджэт не ідуць падаткі і тысячы людзей страцілі працу і ня маюць даходаў...

Ейныя словы камэнтуе іншая прадпрымальніца, ужо пэнсійнага веку:

— Але як гэта так? Яны ж улада. Няхай мы іх не абіралі, але ўсё роўна чымсьці павінны яны тут займацца, нашы праблемы павінны вырашаць. Чаму яны нічога ня робяць?..

Яшчэ адзін прадпрымальнік, які, у адрозьненьне ад большасьці калегаў, працуе, кажа: час ад часу на рынак прыходзяць тыя, хто ня можа працаваць паводле ўказу № 222, каб прадаць хоць нешта.

— Ну вось жанчына распавядала, што ўжо ня мае за што дзяцей у школу выпраўляць. Накідвала зьверху куртку і хадзіла па рынку, прапаноўвала, каб каму прадаць. А так, канечне, баяцца выходзіць з таварам, бо штрафы сягаюць да 200 базавых, дый правяраючыя органы тут час ад часу шныпараць.

Яшчэ адна жанчына дзівіцца, што дзяржава канфіскаваны ў прадпрымальнікаў тавар прадае без аніякіх належных дакумэнтаў у крамах канфіскату.

— Нам жа кажуць, што нельга гандляваць таварам без сэртыфікатаў, бо гэта можа паўплываць нават на здароўе людзей. А сама дзяржава гэты ж тавар прадае ў крамах канфіскату, і нічога на людзей і на іх здароўе, выходзіць, не ўплывае. Вось дзе абсурд... А цяпер яшчэ з нас будуць рабіць «спэкулянтаў». Ізноў вяртаемся ў савецкія часы...

Цікаўлюся ў гандляроў — ці паедуць яны на заплянаваны прафсаюзамі прадпрымальнікаў мітынг у Менску? Але тэма энтузіязму не выклікае. Адзін з спадароў неахвотна кажа:

— А што той мітынг дасьць на плошчы Бангалор? Туды ж ніхто ня ходзіць. Па тэлебачаньні яго таксама ніхто не пакажа. Якая карысьць ад такіх мітынгаў?

Стаю ў крытай залі побач зь мяснымі радамі і назіраю ўжо знаёмую карціну: кабета падыходзіць да прадавачкі, прапаноўвае купіць абутак і паказвае яго з прыадкрытай сумкі. Нібы за савецкім часам, калі за «спэкуляцыю» быў артыкул у Крымінальным кодэксе.

XS
SM
MD
LG